Яўген Міхасюк пайшоў у тэрытарыяльную абарону Украіны. Фота: «Вясна»

Яўген Міхасюк пайшоў у тэрытарыяльную абарону Украіны. Фота: «Вясна»

Яўгену 27, ён працаваў менеджарам у сферы, набліжанай да ІТ. Апошнія восем год таксама быў грамадскім актывістам. Яго затрымлівалі яшчэ да выбараў, у ліпені 2020, за ўдзел у велапрабегу салідарнасці.

Хлопец жыў ва Украіне апошнія паўтара года — з’ехаў пасля пратэстаў у 2020-м. Ён тлумачыць, чаму цяпер замест эвакуацыі выбраў барацьбу.

«Украіна — вельмі класная, свабодная і прагрэсіўная краіна. І калі перад гэтай краінай, якая скінула з сябе саўковы рэжым, стала пагроза паглынання Расіяй, то я вырашыў: хопіць бегчы. Далучыўся да гэтага змагання. Украіна — нацыя, якая сапраўды бароніць сваю зямлю і сваю свабоду».

У войску Яўген не служыў. Але хадзіў у цір, займаўся самападрыхтоўкай, бо цікавіла гэтая тэма. Калісьці таксама прафесійна займаўся боксам і барацьбой. Запісацца ў тэрытарыяльную абарону ён змог па сваіх сувязях.

«Бо каб патрапіць туды беларусу (а Беларусь — краіна-агрэсар), трэба, каб цябе хтосьці пацвердзіў, сказаў, што ты не сепаратыст і не лукашыст, — кажа хлопец. — Амуніцыя паступова выдаецца, але вы павінны разумець, які цяпер маштаб мабілізацыі ва Украіне, таму не ўсё адразу. Штосьці спрабуем набываць самі.

Фота з асабістага архіву

Фота з асабістага архіву

Я не з’яўляюся проста цяпер абаронцам рэгіёна. Мы выконваем розныя ваенныя задачы, якія перад намі ставяцца (напрыклад, разгрузка прыпасаў), але пакуль што не сутыкаемся напрамую з расейцамі. Праходзім навучанне.

І гэта вельмі важна. Як кажа наша кіраўніцтва, у гэтым цяпер вялікая перавага Украіны над Расіяй — апошняя пускае непадрыхтаваных салдат, а ва Украіне ў першых шэрагах ваюе прафесійная армія з досведам баявых дзеянняў на Данбасе. А мы цяпер рэзерв, падтрымка».

У вучэбцы Яўген асвойвае асновы медыцыны, тактычную падтрыхтоўку, абыходжанне са зброяй.

«Я лічу, беларусы абавязаныя ехаць сёння ва Украіну»

У падраздзяленні, куды трапіў хлопец, большасць — беларусы.

«У асноўным гэта маладыя людзі — 25-35 год, абсалютна розных прафесій. Насамрэч, беларусаў, якія ўдзельнічаюць у абароне Украіны, даволі шмат, але яны не сабраныя ў адзін атрад. Шмат тут і былых беларускіх вайскоўцаў.

Да нас ставяцца вельмі добра. Украінцы кажуць: ваў, клас, беларусы, расказвайце пра такую магчымасць іншым. Шмат жартаў на тэму «не хвалюйцеся, зараз вызвалім сябе, пойдзем ратаваць вас».

Украінскія вайскоўцы па-сяброўску ставяцца да беларусаў, але, канечне, перад тым, каб стаць такімі, яны хочуць упэўніцца, што ты нармальны чалавек», — дзеліцца Яўген.

Фота з асабістага архіву

Фота з асабістага архіву

Ён расказвае, што спрабаваў звязвацца са Святланай Ціханоўскай. Прапанаваў ёй дапамагчы беларусам афармляцца тут як вайсковым структурам. Але на яго паведамленне не адказалі.

«Я лічу, беларусы абавязаныя ехаць сёння ва Украіну. Гэта няпроста, але можна ісці ў амбасаду і дамагацца, каб дазволілі далучыцца да ўкраінскіх абаронцаў. Мне падаецца, гэта адзіны шлях для Беларусі да вызвалення ў гэтай сітуацыі.

Канечне, страшна, — не хавае Яўген эмоцый ад таго, што цяпер знаходзіцца ў прыфрантавой зоне. — Але гэта мой выбар, і ўсё. Я адчуваю сябе на сваім месцы, лічу, што раблю так, як павінен».

Чытайце таксама:

Беларускі праграміст з Google ахвяруе Украіне месячны заробак — $20 тысяч: «Я раней не верыў, што Расія ненавідзіць усё нерасійскае»

Вайна ва Украіне. Шосты дзень АНЛАЙН

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0