У горадзе Энергадары Запарожскай вобласці адбываўся начны бой, падчас якога недзе ў 1.30 паводле ўкраінскага часу расійскімі войскамі была абстраляная Запарожская АЭС. 

У выніку абстрэлу на АЭС пачаўся пажар, на кадрах з камеры назірання былі відаць полымя і дым.

Вецер дзьмуў у напрамку паўднёва-ўсходніх абласцей Украіны і расійскіх Растова-на-Доне і Краснадара.

На трансляцыі з камеры відэаназірання на Запарожскай АЭС перыядычна былі бачныя ўспышкі выбухаў і клубы дыму справа.

Сцвярджалася, што снарады патрапілі ў першы энергаблок, ратавальнікі доўга не маглі пачаць ліквідацыю пажару, бо абстрэлы працягваліся.

Кіраўнік дэпартамента прэс-службы Запарожскай АЭС Андрэй Туз у эфіры тэлеканала «Рада» распавёў, што 100 адзінак цяжкай тэхнікі Расіі зайшлі ў горад 3 сакавіка. А 9-й гадзіне яны прарваліся праз блок-пост горада і прасунуліся да прамысловай пляцоўкі станцыі.

«Проста зараз вядуцца абстрэлы з боку вайсковай тэхнікі проста на АЭС. Трапляюць снарады. Можаце бачыць на відэакамеры — яна на прахадной АЭС, накіраваная на горад. Варожая тэхніка рухаецца і страляе проста па станцыі. Вы бачыце дым. Я тэлефанаваў калегам, якія працуюць на энергаблоках. Яны кажуць, што снарады трапляюць проста па блоках, побач з небяспечнай вытворчасцю. У нас таксама знаходзіцца сховішча адпрацаванага ядзернага паліва. Добра, што яно яшчэ не патрапіла пад агонь ворага», — адзначыў Туз.

Андрэй Туз таксама дадаў, што камера, адкуль вядзецца анлайн-трансляцыя, размешчаная на адміністрацыйным будынку атамнай станцыі, побач з першым энергаблокам. Менавіта на гэтым памяшканні бачны дым. Ці гарыць дзесьці яшчэ, супрацоўнікі АЭС зараз высвятляюць.

Інфармацыі пра парушэнне радыяцыйнага фону, паводле Туза, пакуль няма, але ў любы момант можа здарыцца што заўгодна, калі абстрэлы працягнуцца:

«У першую чаргу трэба спыніць агонь і пачаць ліквідаваць тыя наступствы, што ёсць. Яны абавязкова будуць выконваць рэгламенты і правядуць аперацыі, каб перавесці энергаблокі ў бяспечны стан. Але з працягам абстрэлаў ніхто не можа прагназаваць, чым гэта скончыцца. Гэта атамны аб'ект, самы вялікі і магутны ў Еўропе. І наступствы могуць быць трансгранічнымі, яны выйдуць за межы Украіны і Еўропы», — падкрэсліў Андрэй Туз.

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў расійскую армію спыніць абстрэл Запарожскай АЭС:

«Расійская армія абстрэльвае з усіх бакоў Запарожскую АЭС, найбуйнейшую атамную электрастанцыю ў Еўропе. Агонь ужо ўспыхнуў. Калі станцыя выбухне, гэта будзе ў 10 разоў магутней за Чарнобыль! Расіяне павінны неадкладна спыніць агонь, дапусціць пажарных і ўсталяваць зону бяспекі!»

Каля 3.00 украінскага часу (4.00 паводле беларускага) пажарнікаў нарэшце пусцілі да АЭС, паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Старух. Высветлілася, што пажар адбываўся па-за тэрыторыяй непасрэдна АЭС, у вучэбна-трэніровачным цэнтры.

Першы энергаблок падчас абстрэлу знаходзіўся на рамонце, але ядзернае паліва з яго не вывозілі.

У сувязі з сітуацыяй на АЭС экстранны зварот сярод ночы запісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Між тым на АЭС пасля таго нічога не скончылася. Украінскія СМІ паведамлялі, што неўзабаве туды ўварваліся чачэнцы-кадыраўцы, якія вялі бой з украінскімі нацгвардзейцамі. Таксама абстрэламі расійскія войскі заміналі працы пажарнікаў.

Аператыўная інфармацыя па начной расійскай атацы на Запарожскую АЭС, стан на 4:00 паводле ўкраінскага часу ️ ️

У выніку абстрэлаў за тэрыторыяй АЭС працягвае гарэць адзін з будынкаў вучэбна-трэніровачнага комплекса. Агнём ахопленыя 3, 4, 5 паверхі пяціпавярховага будынка.

Расійскія вайскоўцы абстрэламі не давалі магчымасці ратавальнікам прыступіць да ліквідацыі наступстваў пажару.

На Запарожскай АЭС працуе адзін энергаблок з шасці. Супрацьпажарны стан АЭС у норме.

Па стане на 5:30 па ўкраінскаму часу абстрэлы спыніліся. Падраздзяленні ратавальнікаў выехалі на тушэнне пажару ў вучэбна-трэніровачным корпусе.

Жывая трансляцыя з камеры назірання на станцыі — тут:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0