Хлопец з меркаванняў бяспекі просіць не называць яго імя.

Беларусы Адэсы ўступаюць у шэрагі грамадзянскай абароны.

«Наша Ніва»: Як вы апынуліся ва Украіне?

Я сам з Мінска, ва Украіну пераехаў яшчэ ў 2011 годзе неўзабаве пасля маўклівых акцый пратэсту. Асвятляў іх як блогер, як фотарэпарцёр — вымушаны быў з’ехаць праз пераслед. Адразу пасяліўся ў Адэсе, выходзіць, жыву тут ужо 11 гадоў.

Беларуская дыяспара ў Адэсе на Дзень яднання 16 лютага 2022 года.

Эвакуявалі сем’і ў Малдову, Польшчу, а самі засталіся

«НН»: Многія беларусы эвакуяваліся ў першыя дні вайны, некаторыя па сёння шукаюць магчымасць выехаць. Чаму вы вырашылі застацца?

Асабіста я адразу ведаў, што застануся тут, бо за гэты час Украіна стала вельмі блізкай для мяне, Адэса стала маім любімым горадам. Магу сказаць і пра хлапцоў, якія таксама не з’ехалі: яны эвакуявалі свае сем’і ў Малдову, Польшчу, а самі засталіся, бо ім таксама баліць за гэтую краіну.

«НН»: Ці шмат нашых цяпер застаецца ў Адэсе?

Дакладна не скажу, але з нашай дыяспары засталося каля 15 чалавек, і літаральна паўгадзіны таму мне патэлефанавалі з мяжы:

яшчэ адзін хлопец-беларус вяртаецца ў Адэсу з Малдовы. Яго прапусцілі, былі праблемы на мяжы, але на ўкраінскай усё прайшло хутка — ён едзе да нас сам і вязе гуманітарную дапамогу. 

«НН»: Якая цяпер сітуацыя ў горадзе?

Перыядычна чуваць, як адпрацоўваюць сістэмы СПА (па дронах, хутчэй за ўсё), ловяць дыверсійныя групы, шпіёнаў, кожны дзень мы чуем паветраную трывогу: і днём, і ноччу. Але ў цэлым абстаноўка змянілася ўчора — стала спакайней. Я шмат размаўляю з вайскоўцамі, з паліцыяй, тут звязваюць гэта са зменай губернатара Адэскай вобласці (пазаўчора прызначылі новага), дагэтуль Адэса была не надта падрыхтаваная да вайны, а цяпер пайшлі заўважныя ўзмацненні, будуюцца барыкады, адчуваецца больш спакою.

Беларуская дыяспара ў Адэсе на Дзень яднання 16 лютага 2022 года.

«Мы беларусы, але мы правільныя беларусы»

«НН»: Вы ўжо даволі даўно жывяце тут, а ці заўважылі змены ў стаўленні да беларусаў у сувязі з апошнімі падзеямі? Усё ж з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты. Сутыкаліся з перадузятым стаўленнем, агрэсіяй?

Не, не сустракаў такога. Ведаеце, калі мы недзе знаёмімся, камунікуем з вайскоўцамі, паліцыяй, шчыра кажам: «Мы беларусы, але мы правільныя беларусы». Гэтага дастаткова, у нас хлопцы пасля акцый, шмат прайшлі па 23.34, праз вобшукі, Акрэсціна. Да нас адразу ставяцца як да абсалютна сваіх, самых блізкіх. Мы абмяркоўваем сітуацыю, што адбываецца ў Беларусі цяпер. У цэлым украінцы і дагэтуль не зусім разумеюць, пытаюцца: «Чаму ж вы наўпрост не скінеце Лукашэнку з трона?»

Проста ва ўкраінцаў ёсць досвед Майдану, а ў нас гэтага досведу няма. Але яны нас разумеюць, прымаюць і спачуваюць.

«Мы без зброі, але, скажам так, мы — вочы і вушы»

«НН»: Чым канкрэтна вы займаецеся цяпер, які ваш непасрэдны ўдзел у абароне Украіны?

Юрыдычна сітуацыя такая: грамадзяне Беларусі (нават з ВНЖ) не могуць запісацца ў тэрытарыяльную абарону, бо Беларусь — краіна-агрэсар. Начальнік абласной тэрабароны так і сказаў: «Мы не можам даць вам афіцыйны статус, бо вы беларусы». Але ва УСУ беларусы запісацца могуць, адзін чалавек, з тых, каго я ведаю асабіста, ужо пайшоў.

Мы на сённяшні дзень — атрад грамадзянскай абароны.

Мы замацаваныя за адным пунктам (блокпастом вайсковых), аказваем любую дапамогу, якая ім патрэбная. Мы тут літаральна з другога дня вайны.

Пачыналі з дапамогі па ўзвядзенні блокпаста: засыпалі мяшкі, усталёўвалі іх. Пазней мы пачалі дапамагаць патруляваць вайскоўцам і паліцыі.

Цяпер мы маем свой квадрат, у нашага атрада беларусаў ёсць цяпер нават у падпарадкаванні ўкраінцы мясцовыя. Маем канкрэтную задачу — займаемся патруляваннем горада і выяўленнем дыверсійных груп.

Затрымалі пяць дыверсантаў

«НН»: Ці маеце вы зброю?

Агнястрэльнай зброі ў нас няма, афіцыйна мы не маем права яе насіць. Звычайна патруль выглядае так: адзін-два супрацоўнікі паліцыі, тры чалавекі з тэрабароны і два нашы беларусы. Мы без зброі, але, скажам так: мы — вочы і вушы.

«НН»: Што вы паспелі пабачыць за гэты час, ці шмат даводзіцца рабіць?

Мы знайшлі тое месца, дзе мы сапраўды карысныя: за гэты час выкрылі і затрымалі пяць шпіёнаў. Асабіста я з таварышым — без зброі, голымі рукамі — затрымалі чалавека з пісталетам, як потым высветлілася. За гэты час затрымалі пяць дыверсантаў.

«НН»: Распавядзіце пра дыверсантаў. Што гэта за людзі: рускія, можа, беларусы ці мясцовыя здраднікі?

Беларусаў там няма, прынамсі такога мы яшчэ не чулі. Дыверсантаў ёсць тры катэгорыі: 

  • сапраўды падрыхтаваныя кадэбісты, вайскоўцы, якіх засылалі загадзя, на колькі можна меркаваць,
  • дыверсійныя групы, якія дэсантуюцца ці засылаюцца проста цяпер для пашкоджання камунікацый,
  • групы ў гарадах: як правіла, вельмі маладыя хлопцы (адзін быў шаснаццацігадовы нават), апранутыя ва ўкраінскую форму, добра ведаюць горад, нават легенды маюць: адкуль яны, куды ідуць і г.д. 

Ва ўсіх, дарэчы, дакументы ўкраінскія, праўда, з пэўнай серыяй.

«НН»: Сапраўдныя дакументы?

Не, пасля высвятляецца, што падробленыя.

«НН»: Што вы робіце з гэтымі людзьмі, які механізм?

Калі мы бачым падазронага чалавека, праводзім папярэднюю праверку (дакументы, рэчы), пры патрэбе адводзім альбо ў паліцыю, альбо да вайскоўцаў, яны там далей разбіраюцца, праводзіцца другі этап праверкі і вырашаюць, адпусціць чалавека ці затрымаць.

Пакуль нікога яшчэ не адпускалі з тых, каго мы прывялі.

«НН»: Вы казалі, што з беларускім пашпартам можна трапіць ва Узброеныя сілы Украіны.

Так.

Размяркоўваюць у інтэрнацыянальны батальён, цяпер фармуецца і ў Адэсе. Там ёсць наш беларус, я асабіста пазнаёміўся з канадцам, двума хлопцамі з Францыі.

Мы з хлопцамі цяпер разважаем, бо ёсць магчымасць, калі мы пагодзімся, уступіць ва Узброеныя сілы Украіны з размеркаваннем канкрэтна ў тую брыгаду, дзе мы ўвесь гэты тыдзень і знаходзіліся, да таго ж камандзіра — мы ўжо спрацаваліся, ведаем усё добра. Цяпер вось вырашаем, заўтра-паслязаўтра будзем даваць адказ.

«НН»: Вы маеце дастатковы досвед?

Банеры з ужо крылатым выразам абаронцаў вострава Змяіны цяпер вісяць па ўсёй Украіне.

Я служыў ва ўнутраных войсках, нашы хлопцы таксама служылі. Я да таго ж шмат гадоў прафесійна займаўся страйкболам. А ў такой вайне гэта сапраўды карысны досвед.

Калі пачалася аперацыя на Данбасе, то страйкбалісты былі на вагу золата. 

Страйкбаліст можа схавацца так, што чалавек пройдзе за тры метры ад яго і не заўважыць. Ва ўмовах гарадскога бою гэта сапраўды важна.

Жартуюць: «Зараз скончым з Пуціным, пойдзем потым вашага скідваць»

«НН»: Які ваш прагноз, чым гэта ўсё скончыцца?

Я лічу, што Расія разлічвала захапіць Украіну за тры дні, разлічвала, што здадуць Херсон, Мікалаеў, здадуць Адэсу. Аднак расійскія войскі сутыкнуліся з неверагодна моцным супрацівам: Украіна аб’ядналася, кансалідавалася. Тут у мясцовых настрой вельмі аптымістычны, людзі кажуць, што трэба даціскаць, гаворкі пра паразу Украіны не вядзецца — наадварот, кажуць, што не мае быць зацішша, бо Расія перагрупуецца, падцягне войскі, кажуць: «Трэба іх дабіваць!». Настрой тут такі.

Жартуюць таксама: «Зараз скончым з Пуціным, пойдзем потым вашага скідваць».

Важна казаць і пра нас, пра тое, што беларусы дапамагаюць Украіне і ў Кіеве, і нават у Адэсе. Дзе пойдзе адзін — пойдуць і астатнія. Тым больш, Ціханоўская абвясціла мабілізацыю — значыць, трэба ісці!

«НН»: Плануеце вяртацца на радзіму, калі з'явіцца магчымасць?

Я асабіста, хутчэй за ўсё, застануся ў Адэсе. Але я вельмі хачу пабачыць Мінск. З'ездзіць туды, паглядзець, якім ён стаў за гэтыя дзесяць год. А можа, там і застануся тады.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру