«Наша Ніва»: Як вы апынуліся ў Кіеве?

Паліна Старыкава: Мы добра памятаем падзеі 2020 года, але я да апошняга намагалася заставацца на радзіме, бо мела свой бізнэс. Але тыя, хто пералічваў сродкі ў «Байсол» і «Байхэлп», каб хоць неяк дапамагчы людзям, апынуліся пад моцным ціскам. Сталі прыходзіць, тэлефанаваць, пісаць. Урэшце прыйшлі да маёй матулі ў Гомелі па месцы прапіскі, цікавіліся, дзе я, дзе мяне шукаць. Тады зразумела, што час рушыць, бо моцна затрымалася. Хутка сабрала рэчы і пераехала ў Кіеў. 

Апошняе фота Паліны перад вайной і трэці дзень у дарозе.

Апошняе фота Паліны перад вайной і трэці дзень у дарозе.

Гэта быў лістапад 2021 года. Я не паспела зрабіць ВНЖ і астатнія дакументы, таму потым вельмі хвалявалася, ці выпусцяць мяне на мяжы.

«НН»: Ці адчулі вы за гэтыя месяцы адрозненне паміж Беларуссю і Украінай?

ПС: Канешне! Кіеў і агулам Украіна для беларусаў — тое месца, куды мы і раней прыязджалі глытнуць крыху свабоды, адчуць сябе людзьмі. Вельмі хутка знайшла тут сяброў, працу. Тут цудоўныя і ветлівыя людзі, цудоўна да мяне ставіліся. Першы час выбачалася, маўляў, прабачце, я з Беларусі і я пакуль размаўляю па-руску, але буду старацца вучыць украінскую. Але ніхто не меў прэтэнзій. 

Ты прыязджаеш ва Украіну і літаральна з першай секунды адчуваеш, што велізарны цяжар упаў з тваіх плеч.

Стала лягчэй. Нават у фізічным плане. У мяне ёсць хвароба, дыягнаставалі гадоў пяць таму, і яна часам абвастраецца. Апошнія паўгода ў Беларусі мне было вельмі дрэнна: галаўныя болі, загнаенні. Але пасля пераезду мне стала лягчэй літаральна праз тры тыдні. Сур’ёзна, вось да такой ступені, нават на фізічным узроўні стала лягчэй.

«НН»: Якімі былі для вас першыя гадзіны вайны?

Раніца у Кіеве ў першы дзень вайны

Раніца у Кіеве ў першы дзень вайны

ПС: Я працавала з украінскім тэлеканалам, здымалі матэрыял дапазна, прыехала дадому стомленая. Ужо ў 5.40 патэлефанаваў мой сябар: «Паліна, прачынайся — вайна!»

Я адна дома. Прачнулася, нічога не разумела, чула, як збіраюцца людзі, грукат валізак па прыступках у пад’ездзе. Паглядзела ў акно: шмат людзей з рэчамі, усе ўцякаюць. Пачалі даносіцца гукі бамбёжкі. Было вельмі страшна, спрабавала звязацца са знаёмымі. 

Спусцілася да прадавачкі ў краме ў маім доме, яна паказала падвал, дзе можна схавацца. 

«Кожную хвіліну абнаўляла тэлеграм, навіны слухала без перапынку, каб нічога не прапусціць».

«Кожную хвіліну абнаўляла тэлеграм, навіны слухала без перапынку, каб нічога не прапусціць».

Знаёмы пазваніў, сказаў, што будзе праз тры хвіліны і забярэ мяне. Таму ў мяне нават і рэчаў з сабой няма, амаль усё пакінула: адзенне, ноўтбук. 

«НН»: Вы адразу прынялі рашэнне выязджаць з Кіева?

ПС: Нас было шэсць чалавек, паехалі ў кватэру да знаёмых, у якіх побач вялікае бомбасховішча, у ім мы і праводзілі большую частку часу. Было абсалютна незразумела што рабіць: ехаць зараз ці пачакаць?

Каб не патрапіць у велізарныя чэргі на выездзе, вырашылі перачакаць.

Ноччу спалі па чарзе, каб не прапусціць трывогу, паспець схавацца. Так усю ноч бегалі.

Бомбасховішча ў Кіеве.

Бомбасховішча ў Кіеве.

Раніцай ужо вырашылі любымі шляхамі выбірацца з Кіева ў бок захаду. 

«НН»: На колькі праблематычна было выехаць з Кіева ў другі дзень вайны, ужо ж ішлі атакі і на яго?

ПС: Нас было ў машыне шэсць чалавек і два сабакі. Ехалі да Львова каля 20 гадзін. Былі вялікія заторы, над галавой гудзелі самалёты.

«У машыне нас было шэсць чалавек і два сабакі».

«У машыне нас было шэсць чалавек і два сабакі».

Выпрацавалася ўжо звычка пры любым гучным гуку адкрываць тэлефон і набіраць паведамленне маці — напісаць у апошні раз, што люблю яе. Было страшна.

«НН»: Львоў быў канцавой кропкай?

ПС: У Львоў ехалі, бо адтуль ішлі цягнікі на Польшчу. Дабраўшыся, прыехалі на вакзал, спрабавалі сесці ў цягнік — гэта было абсалютна немагчыма. Украінцы паводзілі сябе адэкватна, але ў той час на вакзале было шмат іншаземцаў, яны вельмі панікавалі, не зважалі ні на жанчын, ні на дзяцей — перлі напралом, па галовах. 

Гэта было страшней, чым падчас бамбёжкі. Я крычала ў натоўпе: «Спыніцеся, я вас малю!», ледзь не зламала руку.

Цудам выбраліся з гэтай тузаніны, зразумелі, што на цягнік мы не сядзем. Было страшней быць расціснутым там.

Натоўп на чыгуначным вакзале Львова.

Натоўп на чыгуначным вакзале Львова.

«НН»: Вам атрымалася ўрэшце дачакацца іншага цягніка?

ПС: Чакалі наступных, але яны прыходзілі ўжо перапоўненыя. Потым увогуле перасталі прыязджаць па раскладзе.

Мы вырашылі знайсці месца, каб адпачыць, бо не спалі ўжо трэці дзень. 

Знаёмыя напісалі, што мелі кватэру, але з’ехалі раней, цяпер яна вольная. Прыехалі, гаспадыня кватэры папрасіла дакументы.

Але дазнаўшыся, што мы беларусы, не пусціла: «Скажыце дзякуй, што паліцыю не выклікаю». 

Прыйшло ўсведамленне, што нарастае непрыняццё беларусаў, разумелі чаму. Нам было і сорамна, і страшна, не ведалі, што рабіць. Намагаліся менш размаўляць па-руску: хтосьці гаварыў па-англійску, хтосьці па-беларуску.

Сябры скінулі спасылку на спартыўную залу, якую пераабсталявалі для бежанцаў. Там мы і засталіся, вельмі ўдзячныя валанцёрам: расклалі коўдры, падушкі, была ежа, людзі неслі і неслі, прапанавалі дапамогу. Вельмі шмат было людзей і з дзецьмі, і з жывёламі, а ўнізе было сховішча. 

Спартыўная зала ў Львове служыць часовым прытулкам для ўцекачоў.

Спартыўная зала ў Львове служыць часовым прытулкам для ўцекачоў.

«НН»: І як вы рухаліся потым?

ПС: На наступны дзень маніторылі праз інтэрнэт усе памежныя пераходы, дзе прайсці прасцей. На машыне мы выехаць не маглі, бо ўладальніка з намі не было. 

Вырашылі купіць цёплыя рэчы і паехаць на пераход Угрынаў. Але крамы, апроч прадуктовых, былі ўсе зачыненыя. Працавалі некаторыя палаткі на рынках, але там былі шалёныя цэны. Дасталі толькі цёплыя шкарпэткі, пару шапак. 

На машыне даехалі да хваста аўтамабільнай чаргі, яна была кіламетраў з дзесяць. Памежнікі нам паказалі месца, дзе можна пачакаць аўтобус, што давязе непасрэдна да мяжы, яны хадзілі даволі часта. Уражвала колькасць дзяцей: усіх узростаў, немаўлятаў шмат — іх, вядома, прапускалі ўперад. 

У нашай кампаніі было два хлопцы і шэсць дзяўчат. У аўтобус пускалі па адным мужчыну на сям’ю, мы падзяліліся, сказалі, што ў нас дзве сям’і, таму ўсіх прапусцілі. 

«НН»: Якая сітуацыя назіралася на мяжы ў тыя дні? Ці праблематычна было яе пераходзіць?

ПС: На ўсім шляху былі палаткі і машыны з валанцёрамі, якія прапаноўвалі паесці, папіць цёплага — паўсюль. 

На абедзве мяжы ў нас сышло не больш за 5 гадзін — нам пашанцавала: пад’ехалі дзесьці а пятай вечара, а ў Польшчы былі каля апоўначы. 

На ўкраінскай мяжы нас адасобілі ад агульнага патоку (бо пашпарты беларускія), чакалі мы хвілін з 20. 

За гэты час пагутарылі з жанчынай-памежніцай, якая нам сказала: «Ну, можа, вы ўжо зробіце нешта са сваім прэзідэнтам?» Мы тлумачылі ёй сітуацыю ў Беларусі, але яна стаяла стомленая, без сілаў. Як высветлілася, яна толькі прыехала з фронту, яе накіравалі на мяжу. Удзельнічала ў абароне Сумшчыны, маці-адзіночка, таму сваё дзевяцігадовае дзіця адно адправіла ў Польшчу. Распавядала гісторыю пра сям’ю цывільных з дзіцём, якіх у машыне проста забілі пры наступе.

Немагчыма было глядзець ёй у вочы, я стаяла, плакала — не было моцы ні ўспрымаць гэта, ні слухаць. Не верылася, што такое можа быць у свеце. Арганізм проста фізічна гэта не мог успрыняць. 

На мяжы не прапускалі мужчын з Украіны прызыўнога ўзросту. Бачылі, як дзеткі галасілі: «Калі ласка, прапусціце тату!», жанчыны некаторыя на каленях кленчылі. Але ж памежнікі не маюць права, мужчын не прапускалі.

«НН»: З польскага боку было прасцей, вас прапусцілі без візы?

ПС: Праблем не было, паставілі штамп аб уездзе. Там гучала інфармацыя, што нам дазволяць заставацца ў Польшчы 15 дзён без ніякай рэгістрацыі, падачы на бежанства ці прытулак. Потым высветлілася, што зараз па сутнасці тэрміну няма. 

Кропка для ўцекачоў з польскага боку.

Кропка для ўцекачоў з польскага боку.

З польскага боку ўтвораны цэлы намётавы гарадок з валанцёрамі. Нас накармілі, далі цёплыя рэчы і сім-карты. Групы валанцёраў развозяць людзей па ўсёй Польшчы, куды скажаш. 

«НН»: Вам было куды ехаць?

ПС: Знаёмыя падказалі месца ў Варшаве — «Мірны дом». Ён быў створаны яшчэ для палітычных уцекачоў з Беларусі, цяпер яны прымаюць усіх, каму патрэбна дапамога. Мы селі ў бус, пад’ехалі да супрацоўніка паліцыі, які зафіксаваў нашыя даныя і так даехалі да Варшавы. 

У «Мірным доме» было абсалютна ўсё неабходнае, адміністратарка Марыя распавяла, што ад першых дзён людзі масава нясуць прадукты, рэчы, нават тэхніку — скупілі ўсё ў крамах. Цяпер такая вялікая колькасць усяго, што частку накіроўваюць непасрэдна на мяжу.

«Мірны дом» у Варшаве.

«Мірны дом» у Варшаве.

«НН»: Наколькі цяжкім для вас быў гэты шлях?

ПС: Я моцна змерзла, пакуль чакалі на мяжы — захварэла. Адміністратарка адразу прынесла мне лекі, схадзіла па тэст на кавід. 

У гэтым лагеры чалавек можа бясплатна быць на працягу месяца.

У гэтым лагеры чалавек можа бясплатна быць на працягу месяца.

А вось на другі дзень знаходжання ў Польшчы пачало прыходзіць усведамленне таго, што адбываецца. Увесь гэты час, пакуль мы дапамагалі адно адному, эвакуяваліся — ты не даеш сабе магчымасці думаць аб сітуацыі, каб не сарвацца, мець хоць нейкія сілы. А вось на другі дзень да мяне пачало даходзіць: многія мае сябры, блізкія зараз ва Украіне, многія ў Кіеве, які бамбяць, некаторыя — у Харкаве. Краіну рвуць на шматкі.

Раней думала, што я ментальна стойкі чалавек, але здарылася істэрыка, не вытрымала.

Да мяне прывялі крызіснага псіхолага, мы паразмаўлялі — мне стала лягчэй. Яна параіла на нейкі час адарвацца ад сітуацыі, прывесці сябе ў парадак, іначай будзе толькі горш. У той жа вечар мяне забралі знаёмыя, цяпер знаходжуся ў іх. 

На вуліцах Варшавы.

На вуліцах Варшавы.

«НН»: Якія ў вас чаканні ў гэтай страшнай сітуацыі?

ПС: Усе вакол абмяркоўваюць, дзе ім застацца, дзе жыць, што рабіць далей. Я такіх сумневаў не маю — ведаю, што вярнуся ва Украіну.

Не разглядаю варыянта, што давядзецца жыць недзе яшчэ. Я ўпэўнена, што мы ўсе вернемся вельмі хутка і будзем дапамагаць усё адбудоўваць: Украіна — гэта вялікая моц, і я веру, што хутка ўсё будзе добра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0