Жыхары горада Біла Цэрква (Кіеўская вобласць) узводзяць барыкаду на дарозе. Расійскія войскі, якія наступаюць у кірунку горада, увайшлі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.
«24 лютага на тэрыторыі мытнага поста «Даманава» ў Валынскай вобласці знаходзіліся пяць беларускіх фур з грузам. Падчас стаянкі да вадзіцеляў падышлі ўзброеныя людзі, якія запатрабавалі выйсці з машын, пакінуць ключы ў салонах аўтамабіляў і паказаць груз. Пасля яны пад пагрозай ужывання зброі прымусілі кіроўцаў пакінуць тэрыторыю Украіны, пакінуўшы машыны», — так апісвае сітуацыю СК.
А вось што «Нашай Ніве» расказаў чалавек, знаёмы з сітуацыяй. Канфіскацыя фур не мае крымінальнага характару — яна была ажыццёўленая ў адпаведнасці з нормамі ваеннага часу, якія дзейнічаюць ва Украіне з 24 лютага, дня, калі на краіну напалі расійскія войскі.
«Гэтыя аўто знаходзяцца непасрэдна ў нейтральнай зоне на тэрыторыі Украіны ў пункце пропуску Даманава. Частка з іх выкарыстаная ў якасці барыкад для прадухілення магчымага прасоўвання войскаў з боку Макранаў. Аўто на беларускіх нумарах выкарыстоўваюцца ў якасці натуральных перашкод на многіх іншых аўтадарогах ва Украіне.
Кіроўцы знаходзяцца пад аховай (або арыштам, пакуль няясна), харчаванне прадастаўляецца. На гэты момант на сувязі больш за 170 вадзіцеляў. Ëсць адзінкавыя выпадкі ўжывання фізічнай сілы, а таксама пагрозаў зброяй», — кажа крыніца.
Паколькі Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю расійскім войскам для нападу на Украіну, з тэрыторыі Беларусі ажыццяўляюцца ракетныя атакі, Беларуская чыгунка, аэрадромы і шпіталі выкарыстоўваюцца расійскай арміяй, Украіна і іншыя краіны свету разглядаюць Беларусь як краіну-агрэсара з усімі выцякаючымі. З нюансамі — таму што самі беларускія войскі пакуль непасрэдна ў аперацыі не ўдзельнічаюць.
Фактычны саўдзел у агрэсіі прыводзіць да маральных наступстваў — напрыклад, беларускіх спартоўцаў і клубы адхіляюць ад спартовых мерапрыемствах.
Але, акрамя маральных, ёсць і матэрыяльныя — як у сітуацыі з фурамі.
Варта адзначыць, што СК не завёў ніводнай крымінальнай справы па фактах узброенай агрэсіі супраць суверэннай украінскай дзяржавы і абстрэлаў яе тэрыторыі балістычнымі ракетамі, якія адбываліся з Беларусі. Калі польскія пагранічнікі ўжывалі слезацечны газ, каб спыніць спробы незаконнага перасячэння мяжы мігрантамі, СК завёў дзясяткі крымінальных спраў.