Узброены мужчына стаіць каля рэшткаў расійскай ваеннай калоны, горад Буча недалёка ад Кіева, 1 сакавіка. Крыніца: АР.

Узброены мужчына стаіць каля рэшткаў расійскай ваеннай калоны, горад Буча недалёка ад Кіева, 1 сакавіка. Крыніца: АР.

Абласная штаб-кватэра харкаўскай паліцыі і будынак мясцовага ўніверсітэта моцны пашкоджаныя, там пачаўся пажар. Ноччу пад атаку таксама трапілі некаторыя жылыя раёны горада, і, як сведчаць мясцовыя ўлады, расійскія войскі спрабавалі — беспаяпяхова — захапіць гарадскі ваенны шпіталь. Уранку ўдары наносіліся па плошчы Свабоды — цэнтральнай плошчы горада, па некаторых заводах і будынках вайсковых і кадэцкай вучэльняў. Бамбілі таксама Чугуеў, горад пад Харкавам. Тым не менш, украінцы здолелі захаваць горад пад сваім кантролем, піша Wall Street Journal.

Тое, што Масква пераключылася на бамбёжку грамадзянскіх аб’ектаў, сведчыць пра новую тактыку расійскіх войскаў, накіраваную на дэмаралізацыю абаронцаў Украіны.

1 сакавіка расійскае Мінабароны абвясціла, што яно плануе атаку на аб’екты ў цэнтры Кіева, якімі Украіна карыстаецца для разведкі і камунікацыі, бо яны нібыта былі ўжытыя для «інфармацыйных атак супраць Расіі», і заклікала мясцовых жыхароў пакінуць свае дамы ў мэтах бяспекі. Замежныя дыпламаты, якія яшчэ засталіся ў Кіеве, палічылі гэта прыкметай таго, што чакаецца вялікая атака на жылыя раёны, і частка персаналу замежных пасольстваў з’ехала з украінскай сталіцы.

Пасля гэтай заявы пад удар трапіла тэлевышка ў Кіеве, у выніку чаго 5 мірных жыхароў загінула, а яшчэ 5 атрымалі раненні. Таксама пасля атакі часова парушылася трансляцыя ўкраінскіх цэнтральных тэлеканалаў.

Тэлевышка, пра якую ідзе гаворка, была пабудаваная ў 1973 годзе. Яна знаходзіцца на тэрыторыі мемарыяла Бабій Яр, дзе падчас Другой сусветнай вайны нацысты забілі шмат кіеўскіх яўрэяў. Пры гэтым мэта вайны, развязанай Пуціным — нібыта дэнацыфікацыя Украіны. Ён хлусліва сцвярджае, што прэзідэнт Украіны Зяленскі, які мае яўрэйскае паходжанне, таксама неанацыст і стаўленік ЗША.

Жорсткія абстрэлы ў Харкаве

У 8.01 раніцы 1 сакавіка пад ракетны абстрэл трапіла харкаўская плошча Свабоды. У выніку атакі загінула 7 чалавек, 24 атрымалі раненні. Пазней пад новыя ўдары трапілі жылыя раёны горада, ахвярамі сталі дзясяткі людзей, разбураныя дзясяткі дамоў.

Паралельна з гэтым з’явіліся прыкметы, што расійскія сілы забуксавалі пад Кіевам. Прычыны гэтага, кажа прадстаўнік амерыканскага Мінабароны, недахоп ежы і паліва, супраціў украінцаў. Таму цяпер расійскія войскі спрабуюць перагрупіравацца.

1 сакавіка Уладзімір Зяленскі выступіў з эмацыянальным відэазваротам перад Еўрапарламентам. Ён сказаў, што ўкраінцы паміраюць у барацьбе за выжыванне краіны, і заклікаў еўрадэпутатаў даказаць, што яны падтрымліваюць Украіну.

1 сакавіка Зяленскі таксама пагутарыў па тэлефоне з Джо Байдэнам. Больш за 30 хвілін лідары абмяркоўвалі магчымую дапамогу Украіне з боку ЗША. У той жа дзень Байдэн фармальна абвясціў забарону для расійскай авіяцыі на карыстанне амерыканскай авіяпрасторай.

Расійскія войскі прасоўваюцца па тэрыторыі Украіны больш павольна, чым чакалася, бо сутыкаюцца з жорсткім супраціўленнем украінцаў і лагістычнымі праблемамі. Прадстаўнік амерыканскай ўлады сцвярджае, што, па некаторых даных, частка расійскіх салдат здаецца ў палон, і ў расійскай арміі слабы баявы дух. Пры гэтым няма прыкмет, што Расія адмовілася ад захопу Кіева.

Тым не менш, у апошні час расійскія войскі прасунуліся на тэрыторыі Украіны ў паўночна-ўсходнім і паўночна-заходнім кірунку, а таксама захапілі раёны Херсона, Мелітопаля і Бярдзянска. У Херсоне, Сумах, Чарнігаве, Марыупалі, Трасцянцы, вакол Харкава, а таксама ўздоўж мяжы «ДНР» і «ЛНР» працягваюцца жорсткія баі.

Украінскія войскі ўпершыню перайшлі ў контрнаступ у Мікалаеўскай вобласці і пад Горлаўкай. Учора ў Мікалаеўскай вобласці ўкраінская армія і сілы тэрытарыяльнай абароны разбілі значную расійскую калону. У прыватнасці, жыхары райцэнтра Баштанка захапілі і спалілі комплекс «Панцыр-С». Відэа і фотасведчанні фіксуюць яго, як і шматлікіх расійскіх палонных.

Палонныя расійскія вайскоўцы каля помніка вызваліцелям Мікалаева, 2 сакавіка. Фота з сацсетак.

Палонныя расійскія вайскоўцы каля помніка вызваліцелям Мікалаева, 2 сакавіка. Фота з сацсетак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0