Начальнік штаба тэрытарыяльнай абароны Прыкарпацця Сяргей Сывачук (злева) і яго намеснік Аляксандр Данілюк.

«Наша Ніва»: Пытанне ў сувязі з тым, што агрэсія вядзецца ўключна і з беларускай тэрыторыі: ці ёсць разуменне ў вас і ў грамадстве, што беларускі народ і цяперашняя беларуская дзяржава — гэта не адно і тое ж?

Сяргей Сывачук: Абсалютна дакладна, ёсць поўнае разуменне, мы бачылі нядаўнія выступы беларусаў, якія змагаліся за сваю свабоду, шкада, што не ўдалося давесці гэта да канца, але мы мяркуем, што неўзабаве гэта справа ўсё ж будзе даведзеная да канца паспяхова для ўсіх беларусаў.

Да беларусаў у цэлым ва Украіне, і ў прыватнасці ў Івана-Франкоўску, стаўленне выключна пазітыўнае. Мы адрозніваем, што такое дзяржаўная прапаганда ў Беларусі і што такое рэальныя беларусы, іх рэальныя думкі і погляды. Мы знаёмыя не з адным дзясяткам беларусаў, гэта нашы пабрацімы, «сябры», як кажуць у вас, нашы добрыя суседзі, людзі, з якімі мы маем абсалютна аднолькавае мысленне.

Са многімі мы супрацоўнічаем шчыльна ў розных напрамках: выдатныя людзі, цудоўна сябе праяўляюць і ўсё, што іх аб’ядноўвае, гэта тое, што ў Беларусі Лукашэнка стварыў рэжым, які, па-сутнасці, не сумяшчальны з нармальным жыццём, таму мы разумеем, падтрымліваем і таксама разлічваем на разуменне і падтрымку ў той сітуацыі, у якой мы цяпер апынуліся.

Мы разумеем, што цяпер, калі з Беларусі прыходзяць расійскія войскі, прылятаюць ракеты, — гэта доўг, які плаціць Лукашэнка Пуціну за тое, што той уратаваў яго трон, дазволіў яму ўтрымацца ва ўладзе. Мы ў гэтым не вінавацім беларускі народ, бо мы бачылі: народ супраць рэжыму, людзі выходзілі на плошчы, супрацьстаялі. Калі б Расія, калі б Пуцін не адгукнуўся на заклік аб дапамозе Лукашэнкі, беларусы перамаглі б. Думаю, і ваша перамога не за гарамі, таму яднаемся, у нас агульная мэта — незалежнасць нашых дзяржаў. 

Тэрытарыяльная абарона Івана-Франкоўска прымае валанцёраў.

«НН»: Шмат нашых суайчыннікаў пасля жніўня 2020-га шукалі паратунак ад небяспекі жыццю і свабодзе ва Украіне. Якая сёння рэальная пагроза мірнаму насельніцтву, у тым ліку і беларусам, якія знаходзяцца тут?

СС: Я не магу сказаць, што нічога не пагражае, але тут абстаноўка значна лепшая, чым ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах. Не варта хвалявацца, але раю выконваць усе інструкцыі і парады мясцовай улады адносна каменданцкай гадзіны, асабістай бяспекі, па магчымасці далучацца да розных ініцыятыў па ўзмацненні абароназдольнасці горада.

«НН»: Распавядзіце пра тэрытарыяльную абарону. Што гэта за структура, наколькі яна адарваная непасрэдна ад ЗСУ?

Аляксандр Данілюк: Тэрытарыяльная абарона была створаная паўгода таму, яе мэта — узмацніць абароназдольнасць Украіны. Але фактычна фарміравалася яна ад 1 студзеня гэтага года, таму цалкам яе сфарміраваць у мірны час не ўдалося, яна даўкамплектоўваецца непасрэдна зараз. У гарадах, дзе ідуць баі, яна ўжо канчаткова створаная, людзі масава ў яе ідуць, у гарадах, такіх як Франкоўск, яна сёння фактычна завяршыла сваё фарміраванне, ужо ўзброена, у даволі баяздольным стане. Розніца між тэрабаронай і войскам у тым, што рэгулярная армія ваюе ў месцах прызначэння па ўсёй краіне, а тэрабарона створана для мясцовага прызначэння, мы не маем такога моцнага забеспячэння, як армейскія часткі: бронетэхнікі, іншых рэчаў.

Фактычна гэта дапамога арміі на месцах. Сёння гэта добрая магчымасць для людзей, якія не маюць дастатковай матывацыі ці навыкаў, каб ісці ў рэгулярныя часткі — яны ідуць да нас, каб бараніць свой дом тут.

«НН»: Тое, што зараз шмат зброі выдаецца простым людзям у рукі, — ці не стане гэта праблемай у будучыні, калі сітуацыя стабілізуецца?

АД: Глядзіце, мы ваюем супраць Расіі — найбольшай краіны свету. Сваёй невялікай дзяржавай. Зараз галоўная задача — адбіцца. Потым — гэта будзе потым, зараз мэта — выжыць.

«НН»: Які ваш прагноз развіцця падзей хаця б на бліжэйшыя дні?

СС: Зараз казаць пра карэнны пералом ці перавагу тых ці іншых сіл рана. Гэта прадыктавана некалькімі прычынамі. Па-першае, усё ж такі расійскія сілы не заходзяць пакуль на поўную моц, выкарыстоўваюць не ўвесь свой даступны рэсурс. Нейкія калоны, дэсанты, што высаджваюцца ў гатовыя да абароны гарады, дзе яны наўпрост робяцца гарматным мясам — гэта атрады самагубцаў, камікадзэ, якіх забіваюць па законах вайсковага часу.

Гэта больш падобна на выведку боем, хаця пры ёй расіяне нясуць вялікія страты і ў тэхніцы, і ў жывой сіле. Мабыць, крамлёўскія стратэгі не разлічвалі на такі моцны адпор. Яны надалей вераць, што тут іх чакаюць з хлебам-соллю — іх жа тут чакаюць з агнём і свінцом, у нас падрыхтаваныя ўжо і кактэйлі молатава і ўсё, што неабходна.

Скажу так: калі Пуцін думае, што ён нас ужо запужаў, каб патрабаваць чагосьці на перамовах, то наадварот — ён толькі згуртаваў і мабілізаваў украінскае грамадства.

Калі нехта і меў магчымыя сумневы, цяпер дакладна зразумелі: хто сябар Украіны, а хто вораг.

Вельмі дарэчна было сказана прэзідэнтам пра стварэнне антыпуцінскай кааліцыі (аналогія з антыгітлераўскай), я думаю, гісторыя мае ўласцівасць паўтарацца, і яна паўторыцца. Верагодна па выніку нам давядзецца не толькі абараняць тэрыторыю, але і пераходзіць у контрнаступ для вызвалення і Данбаса, і Крыма. Бліжэйшыя некалькі дзён, мяркую, будуць паказальнымі: мы выстаім, пройдзе першасная паніка. Мой аптымістычны прагноз, што хутка пачнём выціскаць ворага, зараз усё для гэтага робім. 

«НН»: На колькі адчуваецца мабілізацыя? Сёння тут вельмі шмат людзей, ці ёсць канкрэтныя лічбы?

СС: Насамрэч, немагчыма падлічыць зараз дакладна, але людзі ідуць, прапануюць дапамогу, запісваюцца. У гэтым працэсе, што называецца вайной, абыякавых не засталося. Праціўнікаў ўкраінскай дзяржавы — нават калі такія і ёсць тут, — то гэта лічаныя адзінкі, якія выраслі на прапагандзе і жывуць савецкімі міфамі. 

Аляксандр Данілюк дадае: Проста адзін прыклад. За два дні мабілізацыі, зараз трэці ідзе, 80-ю брыгаду, якая ў Львове знаходзіцца, ужо можна разгортваць у дывізію. Гэта і ёсць паказчык таго, як ідзе мабілізацыя.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру