Навіна пра тое, што Coca-Cola наважылася працягнуць працаваць у РФ, хутка распаўсюдзілася ў інфармпрасторы. Ужо 4 сакавіка некаторыя ўкраінскія гандлёвыя сеткі абвясцілі кампаніі байкот. Тавары маркі Coca-Cola пачалі прыбіраць з паліц у сетках Novus, Fozzy Group і Varus.

Але Coca Cola не адна, ёсць і іншыя. Некаторыя кампаніі не толькі не спынілі сваю дзейнасць у Расіі, а нават заяўляюць, што не збіраюцца гэтага рабіць і ў будучыні.

METRO

METRO — міжнародная гандлёвая аптовая сетка са штаб-кватэрай у Германіі. 3 сакавіка на афіцыйнай Facebook-старонцы Metro Russia з'явілася паведамленне: кампанія не збіраецца сыходзіць з рынку Расіі, дзе ў яе 93 гандлёвыя цэнтры. Кампанія таксама прадстаўленая ў Украіне.

«METRO працягвае працу ў Расіі. Мы не плануем закрываць нашы гандлёвыя цэнтры. Усе крамы METRO працуюць у звычайным рэжыме. Мы прадугледзелі неабходны запас тавараў і наладжваем ланцужкі паставак», — гаворыцца ў паведамленні.

PepsiCo

Кампанія PepsiCo пакуль не рабіла заяў адносна сваіх далейшых планаў на расійскім рынку. Запыт пра гэта карэспандэнт Радыё Свабода ў Вашынгтоне адправіў яшчэ ў панядзелак, 28 лютага. З таго часу кампанія не адказала і не выходзіла з публічнымі заявамі.

Расія з'яўляецца другой па памеры пасля Мексікі краінай, куды PepsiCo экспартуе свае тавары, гаворыцца ў яе фінансавай справаздачы. За 2021 год кампанія зарабіла ў Расіі 3,4 мільярда даляраў.

Цяпер кампанія вырабляе прадукцыю пад брэндамі Pepsi, Mirinda, 7up, Lay's, «Фруктовый сад», «Домик в деревне», «Агуша», «ХрусTeam», «Чудо», Sandora, «Славяночка», Lipton, «Ессентуки».

Nestle SA

Швейцарская кампанія, якая ўваходзіць у сотню найбуйнейшых у свеце і валодае прыкладна 2 тысячамі брэндаў (Nescafe, Nesquik, Nuts, Maggi, Світоч, Мівіна, Торчин) рознай прадукцыі, таксама не спыняе сваёй працы ў Расіі.

«Нашы фабрыкі і офісы ў Расіі працягваюць сваю працу. Наша мэта — забяспечваць спажыўцоў якаснымі прадуктамі харчавання і напоямі ва ўсіх рэгіёнах нашай прысутнасці. Мы працягваем прадстаўляць на рынку шырокі асартымент прадуктаў харчавання», — адказалі ў прэс-службе кампаніі на пытанне расійскага выдання ТАСС.

Затое яшчэ 24 лютага з'явілася інфармацыя, што кампанія часова згортвае сваю дзейнасць ва Украіне ў сувязі з небяспекай для яе работнікаў. Ва Украіне на Nestle, якой тут належаць 3 фабрыкі — у Львове («Світоч» і «Мівіна») і ў Валынскай вобласці («Торчин») — працавала каля 5 тысяч чалавек.

Stellantis

Многія сусветныя вытворцы аўтамабіляў ужо абвясцілі аб прыпыненні дзейнасці ў Расіі — як вытворчасць на яе тэрыторыі, так і экспарт аўтамабіляў ды камплектуючых да іх. Аднак транснацыянальны вытворца аўтамабіляў — карпарацыя Stellantis, якая ў Расіі (у Калузе) мае завод па вытворчасці асобных мадэляў такіх вядомых брэндаў, як Peugeot, Citroen, Opel і FIAT, — вырашыла не перарываць сваю дзейнасць у Расіі, пакуль можа працаваць.

Кампанія таксама не заяўляе аб спыненні экспарту ў Расію іншых сваіх мадэляў, у прыватнасці люксавых аўтамабіляў Maserati, а таксама Chrysler, Dodge, Alfa Romeo і пазадарожнікаў Jeep.

У той жа час кампанія выказала жаданне ахвяраваць 1 мільён еўра ўкраінскім уцекачам і пацярпелым, але называе вайну ва Украіне «агрэсіяй», не згадваючы пры гэтым Расійскую Федэрацыю.

«Была пачатая агрэсія, якая ўзрушыла сусветны парадак, і без таго не ўрэгуляваны нявызначанасцю. Грамада Stellantis, што складаецца з 170 нацыянальнасцяў, з трывогай глядзіць, як мірныя жыхары бягуць з краіны. Нават калі маштабы прычын яшчэ не відавочныя, чалавечыя страты будуць невыноснымі», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні кампаніі.

Ва Украіне ў кампаніі ёсць каля 70 дылерскіх цэнтраў, якія не толькі прадаюць аўтамабілі, але і займаюцца іх рамонтам і сэрвісам па замове запчастак.

Danone

Французская кампанія — вытворца малочнай прадукцыі, таксама паведаміла, што не спыняе сваёй дзейнасці ў Расіі. Яе брэнды «Простоквашино», «Активия», Actimel’, Evian, «Ростишка» і іншыя надалей будуць з'яўляцца на паліцах расійскіх магазінаў.

«Спыняць нашу дзейнасць у Расіі і сыходзіць з рынку мы не плануем. На гэты момант ключавыя сістэмы, інфраструктура і лагістыка кампаніі ў Расіі працуюць у штатным рэжыме», — гаворыцца ў паведамленні, якое прэс-служба Danone разаслала СМІ Расіі.

Ва Украіне кампанія «Danone» працуе ўжо больш за 20 гадоў і валодае заводамі ў Херсоне і Крэменчуку. На афіцыйным сайце «Данон Украіна» кампанія асуджае ўварванне Расіі.

«Мы выказваем невымоўную падзяку ўсім данонаўцам, як ва Украіне, так і па ўсім свеце за салідарнасць у асуджэнні ваенных дзеянняў і гатоўнасць аказаць любую дапамогу Украіне і ўкраінцам», — сказана ў паведамленні.

TotalEnergies

Гэтая буйная французская нафтагазавая кампанія заявіла, што захавае сваю прысутнасць у Расіі, але больш не будзе інвеставаць у новыя праекты ў краіне. Для TotalEnergies Расія з'яўляецца стратэгічным рынкам. Французам належыць 19% найбуйнейшага вытворцы звадкаванага газу ў краіне, Расія таксама забяспечвае больш за 17% газавай і нафтавай здабычы кампаніі ў свеце.

Pirelli

Італьянскі вытворца шынаў Pirelli заявіў, што стварыў «крызісны камітэт» для маніторынгу сітуацыі, але пакуль не плануе спыняць вытворчасць ні на адным з двух расійскіх заводаў. Між тым канкурэнт італьянцаў, фінская кампанія Nokian Tyres, заявіла на мінулым тыдні, што пераносіць вытворчасць некаторых ліній прадукцыі з Расіі.

BASF

Найбуйнейшая ў свеце хімічная група BASF заявіла, што захавае ў Расіі і Беларусі вытворчасць прадуктаў харчавання «па гуманітарных меркаваннях». Новыя інвестыцыі ў краіну замарожаныя.

SwatchGroup

Сусветна вядомы швейцарскі вытворца гадзіннікаў заявіў, што працягне сваю дзейнасць у Расіі, але прыпыніць імпарт прадукцыі. У Расіі і надалей можна будзе купіць гадзіннікі брэндаў Rado, Breguet, Omega і некалькіх іншых.

***

Пазней стала вядома, што Coca Cola і Danone заявілі аб выхадзе з расійскага рынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0