«Мая сяброўка актыўная хрысціянка. На пачатку тыдня яна мне паведаміла: можна схадзіць на малітву за мір. Я сказала, што гатовая.

Планавалася гэта рабіць 2 сакавіка, бо спачатку планавалася малітва разам з каталікамі. Але па нейкіх прычынах не атрымалася.

І 3 сакавіка быў анонс у адкрытым чаце матуль вайскоўцаў. Гэта было пазначана як малітва за мір і нашых сыноў, — расказала «Нашай Ніве» жанчына. — Я не хацела нікога агітаваць, бо было зразумела, што ў нашай краіне сёння можна чакаць усяго.

Але мая мама сама вырашыла далучыцца, і мы паехалі ўдваіх. Я ўзяла з сабой ікону Багародзіцы. Але нас з мамай спынілі адразу каля сабора.

Я ўбачыла групу людзей, падышла да іх — але гэта была экскурсія. Таму мы сталі асобна, але не прайшло і хвіліны — падлятаюць трое ў чорным, але без масак. Я не памятаю, але мама казала, што яны былі ў цывільным. У твар паказалі пасведчанне нейкае. 

Адразу пачалі «наязджаць». Адзін, з відэакамерай, нас здымаў. Іншы, невысокі, з дзікімі звярынымі вачыма, ён проста крычаў: «Што вы тут робіце?»

Кажу: «Прыйшлі ў храм».

Спыталі: «А чаго тут стаіце?»

Ён адказаў не чакаў, адразу перабіваў словамі пра штрафы, суткі, адказнасць. Крычаў: «Вы нас зразумелі???»

Спытаў дакументы. Мама кажа: «Я ў царкву дакументы не бяру…»

А я стаю і думаю: якое глупства, што я ўзяла тэлефон… Але кажу: «Магу паказаць пашпарт, але з маіх рук». 

Сілавік крычыць: «А вы ведаеце, што пашпарт — уласнасць дзяржавы?» Але нават не стаў прасіць яго паказаць.

Гэта была агрэсія — проста каб наехаць і запалохаць. Яны пакрычалі і адышлі. Мы з мамай зайшлі ў храм. Там была мая сяброўка, астатнія жанчыны, якіх я не ведала. 

І сяброўка мне кажа: «Тут поўная царква ціхароў…»

Я чалавек без вопыта, але было зразумела, хто ціхары — мужчыны ў цывільным. Я рэгулярна наведваю царкву, ведаю, як людзі сябе там паводзяць. А гэта былі людзі, якія відавочна былі не на службе царкоўнай, а на службе ў дзяржавы. 

Мы з мамай стаялі трохі далей ад уваходу за калонай. Адразу за намі стаў чалавек, паміж намі не было і паўметра.

Праз пяць хвілін пасля таго, як мы зайшлі ў сабор, заляцеў той, хто на нас крычаў. Ён нават не рабіў выгляд, што прыхаджанін — пачаў насіцца па храме, што ён там вышукваў, я не ведаю. Але пасля, здаецца, выйшаў, прынамсі я яго не бачыла.

Мы адстаялі службу. У канцы яе быў малебен за мір. І самі прыхаджане прапанавалі спець трапар Багародзіцы перад яе іконай.

Пазней прыехала яшчэ адна сяброўка і паведаміла: на вуліцы стаіць чалавек восем у чорным. Мы пачалі думаць, што рабіць. Сяброўка прапанавала пачакаць канца службы, а пасля прасіць святара вывесці нас да метро. Але мне падалося, што тады мы прыцягнем увагу. Я прапанавала проста выходзіць з астатнімі прыхаджанамі. 

Але мая сяброўка ўсё ж падышла да святара. Спачатаку папрасіла яго нас вывесці, а пасля пачала казаць яму тое, што нельга казаць у нашай краіне: «Як так? Мы жанчыны прыйшлі памаліцца, а храм аточаны амапаўцамі? Як так, што ў нас столькі людзей катавалі, столькі сядзяць у турмах, а мы не можам называць зло злом?»

Таксама выказвалася пра гэтую вайну. Яна казала гэта, і плакала. І яе словы чулі ціхары.

Цікава, што нехта з людзей пачаў спрачацца з ёй, штампамі пра восем гадоў. Я лічу, гэта быў прыхаджанін, мая мама — што ціхар. 

Мы выйшлі на вуліцу, і да ўваходу падляцеў той сілавік, які крычаў. Я зразумела, што нешта будзе. Была б адна, то, можа, я б і засталася, але я была з мамай, яна пачала мяне цягнуць: хадзем хутчэй!

Я развіталася з сяброўкай, мы пайшлі ў метро, спусціліся ў пераход. Там да нас падышлі дзве жанчыны, якія былі ў храме, мы разгаварыліся, але іншая жанчына папярэдзіла нас: дзяўчаты за вамі ззаду ідуць!

Тут мама мяне схапіла, і мы хутка пайшлі ў метро, селі ў цягнік. Праз пару станцый мы атрымалі паведамленне: сяброўку затрымалі. 

Але яе цудам адпусцілі ўвечары. Яна расказвала, што было далей: стаялі на прыступках, чакалі ўсіх жанчын, каб ісці дадому разам. Падляцелі сілавікі: «Дакументы! Што тут робіце?»

Маёй сяброўцы сказалі, што яна «надта дзёрзкая і борзая» і затрымалі яе. Разам з ёю ўзялі траіх выпадковых жанчын. 

Адвезлі іх у РАУС. Там правяралі дакументы, тэлефоны. У РАУСе жанчыны сядзелі і спявалі малітвы. Як сяброўка кажа, самі міліцыянты здзіўляліся: «А чаго жанчын прывезлі? Сапраўды з сабора?»

Сяброўка кажа, тых, хто быў з ёй, таксама адпусцілі. Ці склалі на іх пратаколы, я не спытала.

Але цяпер ходзіць інфармацыя, што былі затрыманыя яшчэ нейкія людзі. Наколькі гэта праўда — пакуль не ведаем».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру