Украінскі сцяг каля былога будынка школы ў Харкаве, 28 лютага. Фота: VITALIY GNIDYI / REUTERS.

Украінскі сцяг каля былога будынка школы ў Харкаве, 28 лютага. Фота: VITALIY GNIDYI / REUTERS.

Уварванне Расіі ва Украіну, што пачаў на мінулым тыдні Уладзімір Пуцін, праходзіць больш павольна, чым гэтага чакала большасць ваенных аналітыкаў. Прычына — моцнае супраціўленне ўкраінцаў і лагістычныя праблемы, з якімі сутыкаецца руская армія, піша Wall Street Journal.

Пуцін, які лічыць рускіх і ўкраінцаў адным і тым жа народам, спачатку ўстрымліваўся ад хаатычнага абстрэлу жылых раёнаў, падобнага да тых абстрэлаў, за дапамогай якіх рускія падпарадкоўвалі сабе мяцежную Чачню ў 1999-2000 гадах. Але ж новыя масіўныя абстрэлы паказваюць, што ён вырашыў змяніць тактыку, бо Масква робіць усё, каб зламаць украінскае супраціўленне.

У аўторак у розных частках Украіны працягнуліся жорсткія баі, пры гэтым расійскія войскі прасунуліся наперад на поўдні і спрабавалі зайсці ў Кіеў. Па даных амерыканскіх чыноўнікаў, вялікая калона расійскіх войскаў рухаецца ў напрамку ўкраінскай сталіцы з паўднёвага захаду, гэта пацвярджаюць і спадарожнікавыя здымкі.

У панядзелак на тэрыторыі Беларусі прайшоў першы раўнд перамоў аб міры паміж Расіяй і Украінай, але ён не прынёс неадкладных рэзультатаў. Бакі дамовіліся зноў сустрэцца ў бліжэйшыя дні на ўкраінска-польскай мяжы.

Расце ўзровень міжнароднай ізаляцыі Расіі, яе фінансавая сістэма хістаецца пад уплывам заходніх санкцый, уведзеных за выходныя. У панядзелак рубель рэзка ўпаў, а расійскі Цэнтрабанк падняў стаўку рэфінансавання да 20%. ЗША і ЕС абвясцілі на працягу выходных, што яны не дадуць Цэнтрабанку магчымасці выкарыстоўваць яго замежныя рэзервы і, акрамя іншых мер, адключаць шэраг расійскіх банкаў ад сістэмы SWIFT. Таксама ЕС закрыў сваё неба для расійскіх самалётаў.

Як украінскія рэгіёны супраціўляюцца агрэсару

Харкаў, другі па велічыні горад Украіны, які мае пераважна рускамоўнае насельніцтва, жорстка супраціўляўся расійскай арміі з самага пачатку ўварвання. У панядзелак расійскія войскі абрынулі на яго максімальны агонь з шматствольных пускавых установак. Падчас абстрэлу, па даным харкаўскіх улад, загінулі не менш за 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей і іх бацькі, якія апынуліся ў спаленай машыне, куды трапіла расійская ракета. Не менш за 40 харкаўчан былі параненыя.

Раніцай у аўторак брытанская разведка сцвярджала, што Расія ўсё яшчэ не здолела атрымаць кантроль над украінскай паветранай прасторай. Гэта прымусіла расійскую армію ў асноўным праводзіць аперацыі ў начны час, каб знізіць страты. Як кажуць брытанцы, выкарыстанне цяжкай артылерыі ў цесна заселеных гарадскіх раёнах вельмі павялічвае рызыку ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва.

Усю раніцу 1 сакавіка ў Кіеве гучалі сірэны паветранай трывогі і гук выбухаў. Як сцвярджае ўкраінскі прэзідэнт, Кіеў — галоўная мэта для расійскай арміі, якая жадае вывесці са строю галоўную энергетычную станцыю горада і пакінуць сталіцу без электрычнасці.

Згодна з мясцовымі ўладамі, за ноч расійскія войскі акружылі горад Херсон і ўсталявалі вакол яго свае пункты пропуску. Ёсць відэазапісы таго, як расійскія патрулі затрымліваюць у горадзе мясцовых жыхароў мужчынскага полу.

Губернатар Сумскай вобласці Дзмітрый Жывіцкі сцвярджае, што пасля абстрэлу вайсковай часткі Градамі загінула не менш за 70 украінцаў.

У Марыупалі, вялікім горадзе на поўдні краіны, сітуацыя таксама складаная. Расійскія войскі амаль што акружылі яго. Як сведчаць мясцовыя ўлады, пад расійскі абстрэл трапілі электрычныя падстанцыі, таму раніцай 1 сакавіка большасць раёнаў горада засталася без ацяплення або электрычнасці.

28 лютага з Пуціным гутарыў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Згодна з ім, кіраўнік Расіі пагадзіўся падчас размовы не атакаваць грамадзянскія аб’екты і інфраструктуру і не акружаць Кіеў. Але ж у мінулых размовах на працягу года Пуцін абяцаў Макрону не нападаць на Украіну.

Таксама ў панядзелак Зяленскі падпісаў заяўку Украіны на ўступленне ў ЕС. Але, калі яе і ўхваляць, працэс уступлення можа заняць гады і патрабуе шматлікіх рэформаў.

Вялікая частка насельніцтва Кіева, якое да пачатку вайны складала тры мільёны, пакінула сталіцу. Згодна з данымі ААН, з Украіны з’ехалі больш за 520 тысяч чалавек, і ў бліжэйшыя тыдні колькасць бежанцаў можа дасягнуць некалькіх мільёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0