Зяленскі падзякаваў людзям розных прафесій, якія «сталі адным цэлым», якія «разам вытрымалі ўдар і разам адбудуюць дзяржаву».

Зяленскі назваў гарады, дзе сёння былі пратэсты супраць акупацыі ‒ Херсон, Мелітопаль, Бярдзянск, Канатоп.

«Гэта асаблівы гераізм ‒ пратэставаць, калі твой горад акупаваны, хай часова. Калі ў цябе няма зброі, табе адказваюць стрэламі і ты не ўцякаеш. Калі ў цябе няма броні, а на цябе едзе БТР, і ты не адыходзіш.

Менавіта таму акупацыя часовая. Яна штучная.

Нашы людзі, украінцы, не адступаюць, не здаюцца, не спыняюць свайго супраціву. Яны крычаць акупантам: «Ідзі дадому, як расейскі карабель!», адціскаюць іх з нашай тэрыторыі, перакрываюць ім дарогі. Кожны метр нашай зямлі, адваяваны пратэстам і прыніжэннем акупантаў, ‒ гэта крок наперад, да перамогі для ўсёй нашай дзяржавы».

Калі звяртаўся да жыхароў Данбаса, Зяленскі перайшоў на рускую мову:

«Мы звяртаемся да ўсіх людзей на часова акупаваных тэрыторыях, каму не сцерлі памяць прапагандай, не закрылі вочы страхам, не знявечылі душу цынізмам. Змагайцеся! Змагайцеся за сваю свабоду, за Украіну, разам з Херсонам, Бярдзянскам, Кіевам і разам з усімі ўкраінскімі гарадамі, якія цэняць жыццё. А не не баяцца ўсяго.

Многія з вас паверылі, што Украіна нібыта вас ненавідзіць, нібыта будзе нападаць, нібыта будзе знішчаць. Хлусы на расейскім тэлебачанні кажуць пра гэта кожны дзень. Гэта іх праца ‒ хлусіць кожны дзень вам. Але гэта не павінна быць вашым лёсам.

Проста параўнайце Данецк пасля васьмі гадоў вайны і Харкаў пасля васьмі дзён вайны».

«Украіна ў сваіх не страляе. Мы не падрываем жылыя дамы. І ўсе на Данбасе для нас заўсёды былі і будуць украінцамі, нашымі людзьмі, нашымі грамадзянамі. У Данецку, Луганску, Херсоне, у Бярдзянску, Мелітопалі, Канатопе, ва ўсіх нашых гарадах, ва ўсіх гарадах нашай дзяржавы, ва Украіне. Слава Украіне!» ‒ скончыў Зяленскі прамову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0