«Я далёка сядзела, кепска бачыла Алега. Калі я памахала Алегу, то міліцыянт адразу забараніў нам абменьвацца жэстамі, не дазволіў мне сказаць яму і слова», — расказала Мар’яна.

Груздзіловічу інкрымінуюць «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ён нібыта браў удзел у несанкцыянаванай акцыі ў той момант, калі яго пазбавілі акрэдытацыі МЗС.

Пацярпелым бокам у справе выступіў «Мінсктранс», які заявіў, што Алег нібыта нанёс ім шкоду у трох эпізодах: падчас акцый 16 жніўня, 11 і 18 кастрычніка 2020 года, бо ў Мінску быў спынены рух.

Палітвязню выставілі іск на 56 тысяч рублёў.

Груздзіловіча дапыталі па кожным эпізодзе: дзе журналіст знаходзіўся і што рабіў у даты, выстаўленыя ў абвінавачанні. Алег адказаў, што 16 жніўня 2020 года меў акрэдытацыю МЗС Беларусі ў якасці карэспандэнта «Радыё Свабода» і быў у камізэльцы з надпісам «Прэса», а 11 і 18 кастрычніка працаваў як пазаштатны журналіст «Народнай волі», выконваў сваю працу.

Сведкам на працэсе выступіў рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч, які расказаў суду, што Алег выконваў рэдакцыйнае заданне па асвятленні падзей. 

Сярэдзіч таксама пазітыўна ацаніў Алега як журналіста і чалавека, якога ён ведае 40 гадоў. Акрэдытацыя Груздзіловіча да канца жніўня пацвярджаецца даведкай МЗС Беларусі. 

«Алег трымаецца годна, хоць фізічна і стомлены няволяй. Знаходзіць сілы пасмейвацца і з сумы іску, і наогул са спробы зрабіць яго ледзь не галоўным па барыкадах», — паведаміў сябра Алега.

У спрэчках пракурор запатрабаваў прызнаць журналіста вінаватым і пакараць яго на 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Прысуд будзе агучаны ў чацвер, 3 сакавіка, у 12.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0