Інфаграфіка Spiegel.de.

Як ацаніць сілу супраціву ўкраінцаў? 

Украінцы маглі выбраць капітуляцыю, як чэхі ў 1938-м, але яны выбралі супраціў, як палякі і фіны ў 1939-м. У першыя два дні ўварвання мела месца ўпартае і някепска арганізаванае супраціўленне.

Ëсць кадры знішчанай расійскай тэхнікі, расійскіх палонных, нейтралізаваных ДРГ. У той жа час расійская армія татальна дамінуе ў паветры і мае гіганцкую перавагу ў тэхніцы. Расія і Беларусь — гэта 160 мільёнаў чалавек, а Украіна — 40.

Выглядае, што галоўныя ўдары расійскія войскі нанеслі з Беларусі, дзе ўкраінская армія была найменш падрыхтаваная для абароны. Расіяне прасунуліся на многіх кірунках.

Выглядае, што галоўная цэль наступу расіян, — Кіеў, як і папярэджвала амерыканская разведка перад вайной.

Як праявіў сябе прэзідэнт Зяленскі?

Ëн выбраў супраціўленне, а не капітуляцыю, і натхняе нацыю сваім прыкладам.

Чым скончыцца вайна?

Гэта адкрытае пытанне. Залежыць ад таго, наколькі паспяховыя для Расіі будуць ваенныя дзеянні.

Як будуць дзейнічаць расейцы на захопленых тэрыторыях?

Гэта можна пабачыць па тым, што адбывалася на захопленых імі тэрыторыях Данбаса, Прыднястроўя, Крыма і кантраляванай імі Беларусі.

Будзе адбывацца зачыстка ўсіх нязгодных з падпарадкаваннем Украіны Расіі і татальная русіфікацыя.

Які галоўны наратыў расійскай і беларускай прапаганды?

Наступныя фашысты будуць выдаваць сябе за антыфашыстаў, маем жывое пацвярджэнне гэтага афарызму Чэрчыля.

Масква абвінавачвае ўкраінскую дэмакратыю ў «нацызме». Да нацызму яны прыраўніваюць нежаданне падпарадкоўвацца Маскве.

Яны таксама гавораць пра «генацыд» у Данбасе, як раней — у Крыме. Канцлер Германіі назваў такія заявы «смешнымі». Хаця Данбас вось ужо 8 гадоў як падкантрольны Маскве, а колькасць ахвяр канфлікту і разбурэнні там у 2014—2015 гадах былі на парадак меншыя, чым пры падаўленні сепаратызму ў расійскай Чачні.

Расійская прапаганда стварае фэйкавую рэальнасць, у якой існуюць мільёны расіян.

Як ацаніць дзеянні Беларусі?

Беларусь прадаставіла Расіі сваю тэрыторыю для агрэсіі: як наземную, так і паветраную прастору.

Расійская тэхніка з пазнакамі V і O — як тая, што была загадзя размешчаная на тэрыторыі Беларусі пад прэтэкстам вучэнняў, так і тая, што прыбывае праз беларускія аэрадромы ў гэтыя дні — свабодна перасоўваецца ў кірунку ўкраінскай мяжы. Пры гэтым афіцыйна беларускі бок робіць выгляд, што нічога гэтага не адбываецца, што Беларусь такі голуб міру.

Пры гэтым пакуль няма фактаў, што беларускія часці бяруць непасрэдны ўдзел у агрэсіі.

Дзяржаўныя СМІ Беларусі асвятляюць падзеі з пазіцыі Расіі, падхапілі выдуманы Масквой наратыў пра «генацыд», а Аляксандр Лукашэнка дэманструе лаяльнасць Расіі.

Ці расійскія войскі ўзгадняюць свае дзеянні ў Беларусі з кіраўніцтвам РБ? Не ведаем, але адказ на гэтае пытанне не мае практычнага значэння.

Чаму Аляксандр Лукашэнка выбраў дэманстрацыю таго, што гэта, скажам так, «справядлівая вайна, але не наша вайна», дэманстрацыю таго, што беларуская армія не ўдзельнічае ў ёй? Як ацэніць гэты жэст Захад?

Пазіцыя беларускага рэжыму нагадвае пазіцыю сатэлітаў гітлераўскай Германіі падчас Другой сусветнай вайны.

Марыянетачныя рэжыму тыпу Венгрыі ці Славаччыны аналагічна да апошняга ўхіляліся ад прамога ўдзелу ў актах агрэсіі ці тэрору і стараліся захоўваць каналы камунікацыі з краінамі Захаду, але гэта было магчыма толькі да пэўнага моманту. Яны былі бяссільныя перад вайсковай сілай краіны-агрэсара. 

Захад можа распаўсюдзіць на Беларусь тыя самыя санкцыі, што і на Расію, а можа абмежавацца меншымі — рашэнне можа залежаць ад нюансаў.

Ці Масква здыме Аляксандра Лукашэнку ў адплату за тое, што беларускія войскі не ўзялі прамога ўдзелу ва ўварванні?

Такі варыянт нельга выключаць.

Маскве адназначна прыемна было б выдаць сваю «аперацыю» за «калектыўную», але гэтага не здарылася. Наўрад ці Масква такое даруе, нейкая форма помсты будзе.

Харкаўская вобласць. Падбітая бранемашына. Фота RFE / RL.

Ці пойдуць расійскія войскі далей за Украіну?

Гэта залежыць ад сілы супраціўлення ўкраінцаў, ад цвёрдасці Захаду, але перш за ўсё — ад наяўнасці ў Расіі патэнцыялу.

Масква хацела б выйсці на рубяжы былога СССР, але паспрабуе зрабіць гэта толькі ў тым выпадку, калі будзе ўпэўненая ў перамозе. Пакуль і па вайсковым патэнцыяле, і па эканоміцы Расія нашмат слабейшая за Захад. Украіна перад Расіяй з паветра безабаронная, вось у чым яе драма. Краіны ж НАТА маюць супрацьпаветраны шчыт і ядзерную зброю. Таму найхутчэй што Крэмль наступныя гады будзе заняты зачысткай захопленых частак Украіны, хоць канфрантацыя зайшла так далёка, што ўжо ніякай новай успышкі нельга выключаць.

Хоць Захад не адключае SWIFT — таму што тады застаўся б без расійскай нафты і газу, а гэта быў бы стрэл сабе ў нагу — Захад з усёй сур’ёзнасцю настроены процістаяць Расіі. 

Самыя слабыя месцы — гэта Малдова і Грузія. Грузія ўжо фактычна вывесіла белы сцяг, заявіўшы, што не будзе далучацца да заходніх санкцый супраць Расіі. Аднак не выключаны, што наступным аб'ектам для Расіі можа стаць Казахстан з яго гіганцкімі сыравіннымі рэсурсамі.

Дзеянні Расіі, у кожным разе, прывядуць да вялікай эканамічнай шкоды краінам Усходняй Еўропы. Грошы будуць сыходзіць з прыфрантавой зоны.

Захад, як і беларускія і ўкраінскія нацыі, не хацелі гэтай вайны, але вымушаныя прыняць выклік. Будзе доўгая і цяжкая барацьба, падобная да барацьбы з СССР падчас Халоднай вайны. Адрозненне сітуацыі ў тым, што Кітай у 1960—1980-я процістаяў СССР, тады як цяпер Кітай — саюзнік Расіі. Сама Расія пакуль валодае меншым патэнцыялам, чым СССР, але ёй мала засталося да яго аднаўлення.

У другой палове ХХ стагоддзя Свабодны свет не раз апынаўся ў сітуацыі нібыта слабейшага, але пасля дэманстраваў цуды прадукцыйнасці і крэатыўнасці — на якія дыктатуры няздольныя. Але трыумф дэмакратый над тыраніямі непрадвырашаны, ён залежыць ад здольнасці дэмакратый абараняць сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1