Курсы долара і еўра адкаціліся назад 1 сакавіка пасля моцнага росту 28 лютага. Расійскі рубель умацаваўся, паколькі там 28 лютага экспарцёраў абавязалі прадаць 80% валютнай выручкі. На гэта даецца тры дні. Потым зноў чакаецца падзенне, бо няма ніякіх падстаў для доўгатэрміновага ўмацавання валют, адзначаюць аналітыкі «Кошт Урада».

— Штучна падтрымліваць курс доўгі час немагчыма. Мабыць, абодва рэгулятары [цэнтрабанкі Беларусі і Расіі, — Еўрарадыё] спадзяюцца, што ў агляднай будучыні паніка cціхне і рублі — беларускі і расійскі — хоць неяк выстаяць.

Мяркуем, што ў будучыні курсы долара і еўра ў Беларусі працягнуць расці. Праз паніку, санкцыі, штучнае стрымліванне цяпер мы не бачым наогул ніякіх перадумоў для ўмацавання рубля. Ці варта цяпер купляць замежную валюту? Мы лічым, што так.

Падтрымліваць сваю валюту цэнтральныя банкі Расіі і Беларусі не могуць доўга, таму што ў беларускага проста недастаткова грошай, а сродкі расійскага заблакавалі ЕС, ЗША і іншыя краіны.

— 56 адсоткаў ЗВР [Расіі, — Еўрарадыё] пад блакадай, 77 адсоткаў немагчыма памяняць ні на што, акрамя юаня. Прычым памяняць гэтыя юані на тыя ж долары потым таксама нельга. Цяпер расійскі рэгулятар не можа выступаць з інтэрвенцыямі на валютнай біржы — і гэта прыводзіць да скачкоў курса. Як вынік, у Расіі пачалася паніка на валютнай біржы праз рэзкае павышэнне попыту, — расказвае каманда эканомікі НАУ.

Крэдыты стануць даражэйшымі, а эканоміка замарудзіцца яшчэ больш

Каб пазбегнуць адтоку ўкладаў і змагацца са спекуляцыямі, Нацбанк Беларусі і Цэнтрабанк Расіі паднялі ключавыя стаўкі. Стаўка рэфінансавання з 1 сакавіка ў Беларусі складае 12% гадавых замест 9,25%. У Расіі стаўка паднялася з 9,5% да 20%. Мяркуецца, што праз больш высокія адсоткі будзе менш ахвотных браць рублёвы крэдыт, каб купіць валюту.

— Адваротны бок павышэння стаўкі — гэта затарможванне эканомікі, — кажуць эксперты НАУ.

Калі крэдыты становяцца даражэйшымі, той бізнэс, які іх бярэ, падымае цэны на тавары і паслугі. Гэта сціскае попыт. Людзі таксама бяруць менш крэдытаў і менш трацяць.

Беларускі рэгулятар больш асцярожны. Ён спрабуе стрымаць адток рублёвых дэпазітаў і перавод іх у валюту.

Нацбанк не падымае стаўку занадта высока, бо да яе прывязаныя не толькі дэпазіты, але і крэдыты. У тым ліку крэдыты дзяржсектара.

— Можна падняць стаўку, зрабіць больш прывабнымі дэпазіты, прыпыніць працэс канвертавання рублёвых дэпазітаў у валюту. Але што пры гэтым рабіць госам, калі для іх падаражэюць крэдыты? — кажа старшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Рашэнне не падымаць стаўку занадта моцнае — дапамога не толькі неэфектыўнаму дзяржсектару, але і банкаўскай сістэме, адзначае эксперт. Бо пры высокай стаўцы рэфінансавання прадпрыемствы могуць проста перастаць выплачваць крэдыты.

Пад ударам нават экспарт у Расію

З пачатку ўварвання Расіі ва Украіну беларускі рубель часцей таннеў да долара і еўра, але рос да расійскага рубля. 1 сакавіка адбылося інакш, але гэта не ўстойлівая тэндэнцыя. Калі расійскі рубель і далей будзе таннець да беларускага, то пацерпіць беларускі экспарт у Расію. Бо нашы тавары стануць там даражэйшыя.

— Падаражэнне беларускага рубля адносна расійскага прыводзіць да страты канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі на фактычна адзіным даступным ёй расійскім рынку, — адзначаюць у НАУ.

Акрамя таго, праз вялікую розніцу ў стаўках рэфінансавання ў Беларусі і Расіі адкрываюцца магчымасці для арбітражу.

— Калі ўзяў крэдыт у адной краіне — выкарыстаў у іншай, а крэдытныя грошы пойдуць на біржу, стварыўшы ціск на курс.

Каб змагацца з гэтым, можна адміністрацыйна абмежаваць крэдытаванне і штучна стрымліваць курс. Тады замарудзіцца эканоміка і ўтворыцца дэфіцыт валюты, лічаць эксперты НАУ.

— Валюта можа стаць даступнай толькі для абраных. Велізарны фактар рызыкі — ці адключаць Беларусь ад SWIFT. Калі гэта здарыцца, то беларускія банкі атрымаюць дадатковыя праблемы. Карэспандэнцкія рахункі ў многіх банкаў яшчэ ёсць, але невядома, колькі гэта працягнецца. Плюс чакаецца памяншэнне прапанавання валюты на рынку праз закрыццё экспарту нафтапрадуктаў ва Украіну і канец экспарту калію праз украінскія парты. Увогуле, відавочных падстаў для аптымізму няма.

 У кагосьці даходы знізяцца, хтосьці іх страціць наогул

Перспектывы беларускай эканомікі ва ўмовах фінансавых і сектаральных санкцый будуць нават больш сумныя, чым у Расіі. Там усё ж вялікая краіна, вялікая эканоміка, застаюцца нейкія рынкі збыту, акрамя Захаду.

Пакуль эмбарга на куплю з Расіі нафты і газу ніхто не накладаў. Значыць, частка валютных патокаў захаваецца. У адрозненне ад Расіі, у Беларусі такой падушкі няма.

Беларусы ўжо адчулі на сабе скачкі курсаў і рост інфляцыі. Негатыўныя эфекты будуць толькі нарастаць.

— Далей зніжэнне заробкаў, закрыццё прадпрыемстваў, людзі будуць губляць працу. Тут пытанне не ў тым, што долар падаражэў або ў Еўропу на закупы не паедзем.

Сур'ёзная колькасць людзей будзе проста менш есці, таму што менш будзе даходаў. У кагосьці яны знізяцца, хтосьці іх страціць наогул. Апошняе, пра што яны будуць думаць, — гэта пра курс долара. Больш будуць думаць пра тое, колькі каштуе хлеб і малако ў найбліжэйшай краме, — заключае Вадзім Іосуб.

«Да 80% усёй беларускай ІТ-галіны знікне». Тысячы праграмістаў з сем'ямі бягуць з Беларусі проста ў гэтыя хвіліны

«Ідзём з бязрадасным тварам, як у Набіулінай». Нацбанк заўтра збірае кіраўніцтва ўсіх банкаў на сустрэчу

Міністр фінансаў Францыі: Краіны Еўрасаюза пачынаюць татальную эканамічную вайну супраць Расіі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0