«Гэта ўсё прадукты ўласнай вытворчасці альбо расійская прадукцыя, — тлумачыць эканаміст і сябра палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін у інтэрв'ю праекту «Філін». — Калі нешта і можа стаць дэфіцытам, то гэта імпартныя тавары.

Названыя вышэй прадукты — гэта больш набор для вайны, але я ўсё ж такі спадзяюся, што на тэрыторыі Беларусі ваенных дзеянняў не будзе.

Што тычыцца імпартных тавараў, адзначу, што яны рэзка падаражэлі. Цэны на іх будуць расці. Адпаведна, яны аўтаматычна становяцца менш даступнымі для большасці груп насельніцтва.

Некаторыя тавары стануць недаступнымі па прычыне, што многія міжнародныя кампаніі прыпыняюць або спыняюць супрацоўніцтва з беларускімі гандлёвымі сеткамі, нават нягледзячы на наяўнасць або адсутнасць санкцый — па ўласнай ініцыятыве.

Галоўны крытычны імпарт для нашай краіны — гэта, перш за ўсё, медыкаменты. Яны стануць даражэй у 1,5 — 2 разы, і да гэтага трэба быць гатовым.

Што тычыцца тавараў працяглага карыстання, яны могуць знікнуць з паліц, таму што людзям, у якіх ёсць запасы ў рублях, больш выгадна закупіць тэлевізары, халадзільнікі, пліты і гэтак далей. Калі яны планавалі такія пакупкі, гэта паскорыць іх рашэнне.

З іншага боку, гэта можа быць нядрэнным укладаннем грошай. Цэны на гэтыя тавары растуць не так хутка, як курсы ў абменніках. Чым купляць даляр па завышаным курсе, лепш укласці ў тавар. Але гэта больш пытанне захавання назапашванняў, чым спажывання».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0