Адзін з пастоў выклаў шоўмен Андрэй Бонд.

«Я застаюся ў Беларусі. Гэта маё добра абдуманае рашэнне. Тут нарадзіўся, жыў, жыву і буду жыць. Толькі ўзаемная дапамога і падтрымка выратуе нас. Мы нясём культуру, спадчыну, каштоўнасці. Тут наша ўсё.

Павінны ж мы (а хто яшчэ, калі не мы?) пісаць музыку, будаваць дамы, быць вадзіцелямі, афіцыянтамі, бухгалтарамі, кур'ерамі, настаўнікамі і апорай.

Быць падтрымкай для тых, хто мае ў гэтым патрэбу значна больш, чым ты. Старых, дзяцей, жывел і любога, каму можа цяпер спатрэбіцца дапамога.

Хто яшчэ, калі не мы? Калі яшчэ, калi не цяпер? Мне страшна, як і ўсім. Я не ведаю, што будзе заўтра, як і ўсе. У мяне ёсць родныя і блізкія, як і ва ўсіх. Мне ёсць што губляць, як і ўсім. Гэта мой дом, і я застаюся ў Беларусі. Я гэтак вырашыў».

У Інстаграме з дзясятак такіх публікацый пад хэштэгам #язастаюся.

«Хацела б я сказаць, што гэта было самае лёгкае рашэнне ў маім жыцці, але гэта не так — я некалькі разоў адкладвала гэты «патрыятычны камінг-аўт», слухаючы, як шум верталёта з перыядычнай настойлівасцю парушае начную цішыню над горадам. Страшна. Бо незразумела. І ўсё ж я прымаю гэтае рашэнне, зыходзячы з любові, а не з-за страху — гэта мой дом, тут жыве мая сям'я, мае сябры (тыя, хто застаўся), а разам з імі — маё сэрца. Ды і свет я хачу паглядзець у падарожжы, а не ва ўцёках», — напісала мінчанка Дар'я.

«Шчыра кажучы, у апошнія два дні я шмат думала — ехаць у Мінск ці заставацца ў Еўропе, пакуль ёсць такая магчымасць. Як бачыце, я дома — для мяне гэта адзінае слушнае рашэнне на гэты момант. Я не змагу чытаць навіны пра тое, што можа адбывацца ў Беларусі, і тэлефанаваць родным са словамі «ну як вы там».

Я застаюся ў сваёй краіне, каб стаць апорай для людзей, якія тут застаюцца. Для сям'і і блізкіх сяброў, для тых, хто выходзіў і працягвае выходзіць, і для тых, хто толькі ўсвядоміў, што мог зрабіць крышачку больш».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0