Праваслаўны святар Іван Кісель асвячае Дзятлаўскі райвыканкам. Люты 2022 года.

Сукенка для Нявесты Хрыстовай

4 сакавіка патрыярх Кірыл павіншаваў аднаго з непасрэдных кіраўнікоў захопу Украіны генерала Андрэя Сердзюкова з юбілеем, пажадаўшы яму «шчодрай дапамогі Божай у далейшых працах на карысць Айчыны». Працуе той і сапраўды не пакладаючы рук.

За дзень да таго Яго Свяцейшаства накіраваў у падначаленыя арганізацыі тэкст малітвы за мір, дзе ёсць і такія словы: «Иноплеменным же языком (вылучана мной. — Я. Б.), брани хотящим и на Святую Русь ополчающимся, — запрети и замыслы их ниспровергни». Кажуць, кадыраўцы напружыліся.

Ці варта здзіўляцца, што ў самой Украіне клір Маскоўскага патрыярхату ўсё часцей адмаўляецца памінаць такога пастыра падчас літургіі — спачатку асобныя святары, а потым і цэлыя епархіі? Падобна на тое, што колькасць вернікаў незалежнай ад агрэсара Праваслаўнай Царквы Украіны — а для Яго Свяцейшаства яна як костка ў горле — істотна павялічыцца.

Больш-менш выразнай пазіцыі адносна вайны РПЦ так дагэтуль не агучыла — як не было і маральнай ацэнкі падзей у Беларусі. На яе інтэрнэт-парталах тэма ўтопленая сярод будзённых навін пра канферэнцыі і Масленіцу. Гэта значыць, прыкладна як у нашых раёнках.

А якраз у той дзень, калі мітрапаліт Веніямін нарэшце заклікаў маліцца за мір (3 сакавіка, тыдзень пасля пачатку вайны), каля Свята-Духава сабора сіламі АМАП была праведзеная аблава на «людзей, якія маліліся дэструктыўна».

Выключэннем з агульнай карціны стаў толькі сайт таго ж сабора: у адзін цудоўны дзень навіны на ім зніклі, затое з'явіўся лозунг «Не вайне». Але, як высветлілася, ненадоўга. Магчыма, гэта была нечая дыверсія. Ці, як у праваслаўных кажуць, без благаслаўлення.

На жаль, усё гэта нас не моцна здзіўляе. Як і тое, што ў нядаўнім інтэрв'ю Юрыю Дудзю пісьменнік Барыс Акунін назваў цяперашнюю РПЦ «персаналам, які абслугоўвае дзяржаву». Не вельмі высакародная сукенка для нявесты Хрыстовай.

 «Пад выглядам злой апекі…»

У мінулым жыцці мне даводзілася выпіваць з кіраўнікамі раённага маштабу. Калі адзін з іх распавёў, як ён вырашыў змяніць мясцовага дэпутата (мінулы надакучыў), я не асабліва здзівіўся — ды і вы, думаю, таксама. Але яшчэ адзін прызнаўся, што ён бацюшку мясцовага змяніў: той, нядбайны, храм не будуе, план не выконвае… Вось табе падзел Царквы і дзяржавы.

Не варта і казаць, што тыя прэферэнцыі, якія дае «ўбудаванасць ва ўладу», кампенсуюцца стратай суб'ектнасці і ўвогуле ўласнага голасу.

Роля Царквы становіцца ўсё больш дэкаратыўнай. Красавацца на заднім фоне падчас афіцыйных мерапрыемстваў. Імітаваць палеміку на бяспечную для ўлады тэму — скажам, традыцыйнай сям'і. Ці проста самавіта маўчаць.

Царква ў такім фармаце рызыкуе стаць чымсьці накшталт солі, якая страціла сваю сілу. На выгляд яна такая ж белая і прыгожая: храмы будуюцца, хоры спяваюць выдатна… але гэтая соль «ні ў зямлю, ні ў гной ня прыдасца; прэч выкідаюць яе» (Лк 14:35).

Нешта падобнае ўжо было — да рэвалюцыі. Яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя з'явілася даволі вядомая фраза мітрапаліта Кіеўскага Арсенія: «Царква знаходзіцца ва ўмовах жорсткага прыгнёту і ганенняў пад выглядам злой апекі пра яе». Чым яно ўсё скончылася, нам добра вядома.

Чаму ганенні? Ды таму, што галоўнай задачы — прапаведаванню добрай весткі — гэткі стан спраў аніяк не спрыяе. Як і адстойванню тых маральных арыенціраў, якія прапісаныя ў Бібліі.

І ў выніку людзі паступова пачынаюць забывацца, што ў першую чаргу Царква — гэта не структура, матэрыяльная база і пахавальнае бюро. Гэта карабель, які вязе ў Царства не ад свету гэтага.

Цяперашняя релятывісцкая пазіцыя спакушае не толькі ўцаркоўленых: тыя, у рэшце рэшт, могуць і самі разабрацца. Куды больш небяспечная яна для авечак, зусім ужо аблудных. Гэта прыкладна як калі б лекар сказаў хвораму на дыябет: дружа, ды не парся ты наконт дыеты — еж, пі, весяліся…

Вось і адзін з самых актыўных удзельнікаў рэпрэсій у Беларусі пасля сустрэчы з Уладыкам раптам уявіў сябе анёлам.

 Юродствам пропаведзі

Тут узнікае пытанне: чаму ж самі іерархі так ахвотна згаджаюцца на адведзеную ім ролю? Няўжо толькі праз бязвер'е ці дзеля свецкай выгоды?

Думаю, яшчэ і са страху. Да эпохі свабоднай канкурэнцыі ідэй Праваслаўная царква аказалася не вельмі гатовая.

Да таго ж, залішні кансерватызм, абрадавер’е, а то і проста цемрашальства асобных папоў стварылі ёй у масавай свядомасці даволі карыкатурны імідж. Сама сутнасць Царквы (як «сродка сувязі» паміж чалавекам і вечнасцю) аказалася пад ім пахаваная. Як і шматвяковая духоўная культура.

Толькі нешматлікія місіянеры спрабуюць ламаць стэрэатыпы з дапамогай эфектыўнага піяру, размаўляючы з паствай на сучаснай ёй жывой мове.

Большасць жа дзейнічае метадам, выпрабаваным яшчэ ў савецкім мінулым. Дзеці свайго часу, яны перакананыя, што адзіны шлях да поспеху вядзе праз кабінеты чыноўнікаў.

Стратэгія «ўбудавання ва ўладу» здаецца ім адзіна магчымай. Часта яна тлумачыцца клопатам пра глабальныя выгоды. Хтосьці кажа пра абарону кананічных тэрыторый, хтосьці — пра захаванне традыцыйных каштоўнасцяў, а некаторыя нават пра выратаванне душаў.

Плюралізм і свабода выбару падаюцца ім чымсьці смяротна небяспечным. «Цвёрдая рука» ўспрымаецца як меншае зло. Хай сабе і хрысціцца яна толькі на Вялікдзень і для праформы.

Але пры гэтым многія забываюцца, што дзікая канкурэнцыя светапоглядаў для хрысціянства зусім не новая. Нешта падобнае ўжо было ў пару яго зараджэння. Здавалася, дзіўная секта, якая ўзнікла дзесьці на ўскраіне велізарнай імперыі, не мае ніякіх шанцаў і хутка загубіцца на стракатым фоне. Тым не менш, вучэнне Хрыстова распаўсюдзілася па ўсёй яе тэрыторыі.

Без адмінрэсурсу. Нягледзячы на пераслед. Толькі «юродствам пропаведзі» (1Кар. 1:23).

І нават у гарачкавым трызненні складана ўявіць апосталаў, якія падкатваюць у кабінет да Ірада з просьбай «вырашыць пытаннечка».

 Усяго толькі чалавечнасць

З іншага боку, паўстае пытанне: а што рабіць? Ці ёсць альтэрнатыва цяперашняй канфармісцкай пазіцыі?

Вядома, наіўна меркаваць, што аўтакраты будуць прыслухоўвацца да чыёй бы там ні было крытыкі. Да таго ж, у наш час трэба быць вельмі мужным чалавекам, каб голасна выкрываць Цэзара. І такія, дарэчы, сярод праваслаўных святароў ёсць.

Іншая рэч — мяккае, але паслядоўнае адстойванне тых пастулатаў, якія і з'яўляюцца асновай хрысціянскага вучэння. Бо ясна сказана: «Любі ворага твайго». Ну, калі не любі, дык хоць матрац выдай яму ў камеру і святло ўначы выключы.

Гэта значыць, гаворка ідзе пра самыя простыя рэчы. Вялікі праваслаўны прапаведнік мітрапаліт Антоній Суражскі казаў, што калі ты нават нармальным чалавекам стаць не змог, дзе ўжо тут думаць пра Боскае.

Можна дыпламатычна не рэагаваць на вынікі выбараў, пратэсты, разгоны … Усё роўна не пачуюць. Але прысуд свецкага суда, які за каментары дае пенсіянерцы большы тэрмін, чым часам за ненаўмыснае забойства…

Можна нават не спрабаваць змяніць перакананні людзей пры ўладзе: іншадумец — гэта вораг з усім, што з таго вынікае. Бескарысна.

Але прамым тэкстам казаць пра тое, што нават ворагаў трэба любіць і ставіцца да іх гуманна — гэта, як мне здаецца, неабходны мінімум для кожнага, хто называе сябе хрысціянінам.

З-за пасіўнасці Царквы заклікаць да гуманізму ў нас, уласна кажучы, і няма каму. Пакуль ад гэтага пакутуе толькі адзін бок. А што будзе далей — паглядзім.

Бо гэта цяпер, з пазіцыі сілы, з другога боку здаецца, што слова «гуманізм» — гэта лішняе. Калі-небудзь тваё месцазнаходжанне ў прасторы можа змяніцца. Але выступаць за універсальныя каштоўнасці будзе ўжо позна.

Многія дзівяцца, як у тым грамадстве, якое амаль пагалоўна складалася з уцаркоўленых праваслаўных хрысціян, стала магчымым тое, што здарылася пасля 1917-га. І пры гэтым забываюць важныя перадумовы: тыя стагоддзі, калі «ўбудаваная ва ўладу» Царква ніяк не рэагавала на сацыяльную несправядлівасць, што панавала вакол.

І калі царкоўнікі будуць умантаваныя ў дзейную сістэму гэтак жа шчыльна, як у свой час партаргі, ці няма рызыкі, што яны разам з сістэмай пойдуць на дно? Дзе цяпер партаргі, скажыце калі ласка?

Баюся, многія не разумеюць, што сёння вызначаецца будучыня Праваслаўнай царквы ў вельмі доўгатэрміновай перспектыве. Бо лёс кожнага светапогляду залежыць ад яго цяперашніх рэпрэзентантаў. А не ад чыноўнікаў у кабінетах.

 ***

Зрэшты, тут неабходная адна рэмарка. У СМІ часта пішуць: «Царква выступіла», «Царква заявіла» (або прамаўчала). Такі абарот прыжыўся, але гэта сінекдаха — перанос прыватнага на агульнае. Пад Царквой тут маюць на ўвазе яе іерархаў — а зусім не ўсю супольнасць вернікаў.

Таму важна вызначыцца: хто з'яўляецца самым адэкватным, «эталонным» прадстаўніком Царквы? Вось ёсць, скажам, матушка Гаўрыіла — а ёсць протаіерэй Георгій Рой… Да нядаўняга часу яны нават месціліся па суседстве — у Гродне, у дзесяці хвілінах хады адзін ад аднаго. Але якая розніца!

Зразумела, меркай тут служыць само Евангелле: «Хто любіць Мяне, той запаведзі Мае выконвае». А наконт іерархіі там вядома што сказана: «Большы з вас хай будзе вам слуга» (Мц 23: 11). Гэта значыць, іерархія вялікай ролі не іграе.

Як паказвае гісторыя, так яно ў выніку і адбываецца. Мала хто ўспомніць імёны Рымскіх папаў сярэдзіны XIV стагоддзя, а вось простую манашку Кацярыну Сіенскую ведаюць ва ўсім свеце.

Ян Залатавуст нарадзіўся ў кайданах і выгнанні. Што не перашкодзіла яму аказаць каласальны ўплыў на Усходнюю царкву.

Гэта мы пра зразумелую нашым розумам гістарычную перспектыву. Пра метафізічную вечнасць і казаць няма чаго: «Ёсць апошнія, што будуць першымі, і ёсць першыя, што будуць апошнімі» (Лк, 13.30). 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру