Sergey Bobok / AFP / Scanpix / LETAЯ

Як наагул стала магчымая вайна з Украінай? Гэта, мабыць, галоўнае пытанне апошніх дзён. Папулярны расійскі незалежны партал «Медуза» мяркуе, што адказ варта шукаць у той альтэрнатыўнай палітычнай «рэальнасці», якая была сканструяваная ў Расіі за апошнія гады з дапамогай хлусні, маніпуляцый і вытворчасці фэйкаў. Яна здавалася такой груба скалочанай, што немагчыма было паверыць, быццам хто-небудзь з людзей, якія прымаюць рашэнні (у тым ліку пра яе стварэнне), па-сапраўднаму верыць у яе. Як высветлілася, хтосьці, мабыць, верыць. І завуць яго Уладзімір Пуцін.

Цягам усіх пуцінскіх гадоў расійскае кіраўніцтва вяло жорсткую, ваяўнічую барацьбу з грамадскай рэальнасцю. Палітычныя адміністратары (менавіта адміністратары, а не палітыкі, таму што іх ніхто не абіраў) пераследавалі ўсе формы незалежнасці і выцяснялі з грамадскай прасторы актывістаў, палітыкаў і журналістаў з уласнай пазіцыяй. Іх месцы пераходзілі постацям, задача якіх заключалася ў тым, каб імітаваць дзейнасць і ствараць бачнасць. Менеджары адміністрацыі прэзідэнта займаліся ператварэннем любых самаарганізаваных партый, груп і структур у штучныя, кіраваныя «ячэйкі».

Як знішчэнне грамадства вядзе да вайны

Усё сапраўднае абвяшчалася іншародным, замежным, чужым, экстрэмісцкім і нават «тэрарыстычным». Прыгадаем грамадскую сетку, створаную Аляксеем Навальным, — арганізацыю, накіраваную на палітычную, негвалтоўную барацьбу з рэжымам і прызнаную за гэта, па сутнасці, «злачыннай».

У частцы разбурэння поспехі менеджараў уражвалі. Прызнаючы гэта, не забудзем, што гэтыя «поспехі» дасягаліся прамымі забойствамі, ціскам і выцясненнем людзей за мяжу. Безаблічныя адміністратары, якія ў розны час працавалі пад кіраўніцтвам палітычных шэфаў Крамля — Уладзіслава Суркова, Вячаслава Валодзіна, Сяргея Кірыенкі, — вялі зачыстку поля ў цеснай супрацы са спецслужбамі. Вынікі гэтай дзейнасці па-сапраўднаму жудасныя.

Прыгадаем зняволеных актывістаў. Падумаем пра тых, хто быў вымушаны з'ехаць з краіны, а яшчэ пра тых, хто адмовіўся ад грамадскай дзейнасці, цвяроза ацаніўшы ўсе звязаныя з ёй рызыкі. Не забудзем і пра забітых палітыкаў, журналістаў і грамадскіх дзеячаў, хто б ні стаяў за іх гібеллю.

Пуцінскія адміністратары спрабавалі кіраваць не толькі грамадзянскай супольнасцю, але і спартовымі вынікамі. Логіка сумленнага спаборніцтва была ўзламаная: лідар, відавочна, у яе не верыў. Расійскія спартоўцы мусілі быць лепшымі за ўсіх астатніх любой цаной. Таму спаборніцтвы былі замененыя допінгавай праграмай, што заклікала намаляваць для лідара карціну аглушальных поспехаў. Зімовыя Алімпійскія Гульні 2014 года сталі праектам па дасягненні гарантаванай перамогі. Тое, што гульні былі пад кіраваннем, аказалася ў выніку раскрытае перабежчыкам, былым кіраўніком Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгорам Родчанкавым. Таму ў нас ёсць дэталёвая карціна гэтай ганебнай справы.

Ствараць злачыннымі метадамі цяжэй, чым разбураць, таму ў частцы будаўніцтва мёртвай альтэрнатывы жывому грамадству пуцінскі тэатр выглядаў адкрытым правалам. Зрэшты, тыя, хто пераўтваралі нас у «іншых» («замежных» або «непажаданых»), ніколі не стваралі нічога самі, па ўласнай ініцыятыве, па творчаму натхненню і пакліканню сэрца. Менавіта таму яны не здолелі стварыць «сваю» грамадскую сферу — сваю адкрытую прастору для дыскусій, сваю палітыку, сваю годную даверу аналітыку, сацыялогію і палітычную навуку, сваю апазіцыю і сваю прэсу.

Альтэрнатыўная рэальнасць атрымлівалася крывым люстэркам жывой грамадскай прасторы: клоўны замест палітыкаў, імітацыі замест арганізацый грамадзянскай супольнасці, прапагандысты замест журналістаў і аналітыкаў. Жыць з гэтым было лёгка: за блазнаў можна не галасаваць, падробленых аналітыкаў не чытаць, Кісялёва і Салаўёва не слухаць — бо ўсе гэтыя фігуры пазбаўленыя самастойнага сэнсу. Яны — кепскія акцёры, зачытваюць чужы тэкст, прылады грубай палітычнай гульні. Усё было настолькі шыта белымі ніткамі, што ўзнікала ўпэўненасць: ніткі разыдуцца, як толькі аслабне сілавая хватка дзяржавы.

Прычынай гэтага паслаблення, як лічыў і я, мог стаць нейкі натуральны працэс — эканамічны крызіс, зніжэнне папулярнасці лідара, змена пакаленняў ва ўладзе.

Крызіс змёў бы з поля штучныя фігуры: «палітыкі» і «журналісты» (так, у двукоссі) проста зніклі б з эфіру, бо яны, як машыны, працавалі, толькі пакуль былі падлучаныя да дзяржаўнага падсілкоўвання. Грамадзяне Расіі раптам вызваліліся б ад наслання і ўбачылі, як бурацца дэкарацыі.

Прыгадаем канцоўку «Алісы ў краіне цудаў»: кароль, каралева, рыцары і суддзі раптам аказаліся проста калодай карт. Або канцоўку «Запрашэння на пакаранне»: «Вінтавы віхор забіраў і круціў пыл, анучы, фарбаваныя трэскі, дробныя аскепкі пазалочанага гіпсу, кардонную цэглу…»

Але сёння ракеты, снарады і бомбы нясуць украінцам і расейцам сапраўдную смерць. Вінтавы віхор, які нясецца сёння па зямлі Украіны, цалкам рэальны, цэгла ды аскепкі — цалкам адчуваюцца на дотык. Несурʼёзнасць стаўлення да пуцінскай альтэрнатыўнай рэальнасці была распаўсюджанай і трагічнай памылкай, якую здзейсніў і я.

Адчуванне віртуальнасці гэтай палітыкі было падманным. Дэкарацыі не сталі пабітым пазалочаным гіпсам, камяні не сталі кардоннымі. Зусім наадварот: намаляваныя малярамі, якіх узялі на працу за ежу, грубыя тэатральныя парцьеры матэрыялізаваліся і пераўтварыліся ў смерць і пакуты.

Я ўсведамляю глыбокую ўласную няздольнасць у спробах абрынуць дэкарацыі, калі гэта было яшчэ магчыма, да вайны. Я быў упэўнены, што яны паваляцца самі.

Як светапогляд можа забіць свет

Лічыць, што жыццё, сумленне, талент і сімпатыі купляюцца і прадаюцца, — недасканалы, годны пагарды погляд на свет. Але гэта не нявінная памылка. Чалавек, які калісьці пераканаў сябе ў тым, што ўсё прадаецца і купляецца, што грамадства можна акупаваць, падпарадкаваць і стварыць на яго месцы ўласную, аплачаную ім рэальнасць, прывёў не толькі сваю краіну, але і свет да катастрофы.

Ён не толькі паверыў у сваю, аплачаную ім рэальнасць, але і зрабіў яе падставай для дзеянняў у рэальным свеце. Цяпер ясна, што ягоны план кароткай вайсковай аперацыі ў брацкай краіне абапіраўся на пабудаваную ім жа фікцыю. Ён, відавочна, чакаў, што ўжыванне сілы «сапраўднай» — гэта значыць «яго» — дзяржавай, прывядзе да імгненнага разбурэння «несапраўднай» украінскай дзяржаўнасці.

Ён думаў, што мае справу з дэкарацыяй, пабудаванай на замову нейкіх варожых яму сіл — амерыканцаў, еўрапейцаў, вобраз якіх ён маляваў з сябе. Ён, здаецца, верыў, што намаляваны ім самім «рэйтынг» абернецца сапраўднай падтрымкай яго дзеянняў з боку расійскага грамадства. Думаў, што ўсе павераць ва ўкраінскіх «фашыстаў» і яго місію вызваліцеля.

Меркаваў, верагодна, бо наслухаўся падхалімаў вакол сябе, што Расія гатовая да вайны і санкцый.

Пуцін пераканаў сябе ў тым, што ўкраінскае грамадства — такі ж тэатр, у які ён — забойствамі і пагрозамі — ператварыў грамадства ўласнае, расийскае. Ён думаў, што ўкраінцы — ад шарагоўцаў на палях бітваў да ненавіснага ім вышэйшага кіраўніцтва краіны — ператворацца ў калоду карт і прызнаюць яго ўладу. Прэзідэнт Украіны — камедыйны актор, мэр Кіева — баксёр, хто яны наагул такія?

Падобна на тое, ён сурʼёзна верыў, што валодае псіхалагічнай і маральнай перавагай перад сённяшняй Украінай і ўсім дэмакратычным светам. Яго недасканалы погляд на свет перашкаджаў яму ўсвядоміць, што ўся яго »перавага« — прыдумана яго ўласнымі блазнамі. У яго тэлебачання і прэсы шмат гадоў быў адзін замоўца і адзін сапраўдны глядач — ён сам. Ён атруціў сябе ўласнай хлуснёй.

Ніякай маральнай перавагі ў яго няма — ні над кім. Перавага ў яго ёсць толькі ў ваеннай сіле. Але каб гэтую перавагу рэалізаваць, патрэбна ясная місія, сабранасць, усведамленне праваты. Ясная місія, сабранасць і ўсведамленне праўды ёсць у гэтай вайне толькі ва Украіны і ўкраінцаў.

Магчыма, цяпер ён стаіць перад выбарам, пусціць ці не пусціць у справу ўсю разбуральную зброю, якая ёсць у яго валоданні. Гэта прынясе больш смерцяў і пакут. І нічога не зменіць па сутнасці.

Яго вайна з рэальнасцю павінна была заставацца яго асабістай справай. Хочаш жыць у крыўдзе і злосці на ўвесь свет — жыві колькі заўгодна. Але ён сілай, маніпуляцыямі і хлуснёй навязаў сваю прысутнасць расійскаму народу. Многія гады ён дамагаўся сваіх «рэйтынгаў» усімі даступнымі яму спосабамі. Сілай і пагрозамі звязаўшы расійскае грамадства з сабой, ён абясцэніў ідэнтычнасць уласнага народа, які разам з украінцамі калісьці ваяваў на адной агульнай і справядлівай вайне.

Ён атруціў не толькі сябе, але і Расію. Ён прадвызначыў тую пагарду, з якой усе ў свеце будуць глядзець не толькі на яго, але і на нас, расійцаў і рускіх. Яшчэ доўгія гады мы не зможам пераканаць свет у тым, што «мы не такія», што «гэта не мы».

Яшчэ доўгія гады — пасля Пуціна — мы павінны будзем выбудоўваць у Расіі грамадскую сістэму, вольную ад палітычных дэкарацый і фікцый.

Расія прайграла гэтую вайну маральна, проста калі яе пачала. Незалежна ад падзей на палях бітваў, Расія прайграла гэтую вайну як палітычная, эканамічная і грамадская адзінка, як краіна, як частка свету. Калісьці слова вайна — без удакладненняў — звыкла адносілася намі да Вялікай Айчыннай.

Цяпер у гэтага слова іншае значэнне. Вайна без удакладненняў і прыметнікаў — гэта вайна, якую ён развязаў, і зрабіў мяне і ўсіх расіян адказнымі за створаную ім катастрофу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру