«Паважаныя кіраўнікі кампаній-рэзідэнтаў ПВТ! Адміністрацыя ПВТ сумесна з дзяржорганамі вядзе працу па распрацоўцы аператыўных мер падтрымкі ІТ-галіны і яе далейшага развіцця ва ўмовах бягучай сітуацыі. Нам важна пачуць меркаванне кожнага рэзідэнта і ў першую чаргу — вашы прапановы па першачарговых мерах, якія дапамогуць вашай кампаніі сёння», — напісана ў лісце.

Падпісанае паведамленне намеснікам дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандрам Марцінкевічам.

У ПВТ ад дадатковых каментароў адмовіліся.

Пасля нападу Расіі на Украіну і анансавання балючых санкцый супраць Расіі і Беларусі, тэрыторыя якой выкарыстоўваецца агрэсарам для атак, «Наша Ніва» атрымала шмат сігналаў пра імклівую рэлакацыю праграмістаў.

Кіраўнікі беларускіх кампаній называюць прычынамі рэзкіх уцёкаў некалькі асноўных фактараў.

— Заходнія замоўшчыкі адмаўляюцца супрацоўнічаць з юрыдычнымі асобамі, размешчанымі ў Беларусі, а таксама купляць прадукт, зроблены ў Беларусі.

Гэта частка агульнасусветнага трэнда па выпіхванні беларускіх і расійскіх тавараў са сваіх рынкаў, гэта датычыць і ІТ-тавараў таксама. Ставіцца ўмова змены юрысдыкцыі кампаніі і знаходжання людзей. 

— Глабальны рынак ІТ-аўтсорсу страціў гіганцкую частку працоўнай сілы пасля пачатку вайны ва Украіне — дзясяткі тысяч украінскіх праграмістаў не могуць нармальна працаваць, займаючыся пытаннямі абароны Радзімы і выжываннем.

Роўна як і не могуць пакінуць тэрыторыю краіны, бо хлопцаў прызыўнога ўзросту, якіх большасць у прафесіі, не выпускаюць за мяжу. ІТ-кампаніі непакояцца, што, калі Лукашэнка пачне вайну і абвесціць мабілізацыю, у той самай сітуацыі апынуцца з дзясяткамі тысяч беларускіх супрацоўнікаў, якія ўмомант стануць невыязнымі, то лепш эвакуяваць іх, пакуль можна. 

— Адзначаюцца праблемы фінансавых разлікаў з кліентамі, калі ў іх нават і няма прынцыповых пазіцый па размяшчэнні персанала: няма ніякай гарантыі, што ў кароткатэрміновай ці сярэднетэрміновай перспектыве плацяжы ў бок Беларусі з Захаду будуць ажыццяўляцца.

— Таксама няма ніякіх гарантый, што можна будзе выплачваць заробкі ў доларах, як было дамоўлена кантрактамі. Бо з пагаршэннем валютнай сітуацыі з'явілася праблема, што пры налічванні заробку на доларавую карту банк залічвае яе па афіцыйным курсе, але, за кошт вялікага спрэду паміж купляй і продажам долара (2,8—3,5), пры разліку такой картай адтуль спісваецца у рублях больш, чым было залічана.

Адпаведна, заробак праграміста падае з тэмпамі інфляцыі (выдаваць валютай заробак у Беларусі нельга, як і разлічвацца, на ўзроўні бухгалтэрыі прадпрыемстваў і аплаты ўсё канвертуецца ў рублі)». 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?