Фота з архіва «Нашай Нівы».

З рэдакцыяй Delfi звязаўся адзін з пастаўшчыкоў расійскіх і беларускіх тавараў Kosmolat Baltic, які працуе амаль з усімі мясцовымі гандлёвымі сеткамі і аптэкамі. Па словах прадстаўніка кампаніі Томаса Мікучоніса, бізнэс знаходзіцца ў крытычным становішчы — партнёры ў аднабаковым парадку вяртаюць тавары, кампанія нясе страты, на складах назапашваюцца тавары, якія немагчыма вярнуць вытворцам.

Прадпрымальнік адзначыў важную дэталь: за гэтыя тавары ўжо заплачаныя грошы расійскім і беларускім кампаніям. Значыць наўпрост іх продаж ужо не можа падтрымліваць рэжымы Лукашэнкі і Пуціна. Новыя тавары ніхто не замаўляе. Таму такія дзеянні шкодзяць толькі літоўскаму бізнэсу. Ён просіць даць магчымасць распрадаць рэшту гэтых тавараў.

«Нашы тавары паступаюць не толькі ў крамы, але і на рынкі. Пакуль там не заўважна, каб людзі з варожасцю ставіліся да гэтых тавараў. Адзін-другі пытае, але агулам купляюць. Паколькі мы працуем ва ўсіх краінах Балтыі, у Латвіі, дзе ў нас ёсць невялікая сетка, быў такі парадокс: калі сказалі, што тавары не будуць прадаваць, людзі стаялі ў чарзе менавіта за тымі, якія планавалі выняць», — заўважыў Мікучоніс.

Ён згодны, што пакупнік «выбірае» тавары і ад яго залежаць продажы, таму цяпер кампанія замаўляе ўкраінскія тавары і прапануе іх гандлёвым сеткам.

«Прапанаваныя ўкраінскія тавары неабавязкова прымаюць з вялікай радасцю. Таму, калі вы ўжо падтрымліваеце Украіну, даводзьце справу да канца. <…> Выключыць расійскі тавар можна за ноч, а на ўвядзенне ўкраінскага часу трэба больш. Агульны парадак у сетках такі: перагляд некаторых катэгорый тавараў праводзяць 1-2 разы на год. Нам кажуць, маўляў, чакайце перагляду, тады будзем выбіраць, захочам — возьмем. Салідарнасці з боку нашых кліентаў не відно», — сказаў Мікучоніс.

Аб гэтай праблеме пісаў і эксперт па камунікацыях Андрус Баранаўскас. Паводле яго слоў, ёсць шэраг кампаній, на складах якіх назапасіліся беларускія і расійскія тавары на мільёны еўра.

«Вынік — грошы замарожаныя, тавары каштуюць, заробкі і падаткі плаціць усё роўна трэба, захоўванне тавараў таксама каштуе грошай. Плюс шкода рэпутацыі: чаму на складзе захоўваецца расійская арматура або беларуская плітка? Можна разарваць кантакты. Але што рабіць з прадукцыяй, якая ўжо ёсць на складах і прылаўках, у фурах у Літве? (…) Так, можам усё выкінуць, але пацерпяць не агрэсары, якія ўжо ўзялі грошы наперад, а літоўскія кампаніі», — пісаў ён, прапанаваўшы дапамагчы Украіне «расійскімі і ўкраінскімі грашыма».

«Можам за іх кошт фінансаваць украінскае войска. Прадаць тое, што ўжо прывезлі. І прыбытак, напрыклад, 20% — перадаць Украіне. Бо грошы за тавары ўжо заплацілі, тавары ў Літве, толькі цяпер усе ў шаленстве, не хочуць ні купляць, ні прадаваць тавары гэтых краін. Так давайце дамо бізнэсу шанец вярнуць грошы і дапаможам Украіне за кошт выручкі. Бо нескладана ўсё гэта разумна арганізаваць», — пісаў Баранаўскас.

Між тым прэзідэнт Віленскай асацыяцыі прамысловасці і бізнэсу Сігітас Бесагірскас лічыць, што гэта форс-мажор. А гандаль расійскімі і беларускімі таварамі быў бы цяпер як мінімум неэтычны, нават калі рэжым гэтыя грошы ўжо не атрымае.

Микучоніс падняў яшчэ адно пытанне. Па яго словах, пад заходнімі этыкеткамі хаваецца нямала тавараў кампаній расійскага капіталу. «Што лепш: калі заходні капітал карыстаецца расійскай прасторай і рэсурсамі, вырабляе там тавары і рэалізуе ў Еўропе ці калі расійскі капітал «робіць» бізнэс у нас у двары, і на гэтым нажываюцца алігархі? Дык чаму мы адмаўляемся ад заходніх тавараў, вырабленых у Беларусі і Расіі, але не адмаўляемся ад тавараў, вырабленых у ЕЗ на расійскія грошы? З-за кірыліцы? Ці зручна падтрымліваць раіейскіх алігархаў у Літве, калі яны выкарыстоўваюць еўрапейскія этыкеткі? Або гандлёвым сеткам нявыгадна, бо прыйдзецца выключыць не 2-3%, а 30% тавараў?» — пытаўся ён, назваўшы такія брэнды, як Natura siberica, Recepty babuski Agafi, Rigas Balzams, Rigas piens.

Бесагірскас лічыць, што гэта заўвага прадпрымальніка лагічная, паколькі ў Еўропе не павінна заставацца тавараў, якія падтрымліваюць расійскіх алігархаў. Толькі ён адзначыў, што некаторыя расійскія алігархі таемна падтрымліваюць і апазіцыйныя сілы ў Расіі.

«Рэжым у Беларусі і Расіі не можа фінансавацца, і няважна, што ў выніку могуць пацярпець працоўныя месцы ў Еўропе, гэта справа прынцыпу», — заўважыў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру