Гэта Беларусь, дзе ўжо паўтара года людзі жывуць у стане жорсткай акупацыі.

Дзе на вуліцах па людзях стралялі і кідалі ў іх святлошумавыя гранаты.

Дзе калючы дрот і БТРы выстаўлялі супраць беларусаў.

Дзе Лукашэка са сваімі сілавікамі здрадзілі беларусам і збівалі, і забівалі іх.

Дзе людзі гінулі, а за кратамі жанчыны гублялі ненароджаных дзяцей.

Дзе больш за тысячу чалавек — палітвязні, і дзясяткі тысяч беларусаў прайшлі праз турмы.

Дзе ў палон дзясяткі і сотні людзей трапляюць нават не за свой сцяг, а за падпіску на канал у Тэлеграме, за лайк пад пастом, за аўтамабільны сігнал. Дзе з вуліцы ці роднага дома могуць забраць любога і ў любы час…

Спадар Зяленскі, Вы прачнуліся і не спіцё колькі дзен. І мы таксама не спім. Беларусы прачнуліся у 2020-м і начуюць з «трывожным чамаданчыкам» ужо 18 месяцаў запар.

Я не буду казаць пра тое, што нехта гандляваў з Лукашэнкам цягам апошніх гадоў. Не буду казаць пра тое, што хтосьці за гэты час так і не здолеў сустрэцца з тымі, хто кінуў выклік Лукашэнку. Не буду казаць пра тое, у якой краіне Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам. Як і пра санкцыі, якія ўвялі шматлікія краіны, а нехта іх не падтрымаў — пра гэта таксама не скажу. Не буду.

Не буду так казаць, бо ў нас адна вайна. І беларусы супраць гэтай вайны. І нават пад акупацыяй, пад пагрозай гвалту і страты родных — яны кажуць сваё слова. Яны супраць вайны, яны супраць Лукашэнкі, яны за мір і годнасць вольных народаў!

Паглядзіце сёння на беларусаў! На тых, хто цяпер фактычна ў канцлагеры выходзіць пратэставаць супраць вайны і акупацыйнай адміністрацыі! На тых, хто з розных краін збірае грошы для Украіны! На тых, хто побач з украінцамі стаіць у шэрагах тэрытарыяльнай абароны, здае кроў, набівае пяском мяхі!..

Беларусы спяць? Беларусы не вырашылі, з кім ім быць? Беларусы зрабілі свой выбар даўно! Але не ўсе захацелі яго ўбачыць, схаваўшыся за «глыбокай заклапочанасцю».

Каб у свой час сусветная супольнасць так стала побач з беларусамі, як сёння з украінцамі, то нішто не ляцела б з акупаванай тэрыторыі. Ды і акупацыі б не было.

Цяпер у Беларусі беларусы выказваюць сваё «Не — вайне!». У сітуацыі, падобнай на тую, што, напрыклад, у Данецку. Вы можаце ўявіць сабе сітуацыю, каб цяпер у Данецку пачаўся мітынг супраць уварвання Расіі ва Украіну? А ў Беларусі на выбарчых участках беларусы гукаюць «Не — вайне!».

«Беларусы спяць…», блін… Большасць не спіць, большасць — пад акупацыяй. Але ўсё роўна беларусы — поплеч з украінцамі!

Жыве Беларусь!

Слава Украіне!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру