На днях кліенты давернага кіравання «Беларусбанка» атрымалі такі ліст:
«Паважаны кліент! […]
У сувязі з увядзеннем абмежавальных мераў у дачыненні да контрагентаў, паслугі якіх банк выкарыстоўвае для здзяйснення аперацый у рамках дамоваў давернага кіравання, на гэты момант адсутнічае магчымасць здзяйснення здзелак куплі-продажу замежных каштоўных папер на біржах ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі, а таксама еўрааблігацый на пазабіржавым рынку.
Аперацыі ў расійскіх рублях на рынках РФ ажыццяўляюцца ў звычайным рэжыме.
Набытыя ў рамках ДК каштоўныя паперы не заблакаваныя — гаворка ідзе аб часовай немагчымасці іх продажу.
Цяпер сумесна з контрагентамі ажыццяўляецца аналіз сітуацыі і выпрацоўка магчымых рашэнняў. Адпаведная інфармацыя будзе аператыўна даводзіцца.
Вывядзенне грашовых сродкаў з гандлёвага (брокерскага) рахунку на рахунак ДК у банку, а таксама частковае вяртанне грашовых сродкаў з ДК ажыццяўляюцца ў звычайным рэжыме.
Дадаткова банкам будзе разгледжанае пытанне аб неспагнанні базавай часткі ўзнагароджання на перыяд да аднаўлення магчымасці здзяйснення аперацый. Просім прабачэння за нязручнасці».
Што гэта ўсё азначае ў перакладзе на мову кліента?
«Нашай Ніве» сітуацыю даступна тлумачыць эканаміст BEROC Дзмітрый Крук.
«Калі зусім проста, то «Я вам даў грошы, каб вы на іх набылі акцыі. Вы набылі, а прадаць іх, выявілася, немагчыма. Я кажу, аддайце грошы, а вы кажаце, што грошай няма, бо яны ў акцыях», — кажа Крук.
«Падобна на тое, што «Беларусбанк» ажыццяўляў давернае кіраванне праз нейкі з заблакаваных расійскіх банкаў.
І пакуль іх не разблакуюць, зрабіць з тымі акцыямі і іншымі актывамі, набытымі ў межах давернага кіравання, нічога немагчыма.
То-бок кліентам давядзецца чакаць, пакуль санкцыі не адменяць.
А ў «Беларусбанку» замест прапановы якой-небудзь кампенсацыі кажуць, што падумаюць пра тое, каб не спаганяць частку грошай за паслугі, якія яны і так больш не могуць аказваць», — кажа эканаміст.