Фота: depositphotos.com.

Фота: depositphotos.com.

Манголія, Крывы Рог і «Квартал 95»

Зяленскаму 44 гады, ён родам з горада Крывы Рог, паходзіць з украінска-яўрэйскай сям’і. Дзед Уладзіміра — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, на якой атрымаў два ордэны Чырвонай Зоркі (дарэчы, украінскі прэзідэнт згадваў яго ў адным са сваіх зваротаў). Бацькі Зяленскага — доктар тэхнічных навук і хатняя гаспадыня з інжынернай адукацыяй.

Цікавы факт з дзяцінства Уладзіміра: ён пражыў чатыры гады ў Манголіі, дзе бацька Зяленскага будаваў горна-абагачальны камбінат. Пазней сям’я вярнулася ва Украіну, дзе Валодзя працягнуў вучыцца, займаўся спортам і самадзейнасцю.

А ў 11 класе сабраў каманду выпускнікоў сваёй школы і сыграў з камандай настаўнікаў у КВЗ — выпускнікі выйгралі.

У дзяцінстве Зяленскі марыў стаць дыпламатам, але ў выніку пайшоў вывучаць правазнаўства. Але папрацаваць па спецыяльнасці яму не давялося. Падчас студэнтцва Уладзіміра запрасілі ў вядомую каманду КВЗ «Запарожжа — Крывы Рог — транзіт», дзе спачатку ён ставіў танцавальныя нумары, а потым і сам пачаў удзельнічаць у выступах.

Пасля сезона-1997 у КВЗ Зяленскі і тры іншыя акцёры — Дзяніс Манжосаў, Юрый Крапаў і Аляксандр Пікалаў — стварылі ўласную каманду «95-ы квартал». Зяленскі стаў у новым калектыве і капітанам, і акцёрам, і аўтарам большасці нумароў, з цягам часу пачаў пісаць сцэнарыі для карпаратыўных свят, перадач і канцэртаў.

У 2003 годзе «95-ы квартал» сышоў з КВЗ. У 2004-м каманда дэбютыравала з канцэртамі на ўкраінскім тэлеканале 1+1, а яшчэ праз год у комікаў з’явілася ўласнае шоў «Вячэрні квартал» на канале «Інтэр». Хутка былая каманда «95-ы квартал» ператварылася ў студыю «Квартал-95».

Фота: depositphotos.com.

Фота: depositphotos.com.

Зяленскі яшчэ і паспеў засвяціцца ў кіно — праўда, не ў самых рэйтынгавых фільмах. Адзначым трылогію «Каханне ў вялікім горадзе», а таксама стужкі «Ржэўскі супраць Напалеона» і «Службовы раман. Наш час».

Асобная гісторыя — серыял «Слуга народа», тры сезоны якога выходзілі на экраны з 2015 па 2019 гады. У гэтым серыяле Зяленскі граў Васіля Галабародзьку, разведзенага настаўніка гісторыі, які раптоўна робіцца прэзідэнтам Украіны. Гэтая роля аказалася для яго прарочай.

Палітычная пазіцыя і прэзідэнцтва

Зяленскі падтрымліваў Еўрамайдан і ўкраінскую армію на Данбасе, выступаў з канцэртамі перад украінскімі вайскоўцамі, ахвяраваў грошы на батальёны добраахвотнікаў.

У сваіх выступах высмейваў расіян, «ДНР» і «ЛНР». Масква адрэагавала: на расійскім тэлебачанні адмянілі трансляцыю «Вячэрняга квартала», а расійскі Следчы камітэт пачаў праверку па справе аб фінансаванні Зяленскім і іншымі ўкраінскімі акцёрамі дзеянняў украінскіх сілавікоў. Тым не менш, Уладзімір выступаў супраць забароны расійскім дзеячам культуры наведваць Украіну.

31 снежня 2018 года Зяленскі абвясціў, што збіраецца прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.

31 сакавіка 2019 года прайшоў іх першы тур, у якім Зяленскі набраў 30,24% галасоў — амаль у два разы больш, чым Пётр Парашэнка.

За два дні да другога тура на стадыёне «Алімпійскі» ў Кіеве адбыліся публічныя дэбаты паміж Зяленскім і Парашэнкам — сапраўднае палітычнае шоу з гімнам краіны, двума вядучымі, разагрэвам і вострымі пытаннямі. А праз два дні, 21 красавіка, Уладзімір Зяленскі выйграў прэзідэнцкія выбары з паказчыкам у 73,22% галасоў выбаршчыкаў.

Уладзімір Зяленскі на выбарчым участку 31 сакавіка 2019 года. Фота: depositphotos.com.

Уладзімір Зяленскі на выбарчым участку 31 сакавіка 2019 года. Фота: depositphotos.com.

Сваімі галоўнымі дасягненнямі на пасадзе прэзідэнта Зяленскі называў суб’ектнасць краіны, развіццё інфраструктуры і ўзмацненне арміі. Але ж хапала і крытыкі ў яго бок, не аднойчы Зяленскаму пагражалі імпічментам. У лютым 2021 года - за закрыццё апазіцыйных тэлеканалаў «112 Украина», ZIK і NewsOne, якія адкрыта крытыкавалі кіраўніка краіны і яго палітыку. У кастрычніку 2021 года зноў пачалі гаварыць пра магчымы імпічмент Зяленскаму, калі з'явіліся даныя, што ўкраінскі прэзідэнт перадаў частку сваіх акцый у афшорнай кампаніі блізкаму сябру, які працуе яго дарадцай.

Сярод іншых прычын для крытыкі Зяленскага, згадаем закон аб дэалігархізацыі краіны, згодна з якім планавалася стварыць рэестр украінскіх алігархаў. Тыя, хто павінен быў быць туды ўключаны, не мелі магчымасці фінансаваць палітычныя партыі, агітацыю і г.д., а таксама прымаць удзел у вялікай прыватызацыі. Палітыкі і чыноўнікі, якія нейкім чынам кантактавалі з алігархамі, павінны былі падаваць дэкларацыю пра гэта ў Службу бяспекі краіны. 

Закон меў для Украіны рэвалюцыйны характар, але ж занадта ўскладняў жыццё тым, хто і павінен быў увайсці ў спіс алігархаў. Самыя багатыя людзі краіны — Ігар Каламойскі, Рынат Ахметаў, Віктар Пінчук — раней сцвярджалі, што з'яўляюцца не алігархамі, а бізнэсменамі, інвестарамі ці проста тымі, хто ўзяў на сябе адказнасць.

Паводзіны падчас вайны

За перыяд са снежня 2021 года ўзровень падтрымкі Зяленскага вырас у тры разы — па даных на 26-27 лютага дзеянні свайго галоўнакамандуючага ўхваляе 91% украінцаў.

Замежныя медыя адзначаюць мужнасць і рашучасць украінскага лідара. Той не пагадзіўся на прапановы аб эвакуацыі, хаця, па яго словах, ён і з’яўляецца цэллю нумар адзін для расійскай арміі. Зяленскі запісвае відэазвароты, у тым ліку з вуліц Кіева, у якіх натхняе ўкраінцаў працягваць барацьбу, а таксама спрабуе патлумачыць грамадзянам Расіі і Беларусі, што гэта не іх вайна — нават калі іх военачальнікі лічаць па-іншаму. Ён паведамляе апошнія даныя па баявых дзеяннях, а таксама сваёй упэўненасцю ўсяляе спакой у суайчыннікаў.

Таленавіты менеджар і знаўца сферы камунікацый, Зяленскі яшчэ і выдатна прадстаўляе Украіну на міжнароднай арэне ў гэтыя цяжкія дні. Ён звяртаецца да сусветных лідараў з заклікамі падтрымаць краіну, і тыя прыслухоўваюцца да яго. Афіцыйная прадстаўніца Белага дома Джэн Псакі ў размове з журналістамі 25 лютага назвала Зяленскага важным партнёрам і паведаміла, што Штаты яго падтрымліваюць.

Брытанскі прэм'ер Борыс Джонсан, які часта сазвоньваецца з Зяленскім, звяртае ўвагу на лідарскія якасці ўкраінскага прэзідэнта і яго мужнасць, а таксама на «неверагодны гераізм украінскага народа і яго лідара». Па меркаванні Джонсана, Зяленскі натхняе і мабілізуе не толькі свой народ, але і ўвесь свет перад падзеямі, што адбываюцца ва Украіне.

Украінскі лідар публікуе фота і відэа разам з паплечнікамі, інтэрнэт-карыстальнікі робяць з ім мемы і «тыктокі» — сучасная праява народнай любові. Вялікі кантраст з Уладзімірам Пуціным, які нават з паплечнікамі часам гутарыць на адлегласці ў некалькі метраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0