Беларускі біятланіст Антон Смольскі на зімняй Алімпіядзе ў Пекіне. Фота: АР.

Беларускі біятланіст Антон Смольскі на зімняй Алімпіядзе ў Пекіне. Фота: АР.

Нагадаем: наступствы прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, пратэстаў і гвалту ў краіне раздзялілі спартоўцаў. Больш за дзве тысячы атлетаў і прадстаўнікоў спартовай індустрыі падпісалі адкрыты ліст за сумленныя выбары і спыненне гвалту ў краіне.

Хутка пасля яго з’явіўся праўладны адкрыты ліст. Усе яго фармулёўкі намякалі на тое, што створаны ён у процівагу закліку да сумленных выбараў і што менавіта праўладная версія звароту з’яўляецца голасам беларускай грамадскасці.

Праўда, подпісы пад лістом за сумленныя выбары людзі ставілі выключна па сваёй ініцыятыве, а вось з альтэрнатыўным тэкстам усё было не так. Неўзабаве пачалі з’яўляцца звесткі пра тое, што за ўладу спартоўцы падпісваюцца пад страхам санкцый ад рэжыму для сябе ці свайго клуба, а то і ўвогуле не ведаюць пра тое, што нехта ставіць подпіс ад іх імя.

Гэта не прымусіла іх запярэчыць.

Потым пачаліся арышты. Пад рэпрэсіі траплялі тыя, з кім спартоўцы трэніраваліся і спаборнічалі разам, з кім разам ішлі пад адным сцягам у камандах і зборных, дзялілі шмат добрых і цяжкіх момантаў.

Гэта таксама прымусіла запярэчыць далёка не ўсіх. Ды што запярэчыць — нават напісаць паведамленне з падтрымкай ці ліст палітзняволенаму. «А што мы можам зрабіць? Што я яму, палітвязню, скажу? Навошта ты да ўсяго прыплятаеш палітыку?» — былі адгаворкі.

Цікава, што б адказаў на думку пра «спорт па-за палітыкай» Маркус Рэшфард, гулец англійскага клуба «Манчэстэр Юнайтэд», які прымусіў брытанскі ўрад адмяніць уласнае рашэнне і забяспечыць дзяцей з небагатых сем'яў бясплатнымі абедамі ў школе на лета.

А можа, фрыстайлісты Бураў і Абраменка з Расіі і Украіны, якія абняліся на Алімпіядзе, таксама зрабілі гэта дарма? Па шапцы ж надаюць, трэба разумець, хлопцы, што вы робіце. І нічога, што Еўропа на мяжы (на той час) найвялікшай вайны з часоў Другой сусветнай, калі можна проста ўстрымацца, бо ўсё роўна нічога не зменіш.

Тыя сем (сем!) чалавек, што выйшлі ў 1968 годзе на Чырвоную плошчу ў Маскве пратэставаць супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію, дакладна не маглі нічога змяніць. Аднак выйшлі. А праз дзень пасля гэтага адна з чэшскіх эмігранцкіх газет выпусціла артыкул пад назвай «Сем прычын, чаму мы не павінны ненавідзець рускіх» і апублікавала там імёны і прозвішчы тых дэманстрантаў.

Цяпер, калі Беларусь рызыкуе быць уцягнутай у вайну ва Украіне, ці можам мы гарантаваць, што ва ўкраінцаў таксама будуць прычыны не ненавідзець нас? 

У Беларусі ёсць атлеты, прызнаныя на міжнародным узроўні. Але спорт — гэта больш чым медалі ды сэлфі з алімпійскіх стадыёнаў. Гэта прыклад для іншых і вялікая адказнасць перад тымі, хто сочыць за табой і тваімі поспехамі, хто перажывае, захапляецца і падтрымлівае цябе. Адказнасць за свае ўчынкі ці за іх адсутнасць.

Цяпер менавіта такая адказнасць напаткала беларускіх спартоўцаў. Сусветныя федэрацыі па розных відах спорту або ўвогуле баняць беларусаў (разам з расійскімі атлетамі) на сваіх спаборніцтвах, або дазваляюць ім выступаць толькі ў нейтральным статусе.

Беларускі гімн пакуль не прагучыць як на менш рэйтынгавых падзеях накшталт чэмпіянатаў па рэгбі, так і, напрыклад, на прэстыжным чэмпіянаце свету па хакеі, а некалі ж Мінск яго прымаў.

Такую «пашану» беларускія спартоўцы маюць за тое, што, па шматлікіх даных, з тэрыторыі нашай краіны на паўднёвую суседку ляцяць ракеты ды ажыццяўляецца наступ расійскіх войскаў. Гэта пытанне салідарнасці. Салідарнасці, на якую многія беларускія атлеты аказаліся зусім не здольныя.

Пакуль ва ўсім свеце гульцы ды фанаты выказваюць салідарнасць з Украінай, афіцыйны беларускі спорт у большасці маўчыць. Хаця гэтая краіна заўсёды была нам блізкай. Маўчыць так, як маўчаў раней, калі беларусаў закідвалі на вуліцах святлошумавымі гранатамі, калі іх арыштоўвалі ды катавалі, калі пад удар сілавікоў траплялі нават сябры па камандзе — хапае такіх выпадкаў.

Таму не варта дзівіцца, што беларускі спорт апынуўся ў ізаляцыі. Ён ізаляваў сябе сам ужо даўно — і ад сусветных спартовых ідэалаў, і ад уласнага народа. І тое, што мы бачым зараз, — заканамерны фінал гэтай гісторыі.

Чытайце таксама:

Апейкін напісаў, што ўсім беларусам-эмігрантам трэба адначасова вярнуцца на радзіму. Спыталі, як ён сабе гэта ўяўляе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0