Валюта: «Cлых быў, што ні даляраў, ні еўра не знайсці»

З канца мінулага тыдня ў інтэрнэце сталі пісаць, што беларусы шукаюць валюту і скупляюць бытавую тэхніку. Kraj.by 1 сакавіка наведаў адзін з абменнікаў у Вілейцы. Вялікіх чэргаў тут няма. Ля касы — мужчына. Пытанне тое ж, што і ў нас: ці ёсць даляры.

— Даляры ёсць, — адказваюць нам.

— Тысяча патрэбная, ёсць? — удакладняем.

— Можна і тысячу даляраў купіць. Без праблем. Ёсць і еўра, і «расія». У межах даступнага ў нас у банку купіць можна, — распавядаюць нам.

Мужчына ля касы кажа, што пачуў пра ажыятаж, але без праблем купіў 200 даляраў.

— Ды хоць тысячу бяры. Чуткі былі, што ні даляраў, ні еўра не знайсці. Думаю, пайду даведаюся, праўда ці не, заадно купіў, — дадае ён.

У абменніку іншага банка кажуць, у апошнія дні ў Вілейцы павялічыўся попыт на валюту.

— З чацвярга ўсё пачалося, калі курс вырас, — удакладняюць у банку.

У гэтым банку нам таксама гатовыя прадаць тысячу даляраў.

Бытавая тэхніка: у Вілейцы чэргаў няма, у Маладзечне «рэзервавалі» тэлевізары

Забеглі ў краму бытавой тэхнікі. Да вечара ў гандлёвым зале пакупнікоў — па пальцах пералічыць. Народная цікавасць засяроджаная на пральных машынах. Прадавец распавядае: ажыятажу на бытавую тэхніку няма, цэны з-за скачка курса даляра «не перапісвалі».

— Сэнс які? Людзям і такія цэны — накладна. У нас усё, як і раней. Пакуль нічога не робім, назіраем, што і як, — пераконваюць нас.

У іншай краме пакупнікоў няма — пуста. Прадавец кажа, што ў яго «ўсе дні ціха».

— Сёння выручка слабая. Не ва ўсіх ёсць грошы, каб скупляць тэхніку. Я пакуль нічога (цэны) не чапаў. Што далей, складана сказаць. Усё будзе залежаць ад закупкі. Пральныя машыны ў апошнія дні на 200 рублёў падаражэлі. У тэорыі — так трэба рабіць, каб не працаваць у страту. Або на тыдзень зачыніцца. Самае правільнае — зачыніцца. Пачакаць, пакуль курс стабілізуецца, а потым пераацаніць тавар і прадаваць. Лепш нуль, чым страты, — кажуць нам.

Мужчына, які ў момант нашай размовы гуляў па краме, кажа, што «ў інтэрнэце бачыў новыя цэны і на запчасткі, і на тэлефоны». З яго слоў, «цэны перапісалі».

У крамах бытавой тэхнікі ў Маладзечне людзей 1 сакавіка было няшмат. У адной з кропак мы заўважаем дзясяткі ўпакаваных тэлевізараў з паметкай «зарэзервавана». У краме пацвярджаюць — тэлевізары сталі раскупляць.

У іншых аддзелах ажыятаж на тэхніку быў меншы. У аддзеле ноўтбукаў мы знаходзім некалькі запячатаных каробак. Раскуплялі газавыя пліты, халадзільнікі і пральныя машыны.

Яшчэ ў адной краме бытавой тэхнікі нам расказваюць: ажыятаж на тавар пачаўся 24 лютага. Але тут раскуплялі не тэлевізары. Разбіралі буйную бытавую тэхніку: пральныя машыны і халадзільнікі. — Пасля выхадных ажыятаж на тэхніку знізіўся, попыт заўважна меншы, цэны змяніліся, але на самыя хадавыя пазіцыі, — тлумачаць у краме.

За тры гадзіны размялі тону солі

У сацсетках у апошнія дні чытачы здымалі апусцелыя паліцы з мукой і соллю ў крамах Маладзечна.

Ідзём у крамы 1 сакавіка. У вазках пакупнікоў наш журналіст заўважае пачкі розных круп.

— У доме крупы скончыліся, вырашылі закупіцца, — адказваюць гараджане.

Прадаўцы распавядаюць, што ў буйных сетках з раніцы ажыятаж на бакалею. А ў некаторых крамах да вечара той жа солі няма наогул. Паліцы — пустыя.

Крама на вуліцы Будаўнікоў 1 сакавіка:

Яшчэ ў адной краме няма беларускай солі, затое гімалайскай па 4,99 рубля за 500 грамаў і італьянскай за 2, 79 рубля (150 грамаў) — бяры не хачу.

Ідзём у іншы харчовы магазін. Прадаўцы пацвярджаюць: попыт на бакалею вырас.

— Учора за тры гадзіны каля тоны каменнай солі размялі. Таму бярыце хоць дробную — а то заўтра можа не быць і такой, — раяць нам.

У адным з прадуктовых маркетаў Вілейкі нам распавядаюць: мукі, солі і круп хапае. Ахапкамі бакалею не выносілі.

— А калі дзесьці няма мукі і солі, хай да нас ідуць — дадаюць прадаўцы. А мы глядзім у кошыкі пакупнікоў. Набор прадуктаў выглядае стандартна, пачкаў круп, мукі або солі мы не заўважаем.

У іншай краме пасля 17.00 пакупнікоў няшмат. Соль пачкамі і тут не набіраюць. Праўда, па назіраннях прадаўцоў, бакалею і алей ў апошнія дні сталі браць часцей.

— З чацвярга прыкладна, — ўдакладняюць ў краме. — Вазкі не нагружалі, але відаць, што больш бяруць. Хто пачак, а хто — тры.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру