Фота: Прэс-службы Лукашэнкі

Фота: Прэс-службы Лукашэнкі

Легіёны візантыйскага імператара Юстыніяна вярнулі імперыі афрыканскія тэрыторыі, Італію, нават частку тэрыторыі цяперашняй Іспаніі. Магчыма, тады жыхары Рымскай імперыі лічылі, што імперыя адрадзілася, што імператар аднавіў імперыю, што занепадала.

Насамрэч гэта апошняя канвульсія імперыі. Пасля Юстыніяна распад імперыі працягнуўся. І гэта была няўмольная гістарычная тэндэнцыя.

Цяпер Пуцін хоча пераламаць ход гісторыі, хоча стаць сучасным Юстыніянам. Пакуль што ў яго справы ідуць не надта. Але нават калі яму будзе спадарожнічаць поспех — хутчэй за ўсё, лёс яго заваёваў (а Украіну яму відавочна трэба заваёўваць) будзе такі ж, як і ў яго візантыйскага папярэдніка.

Ён прэтэндуе на месца ў гісторыі, як у Кацярыны ІІ. Але іншая эпоха.

Па-першае, украінцы не дазволяць Пуціну зрабіць нешта падобнае. І ўвесь астатні свет. Нават калі яму ўдасца ўзяць пад ваенны кантроль частку Украіны ці ўсю краіну, што ён будзе з гэтым рабіць?

Санкцыі зруйнуюць расійскую эканоміку, украінцы будуць супраціўляцца расійскаму кантролю — наўпрост або праз марыянетак. Бамбаванні Кіева, Харкава і іншых гарадоў, украінцы прынамсі яшчэ доўга не забудуць і не даруюць — і Крамлю, і Расіі.

Беларусам могуць дараваць, калі Лукашэнка па-ранейшаму будзе ўстрымлівацца ад прамога ўдзелу ў вайне, калі ён не пашле беларусаў забіваць украінцаў, калі возьме гістарычны прыклад з Франка, а не з Мусаліні.

Аднак Лукашэнка — гэта ўжо не зусім Франка. Франка не прапусціў вермахт праз Іспанію для захопу Гібралтара — у нацыстаў быў такі праект. Ён не дазволіў, немцы не сталі настойваць.

Лукашэнка дазволіў расійскім войскам рабіць на тэрыторыі Беларусі ўсё, што ім захочацца. Кірунак удару па Украіне — адзін з галоўных, калі не галоўнае — па Кіеве.

У гэтым сэнсе Лукашэнка ўжо не Франка. Але … магчыма, свет ацэніць тое, што беларусы не ваююць ва Украіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?