Паліна Бродзік

Паліна Бродзік

«Наша Ніва»: Як змянілася ваша праца з пачаткам вайны?

Паліна Бродзік: Мы былі вымушаныя рэагаваць на выклікі часу.

Давялося выехаць у Польшчу, знаходзімся не толькі ў Варшаве, наша каманда цяпер разбітая на некалькі гарадоў, некаторыя засталіся ва Украіне.

«НН»: У чым палягае ваша дзейнсць цяпер?

ПБ: Гэта некалькі накірункаў.

У першую чаргу, эвакуацыя з Кіева да мяжы ці да Львова. Мы не робім розніцы паміж беларусамі і небеларусамі, мы даём эвакуацыйныя аўтобусы для ўсіх жадаючых. Першапачаткова гэта, канешне, былі нашы суграмадзяне, з часам усё больш і больш заявак пачало прыходзіць ад украінцаў і іншых грамадзян, што жылі і жывуць цяпер ва Украіне.

Штодзень мы адпраўляем з Кіева па некалькі аўтобусаў, апошнім часам гэта тры аўтобусы на дзень. То-бок штодня мы вывозім па 150 чалавек, далей яны самі вырашаюць: ці застаюцца на захадзе краіны, ці едуць у Польшу і далей.

На нашым транспарце выехала каля тысячы чалавек.

Дапамагаем з часовым прытулкам у Львове. Цяпер ёсць магчымасць прадаставіць жытло на пэўны час, пакуль чалавек не вырашыць усе свае пытанні.

«НН»: А ці можа так стацца, што беларускія грамадскія арганізацыі застануцца без падтрымкі (бо цяпер яна найперш патрэбная ўкраінцам)?

ПБ: Я думаю, усё залежыць ад таго, наколькі тая ці іншая арганізацыя будзе адпавядаць актуальным выклікам сучаснасці. Калі іх дзейнасць будзе накіраваная ў тым ліку і на дапамогу Украіне, то праблем быць не мае. Пра астатнія сказаць цяжка.

Але цяпер практычна ўсе пераарыентавалі сваю дзейнасць. Нават «Байсол» пачаў дапамагаць з рэлакацыяй з Украіны. Можна казаць, што сёння мы ўсе ў адным чоўне.

«НН»: Наконт бюракратычных аспектаў: якія ёсць цяжкасці ў беларусаў, што эвакуююцца з Украіны? Ці, можа, нейкія рэчы цяпер ажыццявіць прасцей?

ПБ: Цяпер вельмі простая працэдура перасячэння мяжы. Выдатна, што суседнія краіны адмянілі фармальнасці. Што важна, не толькі для ўкраінцаў, але і для грамадзян іншых краін, якія вымушаныя бегчы ад вайны. Але з іншага боку, у адрозненне ад украінцаў, лёс гэтых людзей цяпер не настолькі прадказальны адносна легалізацыі ў новых краінах знаходжання.

Я б сказала, што цяпер абсалютна ўсё вельмі непрадказальнае. Людзі цяпер у падвешаным стане. Ва ўсіх быў розны статус ва Украіне.

Маем інфармацыю, што людзі, якія знаходзіліся ва Украіне з пастаяным відам на жыхарства, будуць праходзіць як грамадзяне Украіны, з тымі ж самымі правамі, без дадатковых дакументаў. Што тычыцца тых, хто меў іншы статус — тут усё значна складаней, і пакуль няма канкрэтыкі.

Улады еўрапейскіх краін пакуль яшчэ не прынялі канчатковага рашэння адносна рэгулявання знаходжання гэтых людзей. Дапамагаюць беларускія грамадзянскія арганізацыі, што працавалі ўвесь гэты час у Польшчы, яны кансультуюць беларусаў па юрыдычных пытаннях.

«НН»: Якія практычныя парады вы б маглі даць беларусам, якія прыбываюць у Польшчу, з чаго варта пачаць, які алгарытм дзеянняў?

ПБ: Я б раіла адразу звяртацца да мясцовых арганізацый: Цэнтра беларускай салідарнасці, «Беларускага моладзевага хаба», ініцыятывы «Партызанкі». Яны даюць інфармацыю па пытаннях легалізацыі, аказваюць дапамогу.

Гуманітарная дапамога, сабраная Free Belarus Center

Гуманітарная дапамога, сабраная Free Belarus Center

«НН»: Многія з уцекачоў выказваюць спадзяванні, што гэта не надоўга. Ці падзяляеце вы такі пазітыўны погляд на бліжэйшыя перспектывы?

ПБ: Не ведаю, ці магчыма ў прынцыпе выкарыстоўваць слова «аптымістычна» ў гэтай сітуацыі. Наша жыццё (усіх тых людзей, якія вымушаныя былі з’ехаць, і тых, хто вымушаны цяпер прымаць уцекачоў) змянілася назаўжды. Яно, бадай, ніколі ўжо не будзе такім, як раней.

Вядома, для ўсіх гэта вялічэзны стрэс. Гэта цягне за сабой вялікія фінансавыя праблемы: людзі засталіся без працы, без сродкаў. Да таго ж беларусам заблакавалі рахункі: маючы грошы, людзі не маюць ніякага да іх доступу. Гэта ўскладняе сітуацыю для нашых грамадзян.

Цяпер чуем, што і Paysera (літоўскі анлайн-банк) будзе нешта падобнае рабіць, ужо дасылаюць лісты з папярэджаннем, што рахункі людзей, якія не могуць пацвердзіць свой статус у іншай краіне, будуць заблакаваныя. А Paysera карысталіся многія беларусы, каб надзейна захаваць свае грошы. Гэтая сітуацыя моцна закранае жыццё кожнага з нас.

«НН»: Якое выйсце можа быць у сітуацыі, калі заблакаваныя карткі (украінскія ці беларускія)?

ПБ: Адзінае, што можна параіць, — звяртацца ў пункты прыёму ўцекачоў, дзе валанцёры могуць дапамагчы харчаваннем. Таксама можна звярнуцца ў Freeshop — гэта склад, дзе валанцёры збіраюць дапамогу яшчэ з 2020 года.

У гэтай сітуацыі нават тыя, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі ў 2020-м, 2021-м ды і раней, становяцца закладнікамі сітуацыі, калі нават яны ўспрымаюцца як нападнікі і агрэсары. І плацяць за тое, чаго яны не рабілі.

«НН»: Ці адчувальныя змены ў стаўленні да беларусаў у Польшчы?

ПБ: Ёсць выпадкі дыскрымінацыі беларусаў. Не магу сказаць, што гэта адбываецца на ўсіх узроўнях, але сустракаецца.

Я ведаю выпадкі, калі людзям з беларускімі нумарамі праколвалі шыны адразу па перасячэнні мяжы. Ёсць выпадкі, калі таксісты адмаўляюцца перавозіць людзей, калі чуюць рускую мову і даведваюцца, што ў іх не такі пашпарт. Ёсць крамы, дзе напісана, што не абслугоўваюць людзей з такім пашпартам (часцей гаворка пра расійскі, але часам дадаецца туды і беларускі).

Цяпер заўважная змена ў стаўленні да беларусаў. Але я спадзяюся, што мы зможам пераламіць гэтую сітуацыю. Бо цяпер безліч беларусаў дапамагае Украіне і грашыма, і сродкамі абароны, і нават самі едуць туды ваяваць, ахвяруючы сваім жыццём.

«НН»: Пагаршаецца і сітуацыя ў Беларусі — працягваюцца рэпрэсіі, паглыбляецца ізаляцыя. Як цяпер справы з уцекачамі менавіта з нашай краіны?

ПБ: Цяпер вельмі шмат людзей выязджае, але гэта становіцца ўсё складаней зрабіць: неба практычна перакрытае, па зямлі таксама не заўсёды можна выехаць, візаў у большасці няма. 

Самы распаўсюджаны маршрут — Грузія. Магчыма, Расія, але гэта, па сутнасці, шыла на мыла.

Ёсць арганізацыі, што дапамагаюць з кансультацыямі на гэты конт, «Байсол», напрыклад. Мы не займаемся дапамогай па выездзе з Беларусі. Цяпер увесь наш рэсурс ідзе на тых, хто патрабуе эвакуацыі з Украіны.

Гуманітарная дапамога, сабраная Free Belarus Center

Гуманітарная дапамога, сабраная Free Belarus Center

«НН»: У тых нашых суайчыннікаў, якія цяпер вымушана апынуліся ў Польшчы, як правіла, застаецца імпэт і жаданне рабіць нешта для беларускай справы. Дзе цяпер можна сябе праявіць і быць карысным?

ПБ: Я лічу, што тое, што цяпер адбываецца, гэта наша агульная барацьба.

Гэта не пытанне вайны на тэрыторыі суседа, гэта пытанне ўсяго рэгіёна, і Беларусі ўключна. Тое, што адбываецца там, будзе мець і мае моцны ўплыў на наша жыццё.

Мне падаецца, цяпер карысць у дапамозе менавіта Украіне. У Польшчы вельмі шмат розных грамадскіх арганізацый, можна далучыцца ў якасці валанцёраў і валанцёрак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?