Бомбасховішча ў адным з кіеўскіх дамоў

«Думаю, што тут вырашаецца лёс і Беларусі, і Расіі»

У Кіеве застаецца блогер Сяргей Бяспалаў. Ён жыве ва Украіне апошнія два гады.

«Тое, як цяпер ставяцца да беларусаў, мяне трошкі здзівіла. Таму я вырашыў падтрымаць украінцаў і застацца. Плюс я думаю, што тут вырашаецца лёс і Беларусі, і Расіі, і ўсяго свету ў цэлым.

У першыя дні я выйшаў на вуліцу, мы здымалі на відэа, што адбываецца. І да нас падышлі людзі ў цывільным, затрымалі. Я казаў, што беларус, паказваў сваю татуіроўку «Стоп, Лука». Мяне проста лупанулі па ёй. Стаўленне было такое: «Чаму вы, беларусы, не змагаецеся?» Наслухаліся ў свой адрас шмат дрэннага. Але калі даехалі да паліцэйскага аддзялення, паказалі сацыяльныя сеткі, нас адпусцілі».

Сяргей далучыўся да хлопцаў з беларускага палка.

«Збольшага заняты на вучэннях. Падрыхтоўкі вайсковай у мяне ніякай не было. Спортам займаўся (хадзіў у качалку, цягаў жалеза), але страляць ніколі не вучыўся.

Вядома, страшна. Цяпер і дома знаходзіцца страшна. А што рабіць? Трэба неяк вырашаць лёс краіны», — разважае хлопец.

У Кіеве дзейнічае каменданцкая гадзіна — з 8-й вечара і да 7-й раніцы нельга выходзіць на вуліцу. У крамах часам не хапае пэўных прадуктаў: разбіраюць ваду, хлеб, кансервы, цыгарэты, энергетыкі. Шмат крамаў не працуе, зачыненыя кавярні. Апошні раз, калі Сяргей хадзіў па прадукты, прастаяў у чарзе дзве гадзіны.

«Горад вельмі змяніўся. Я памятаю Кіеў у мірныя часы — цяпер зусім іншае жыццё. Паўсюль блокпасты, людзей і машын на вуліцах стала вельмі мала», — дзеліцца ён назіраннямі.

«Не хапае бінтоў у аптэках. Усе са складаў аддадзеныя на армію»

«З нашай тусоўкі з 30 чалавек ва Украіне засталося шэсць. Усе астатнія з’ехалі, — расказвае мінчук Глеб, які перабраўся ў Кіеў пасля пратэстаў. — Прычым некаторыя рыхтаваліся да ад’езду яшчэ за два тыдні да пачатку вайны.

Скажу груба, але я лічу, што многія беларусы ў гэтым выпадку скарысталіся бясплатным калідорам, які адкрылі краіны ЕС, што мяжуюць з Украінай. Многія казалі: «Гэта ж не мая вайна, я беларус». Я разумею жанчын, якія баяцца бомб, разумею маці з дзецьмі, якія хацелі з’ехаць далей ад трагедыі. Але мужчыны мусяць застацца тут, і чым могуць дапамагаць.

Я Украіне ўдзячны. Яна мне дала абарону. Я такім чынам выказваю сваю павагу краіне, якая мяне прытуліла пасля нашых падзей у 2020-м. Нават не разглядаў варыянт эвакуацыі».

З’язджаць, кажа Глеб, было не лепшым варыянтам і з прагматычнага боку. Вялікія заторы, чэргі на цягнікі, кіроўцы з BlaBlaCar, якія прасілі перадаплату і пасля не прыязджалі.

Раніцу ён пачынае са сняданка з суседзямі ў бомбасховішчы.

«Мы ўжо пасябравалі — нас там збіраецца каля 60 чалавек. Сваё бомбасховішча называем бомж-гатэль для Airbnb. Першую ноч мы спалі на дыванках, цяпер ужо ўладкавалі памяшканне. Хтосьці прывёз з гаража матрац двухмесны, хтосьці старыя ложкі. У нас палітінфармацыя там ранкам, удзень і ўвечары.

Бомбасховішча ў доме

Першыя дні я бегаў у бомбасховішча па кожнай сірэне. Цяпер ужо не. Калі капалі пясок для тэрабароны і завыла сірэна, сталі разрывацца гранаты, ніхто не разбегся — усе сталі проста хутчэй працаваць».

Глеб паўсюль ходзіць з дакументамі — у яго ёсць пасведчанне аб наданні дадатковай абароны на тэрыторыі Украіны.

Мужчына вырашыў дапамагаць суседзям, якія баяцца выходзіць на вуліцу, — ходзіць для іх у крамы, аптэкі.

«Плюс побач знаходзіцца пункт тэрабароны. У нас з ліку суседзяў ёсць група, якая ім дапамагае. Напрыклад, рабіць «бандэраўскія шоты» (так мы называем «кактэйлі Молатава») ці напаўняць мяхі пяском.

Умацаванні ў горадзе

Мы дапамагаем шукаць падазроных асоб, правяраць аб’екты. Па нашых наводках рэйды зафіксавалі восем выпадкаў за некалькі дзён. Дыверсанты малявалі меткі на дамах, паставілі маячок на нашым бамбасховішчы. Яны могуць пазначаць кватэры, каб праверыць, якія пустуюць, і пасля іх узламаць.

Я падаўся на валанцёрскую праграму пры мэрыі, якая будзе займацца дастаўкай ежы і медыкаментаў маламаёмасным грамадзянам і тым, хто пацярпеў.

У мяне няма вайсковага вопыту. Таму я вырашыў, што калі хтосьці можа стаяць з ружжом, мусіць быць хтосьці, хто ў тыле будзе дапамагаць ім адчуваць сябе камфортна. 

Гэта свядомы выбар, ніякая не бравада».

Самыя вялікія чэргі ў кіеўскія крамы былі ў мінулы панядзелак 28 лютага. Людзі пачалі збірацца пад дзярыма за гадзіну да адкрыцця. Паколькі для многіх тавары першай неабходнасці — гэта хлеб і малако, іх хутка размялі. Але ўжо на наступны дзень прадуктаў было ўдосталь.

Білборды ў Кіеве

«Чаго не хапае, дык гэта бінтоў у аптэках. Усе са складаў аддадзеныя на армію. Складана знайсці ёд, зялёнку, самыя простыя медыкаменты. Ёсць пытанне наконт інсуліну для дыябетыкаў», — пералічвае Глеб.

Ён захапляецца вытрымкай украінцаў і спадзяецца, што з часам стаўленне да беларусаў палепшыцца. 

«Украінцам, з якімі размаўляю, я стараюся тлумачыць, што не ўсе кепскія. Яны сапраўды вельмі ўдзячныя за акцыі, якія былі ў дзень рэферэндуму, за дыверсіі на чыгунцы, за тое, што беларусы пайшлі ў тэрытарыяльную абарону.

Але я, напэўна, памяняю стаўленне да сваіх беларускіх сваякоў. Калі я застаўся ў Кіеве, мая сястра напісала мне: «Ты ўсё ж прадаўся нацыяналістам і бандэраўцам». Я не ведаў, што ёй адказаць, не хацеў уступаць у палеміку. Праз суткі напісаў брат: «Уцякайце, гэта не ваша вайна. Можа, табе з’ехаць у Расію ці Беларусь? Можа, абыдзецца? Два дні, і Украіна прайграе». Але мы бачым, што Украіна стаіць».

«Аперырываць я ўмею. Калі ўжо лёс сюды занёс, трэба дапамагаць»

У Адэсе, дзе цяпер працуе беларускі ўрач-гінеколаг Станіслаў Салавей, таксама дзейнічае каменданцкая гадзіна — з 7-й вечара да 6-й ранку. Дактары маюць дазвол парушаць яе ў выпадку экстраных выклікаў. На шчасце, такіх яшчэ не было.

«Нікуды ў горад асабліва не хаджу. Там поўна ваенных, на мастах стаяць «яжы», — апісвае абстаноўку Станіслаў.

Банкаўская картка яго аказалася заблакаванай, але клініка хутка адрэагавала — будзе выдаваць заробак наяўнымі.

«Прадуктаў у крамах збольшага хапае. Ёсць прасадкі па канкрэтных пазіцыях — напрыклад, тушонкі няма. Але ў звычайнай невялікай краме каля дома спакойна купіш ахалоджанае мяса — курыцу, свініну. Жонка была ў гіпермаркеце — там нават устрыцы ёсць.

Электрычнасць і вада без перабояў. Адзінае, што зацямненне ў горадзе — выключаныя многія ліхтары (толькі на цэнтральных вуліцах застаюцца), падсветка высокіх дамоў (каб складаней было ворагу арыентавацца).

Жыццё ідзе сваім ходам, калі не лічыць вайны — перыядычных паветраных трывог, перастрэлак і выбухаў. Толькі першы дзень было неразуменне, адчуванне нерэальнасці таго, што адбываецца, што ўсё ідзе па самым нелагічным сцэнарыі».

Голас у Станіслава спакойны. «Як у беларуса», — сумна жартуе ён.

«З элементам фаталізму ставімся. Мы на ўскрайку горада жывём, напэўна, яшчэ няма поўнага ўсведамлення, што такое вайна. У доме ёсць падвал і падземная паркоўка, якія выкарыстоўваюцца як бамбасховішча, але мы туды ні разу не спускаліся».

Каб спраўляцца са стрэсам, дыяспара беларускіх дактароў ходзіць па выходных у госці адно да аднаго. Разам гатуюць, гуляюць у настолкі.

«Насамрэч, абстарагавацца не атрымліваецца — ты цэлы дзень глядзіш навіны. Адключыцца можна толькі на працы — у цябе проста няма часу думаць пра гэта.

Чаму я не з’ехаў? А навошта? І куды? Тут я магу быць карысным. Аперырываць я ўмею. Гінекалогія, канечне, не ваенна-палявая хірургія, але агульныя хірургічныя навыкі ўсё адно прысутнічаюць. Мы не хочам з’язджаць. Калі ўжо лёс сюды занёс, трэба дапамагаць людзям».

У клініцы ўсе ведаюць сітуацыю Станіслава (пра суткі і пазбаўленне працы за пазіцыю), але ў горадзе беларусы ловяць касыя позіркі у свой бок.

«Прытым што тут да апошняга некаторыя казалі: «А што вас не задавальняе?» Адзін знаёмы судзіўся: ён падаўся на бежанства, яму адмовілі з матывіроўкай «у вас у Беларусі ўсё добра, таму няма падстаў». Толькі нядаўна ён выйграў суд. 

Беларусы спрабавалі данесці да свету, што нельга гэта папускаць, будзе горш, крычалі пра гэта. Нас не пачулі — цяпер мы вінаватыя», — разважае доктар.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру