Людміла Рамановіч.

Людміла Рамановіч.

«Я, грамадзянка Рэспублікі Беларусь — паляшучка. Нарадзілася за 5 км ад украінскай мяжы, жыву за 15 км ад украінскай мяжы. Усё жыццё гавару на дыялекце ўкраінскай мовы. З задавальненнем карыстаюся беларускай.

Я бачу тую нябяспеку, у якую нас уцягнуў Пуцін са сваім войскам. Мы не можам прымаць у гэтым удзел. Краіна Беларусь — не нечы дачны участак: каго хачу, таго і запрашаю на шашлыкі. Я патрабую прыбраць чужую армію з Беларусі!

Украінцы нам не чужыя. А такім, як я і спадар Лукашэнка, варта падумаць, колькі ў нас украінскай крыві. Мне сорамна за тое, што з нашай зямлі ляцяць ракеты ў бок мірных людзей ва Украіне.

Мне страшна, што беларускія сыны могуць быць пасланыя ў мясарубку. Паляшук не павінен забіваць палешука з другога боку мяжы. Палешукі з украінскага боку не павінны лічыць беларускіх палешукоў забойцамі. Нам няма чаго дзяліць з украінцамі.

У нас у кожнага ёсць свой кавалак зямлі. Мы ганарыліся добрасуседскімі адносінамі. Спадар Лукашэнка пра тое не стамляўся гаварыць. Хачу, каб спадар Лукашэнка успомніў, як ён абяцаў украінцам, што ніколі з боку Беларусі да іх ніхто не прыйдзе са зброяй. Мы не бандыты. Нашы дзеці не акупанты.

Я хачу, каб маё патрабаванне і погляды былі пачутыя і ў адміністрацыі, і ў Беларусі, і ва Украіне. Я супраць любой вайны наогул. А вайна з Украінай проста не дапушчальная. Я з імі адной крыві. Адной культуры і адной мовы».

Клас
19
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0