Ілюстрацыйны здымак. Фота: маскоўскі аэрапорт «Дамадзедава»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: маскоўскі аэрапорт «Дамадзедава»

Мы пагаварылі з беларускімі пасажырамі, якія ляцелі з Расіі ў Казахстан, Турцыю, Арменію. Адразу адзначым, што для допыту спыняюць далёка не ўсіх. Па якіх крытэрыях гэта робіцца, не ясна. Найбольш такіх выпадкаў было на рэйсах у Арменію — верагодна, таму, што імі карыстаецца больш беларусаў. Да жанчын, сем’яў з дзецьмі пытанні, як правіла, не ўзнікаюць. 

Некалькі дзён таму з Масквы ў Ерэван ляцеў Андрэй.

«На пашпартным стале ў аэрапорце ўсім беларусам гэтага рэйса сказалі, што неабходнае ўдакладненне па пададзеных звестках. Пасля чаго адвялі ў асобную зону, дзе праводзілі допыт і агляд, — расказвае хлопец. —

Запісвалі месца працы, пасаду, мэту паездкі, працягласць. Дадаткова прасілі разблакаваць тэлефон, з яго запісвалі IMEI (ідэнтыфікацыйны нумар), кантакты пошты і профіляў у сацсетках. Капаліся ў чатах Ватсапа, Тэлеграма, Вайбера. Глядзелі фатаграфіі год таму. Пыталіся, чаму айцішнікі так рэзка з’язджаюць, ваеннабавязаны ці не, як ставішся да сітуацыі ва Украіне».

Пасажыраў пратрымалі дзве гадзіны, рэйс затрымалі. Але ўсіх прапусцілі.

У хлопца няма судзімасці па пратэсных артыкулах (у тым ліку адміністрацыйных). Некалькі год таму ён ездзіў ва Украіну. Але, па яго назіраннях, гэтыя фактары не мелі значэння, бо апытвалі ўсіх пасажыраў з беларускімі пашпартамі (каля 80 чалавек).

Падобная сітуацыя была нядаўна на рэйсе з Казані ў Ерэван.

«Нас ляцела каля сотні чалавек, была рэлакацыя ад фірмы. Непасрэдна мяне і маю сям'ю не дапытвалі, — дзеліцца Аляксей. — З усёй каманды дапытвалі, здаецца, трох чалавек. Іх спыняў чалавек у форме і яшчэ адзін у штацкім.

Глядзелі тэлефоны — падпіскі у Тэлеграме, прагляды на Ютуб, гісторыю гугл-запытаў. Але ж нас папярэдзілі за некалькі гадзін усё глыбока пачысціць. Так што ў выніку усіх прапусцілі».

Мінскі распрацоўшчык, які ляцеў з Масквы ў Арменію, распавёў, што памежнікі найбольш пільна прыглядаюцца да адзінокіх мужчын.

«Я з жонкай ляцеў, у нас толькі пыталіся, чаму цяпер айцішнікі актыўна выязджаюць. Пра Украіну і палітыку пытанняў не было. Тэлефон не правяралі. Але калегі пішуць, што выбарачна могуць дапытваць і глядзець падпіскі ў Тэлеграме. Былі выпадкі, калі людзей па паўтары-дзве гадзіны апытвалі на памежным кантролі, але выпадкаў, калі кагосьці з беларускім пашпартам не выпускалі, я не сустракаў».

У дзяўчат і жанчын звычайна далей за пытанні пра мэту паездкі, яе працягласць і колькасць грошай пры сабе не заходзіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1