Суд пачаўся з жартаў ад нашых хлопцаў.

— У зале прысутнічаюць прадстаўнікі СМІ? — спытала сакратар «суда».

Ягор: Так.

Андрэй: У клетцы.

Усе ўсміхнуліся, уключна з работнікамі суда.

У залу суда гэтым разам прапусцілі толькі 7 чалавек, а не 12, «у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй».

— А мінулым разам было больш, абураліся людзі, сітуацыя за дзень змянілася?

— Это вы меня спрашіваете? — апраўдваўся міліцыянт.

Нашаніўцаў судзяць па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб. Ім пагражае да пяці гадоў зняволення.

Першы день суда быў 28 лютага.

На пасяджэнні «Мінскэнерга» адклікала іск да Марціновіча і Скурко і прэтэнзій да іх больш не мае. Шкоду, нібыта нанесеную камунальнікам, Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко кампенсавалі ў поўным аб’ёме.

Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). 

Праваабаронцы прызналі Марціновіча і Скурко палітвязнямі, а іх справу — палітычна матываванай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0