«Першы дзень быў дастаткова фармальным. Паслухалі паказанні пазоўніка з «Водаканала», які тлумачыў, як менавіта была нанесеная шкода, але шмат чаго ён не ведаў, блытаўся. То нават сказалі, каб прыслалі таго, хто можа патлумачыць усё», — кажа Паўліна.

У залу змаглі трапіць усяго адзінаццаць чалавек: шэсць сваякоў, а таксама пяць чалавек, якія прыйшлі падтрымаць «нашаніўцаў».

«Хлопцы сімпатычныя: Андрэй надзеў байку з Мікалаем Радзівілам «Чорным», Ягор — майку з надпісам «Радзіма». Суддзя нават палохала іх адміністрацыйнай адказнасцю за перамаўленні між сабой. Вясёлыя яны нават, я б сказала. Толькі ў фае змагла крыкнуць Андрэю, што люблю яго. Словам перамовіцца было немагчыма, нават жэстыкуляваць, то мы размаўлялі невербальна ўвесь час», — кажа Паўліна Скурко.

Ні Марціновіч, ні Скурко не выказалі свайго стаўлення да справы, паводле якой іх судзяць. Збіраюцца гэта зрабіць у другой частцы працэса, калі дойдзе да іх допытаў.

Суд працягнецца аб 11-й ранку 2 сакавіка.

Нагадваем, што Андрэя і Ягора абвінавачваюць па ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу, учыненае групай асобаў з папярэдняй змовы або ў буйным памеры). Маўляў, аплачвалі камунальныя паслугі для рэдакцыі адпаведна тарыфам не для юрыдычных асобаў, а для фізічных. Ім пагражае да пяці гадоў зняволення.

На судзе агучылі лічбы шкоды, якую Ягор і Андрэй нібыта нанеслі: «Мінскэнерга» — 9866 рублёў і 20 капеек, а «Мінскводаканалу» — 250 рублёў і 70 капеек. Агульная сума складае 10 116 рублёў і 90 капеек, яе абвінавачаныя кампенсавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0