Яўген Малахоўскі, фота з сацсетак. Яўген заснавальнік суполкі УКантакце «Гэта Мінск, дзетка» (152 тысячы падпісчыкаў)
«Атрады самаабароны сказалі: хлопец, далей не паедзеш, мы цябе не пускаем. І ўсё, без тлумачэнняў. Пыталіся: чаго тут шастаеш, навошта ты ва Украіне? Казалі: у цябе сцяг акупантаў.
Я ехаў праз Жытомірскую і Ровенскую вобласці, і такое стаўленне было на некалькіх блокпастах, не на адным.
Людзі вельмі злыя. Кажуць проста: твая краіна акупуе нашу краіну», — кажа Малахоўскі.
Ён звязвае такое стаўленне да сябе з тым, што украінцы бачаць беларускія нумары на яго машыне:
«Я прапанаваў іх зняць, але сказалі, што буду мець яшчэ большыя праблемы, маўляў, могуць прыняць за дыверсанта».
Па словах блогера, ён паспеў пабываць і ў паліцыі:
«У горадзе Наваград-Валынскі (Жытомірская вобласць) мяне затрымалі, павезлі ў аддзел. Адкаталі пальцы, правяралі, хто я, дапытвалі. Мае адказы здымалі на відэа. Перапісалі тэлефон, праглядзелі перапіскі.
Падазравалі, што я магу збіраць інфармацыю аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі.
Праверылі, ці няма ў тэлефоне расійскіх кантактаў.
Пагуглілі, хто я, калі даведаліся, што блогер, то паглядзелі, што пісаў пра Лукашэнку і Пуціна.
Пасля ўсіх праверак адпусцілі. І мой знаёмы таксама прыехаў, патлумачыў паліцыі, што мяне ведае».
Цяпер Малахоўскі ў адным з сёлаў Ровенскай вобласці:
«Выехаць не магу: дарога толькі адна. Аб’ехаць праблема. Таксама мне абавязкова трэба ў Роўна і Львоў, забраць жанчын.
А тут праблема з бензінам. У маёй машыне яго засталося мала. Прашу ў мясцовых бензін, але ўсе адмаўляюць.
Параілі званіць у МУС, у СБУ, я званіў, але гэта нічым не дапамагло.
Запрасіў дакументы, што я валанцёр. Чакаю іх. Таксама думаю, можа наляпіць бела-чырвона-белую налепку на нумары, каб паказаць, што ёсць розніца паміж лукашызмам і беларусамі. Таксама шукаю украінскі сцяг, каб прымацаваць яго ў машыне, але знайсці лішні сцяг тут таксама няпроста».
Малахоўскі кажа, да яго даходзіць шмат гісторый пра такія ж праблемы ў беларусаў, якія едуць на машынах з беларускімі нумарамі.
«Мае знаёмыя захраслі ў Луцку з маленькімі дзецьмі. Ехалі на беларускіх нумарах і таксама ўжо паспелі пабываць у СБУ і паліцыі, — кажа Яўген. — Ведаю, што шмат беларусаў выязджае з Украіны, таму хачу папярэдзіць аб праблемах, з якімі яны могуць сутыкнуцца».