Іосіф Бродскі. Балада пра маленькі буксір

Фота: januskevic.by

Выдавецтва «Янушкевіч», пераклад Алесі Алейнік.

Сiмвалiчна, што «Балада пра маленькi буксiр» была першай публiкацыяй знакамiтага рускага паэта ў сябе на радзiме — у далёкiм 1962 годзе. У вершы для дзяцей буксiр распавядае пра сваё цiкавае жыццё i прызначэнне.

Кошт — 22.99 руб.

Ганна Севярынец. Гасцініца «Бельгія»

Выдавецтва «Лімарыус», перавыданне гістарычнага рамана 2017 года з дапаўненнямі.

У цэнтры рамана — маладыя паэты, якія будуюць асабістае жыццё і жыццё рэспублікі па канонах новага мастацтва. Кніга створана на падставе архіўных матэрыялаў і мемуарных крыніц.

Кошт — 25 руб.

Станіслаў Лем. Зорныя дзённікі

Выдавецтва «Галіяфы», пераклад Льва Казлова.

У кнігу ўвайшлі цыкл апавяданняў і раман «Футуралагічны кангрэс», аб’яднаныя ў серыю «З успамінаў Іёна Тыхага». Разам яны ўтвараюць частку знакамітых «Зорных дзённікаў» праслаўленага вандроўніка і даследчыка касмічных глыбінь Іёна Тыхага і апісваюць пераважна зямныя прыгоды героя.

Раман, прысвечаны маральным і матэрыяльным аспектам развіцця цывілізацыі ва ўмовах дэфіцыту рэсурсаў і ўладарання фармтэхналогій, сёння гучыць не менш актуальна, чым паўстагоддзя таму, калі ён быў упершыню апублікаваны.

Кошт — 24 руб.

Рыгор Барадулін. У ката Мірона чорная карона

Фота: knihi.by

Выдавецтва «Кнігазбор».

«Што агульнага ў генія беларускай літаратуры шаноўнага дзядзькі Рыгора, маладога таленавітага мастака Міхася Дайлідава, простай укладальніцы цёткі Аксаны з вамі, дарагія чытачы і чытачкі ў веку ад 0 да вечнасці? Вядома ж, любоў да катоў, якія ўпрыгожваюць свет, але найперш нашу Беларусь. У чорна-белых літарах і малюнках дзівосны каціны свет, не пакіньце яго без вас», — гаворыцца ў апісанні збору вершаў.

Кошт — 12,80 руб.

Антаніна Хатэн­ка. Вербніца: паэзія, проза, публіцыстыка

Выдавецтва «Кнігазбор».

За «вернасць класічным літаратурным традыцыям, тэматычнае і вобразнае багацце мовы, папулярызацыю паэтычнымі сродкамі народных звычаяў і абрадаў» Антаніна Хатэнка атрымала прэмію Міхася Стральцова ў 2022 годзе.

Антаніна Хатэнка. Фота: dziejaslou.by

У прасторы кнігі «Вербніца» сышліся ў сугучча яркія, эмацыйна вострыя вершы аўтаркі, створаныя яшчэ напрыканцы ХХ стагоддзя, і глыбокія, роздумныя творы нядаўняга часу.

Адметнасць мастацкага стылю, вобразнае, метафарычнае асэнсаванне гэткіх філасофскіх катэгорый, як жыццё і смерць, плыннасць зямнога быцця і вечнасць, святло і цемра, дабро і ліха, ствараюць непаўторны ўзор аўтарскіх здагадак, адкрыццяў, азарэнняў у дарозе пазнання сябе ў свеце і свету ў сабе.

Кошт — 17 руб.

Крыштаф Пяткевіч. Вялікае Княства Літоўскае пад уладай Аляксандра Ягелончыка

Выдавецтва «Інбелкульт».

У гісторыі Аляксандр Ягелончык застаўся як слабы кіраўнік, пазбаўлены здольнасцяў і характару, якія дазвалялі б яму адэкватна адказваць на выклікі, што паўсталі перад дзяржавай у час, калі яму выпала ёй панаваць. Менавіта тады сталі відавочнымі грамадска-палітычныя з’явы і працэсы, якія заставаліся прыхаванымі на працягу паўвекавога (1440—1492) панавання бацькі Аляксандра Казіміра Ягелончыка. Дзве прайграныя вайны супраць Масквы ў 1492—1494 і 1500—1503 гадах пазбавілі Вялікае Княства Літоўскае каля траціны тэрыторыі на ўсходзе. А паўднёвая мяжа пастаянна знаходзілася пад небяспекай нападу крымскіх татараў.

Аўтар гэтай манаграфіі, гісторык з Познані, разглядае і постаць самога Аляксандра, і ягонае кіраванне перадусім з пункту гледжання ўнутранай палітыкі.

Аляксандр Карабанаў. Культавыя i гiстарычныя валуны Беларусi

Выдавецтва «Беларуская навука».

Кніга прысвечана актуальной праблеме выяўлення і вывучэння на тэрыторыі Беларусі валуноў — адметных прыродных аб’ектаў, помнікаў язычніцкіх і хрысціянскіх культаў, з якімі звязаны легенды, паданні, розныя гістарычныя звесткі. Прыведзены апісанні больш за 500 камянёў, дадзена іх геалагічная і этнаграфічная характарыстыка.

Прызначана для спецыялістаў у галіне прыродакарыстання, гісторыкаў, археолагаў, даследчыкаў народнай культуры, а таксама для шырокага кола чытачоў.

Алена Ляшкевіч. Традыцыйны каляндар

Выдавецтва «Беларуская навука».

У кнізе сабраны нарысы пра святы, якія пісаліся ў 2014 — 2021 гадах, са зваротам да вялікага дыяпазону навуковай літаратуры і палявых матэрыялаў, а таксама рэпартажы з выездаў на святкаванні ў асобныя вёскі. Абрады гадавога кола разглядаюцца на агульнаеўрапейскім фоне. Некалькі тэкстаў прысвечаны параўнанню беларускіх і польскіх свят.

Прэзентавана кніга «для шырокага кола аматараў народнай культуры».

Чытайце таксама:

«Старажытных замкаў вежы бераглі айчыны межы». Выйшаў новы мультыверш палітвязня Андрэя Скурко

«тут сканалі ад роспачы кафка, оруэл, хакслі» Новыя вершы найлепшых паэтаў: Наста Кудасава

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру