Гэта фота і наступныя — з архіву Насты Мядзелец

Гэта фота і наступныя — з архіву Насты Мядзелец

«Гэта быў сігнал, што рабіць спектаклі так, як ты хочаш, ужо немагчыма»

«Наша Ніва»: Чаму вы вырашылі з'ехаць з Беларусі?

Наста Мядзелец: Я і дагэтуль планавала паездку ў Грузію, хаця б на нейкі час, бо зразумела, што не магу больш працаваць у тэатры. Потым пачалася вайна, чуткі пра мабілізацыю. Канешне, быў шок і прыйшло разуменне, што больш цягнуць нельга. Далучыліся сябры, якія таксама планавалі выязджаць, мы вельмі тэрмінова сабраліся і паехалі.

«НН»: Распавядзіце падрабязней пра вашу працу ў тэатры.

НМ: Апошнія тры гады я працавала ў розных тэатрах як мастак-пастаноўшчык.

Пасля 2020 года пачаліся звальненні акцёраў, змены дырэктароў — дзяржава пачала наступ на тэатр.

Мы спачатку меркавалі, што можам працягваць працу, бо цэнзары не разумеюць мову тэатра. Зусім. Нам так здавалася на працягу года.

Калі мы зрабілі апошні спектакль, зразумелі, што цэнзары сталі больш «пільнымі» — пачалі бачыць глыбей пасыл, сімвалы. Але вельмі прымітыўна: калі ў п’есе існавала рэпліка «Жыве Фландрыя», ім здавалася, што гэта правакацыя. Але ж насамрэч такі тэкст, ніхто нічога не ўкладаў у гэта.

Але гэта быў сігнал, што рабіць спектаклі так, як ты хочаш, ужо немагчыма. Скакаць пад іх дудку я не збіраюся, рабіць спектаклі ў чырвона-зялёных колерах таксама не хачу.

Увогуле, калі без жартаў, я зразумела, што мая праца стала больш падобнай не на творчасць, не на мастацтва, а на спробы распавесці адміністрацыі ці цэнзарам, што такое мастацтва і што такое тэатр.

Усё больш размоваў «а давайце гэта зменім» — гэта ўжо не тэатр.

Ну і трэба разумець, што культура і мастацтва — гэта першыя ахвяры эканамічных крызісаў. Крызіс сёння проста топіць нашую краіну — у тэатры гэта адчуваецца найперш. Грошай ужо няма, ва ўсіх тэатрах шмат пазык. Ніхто не думае ўжо пра новыя спектаклі — проста як выжыць.

Тыя, хто цяпер працуе і паказвае сапраўдныя спектаклі — рэальныя героі. Але ёсць ва ўсяго нейкі канец, той узровень, калі ты ўжо не можаш проста. Вось у мяне ён і наступіў.

«НН»: Якія на сёння грошы можна атрымаць у беларускім тэатры?

НМ: Розныя грошы, залежыць, канешне, ад тэатра і ад таго, як ты працуеш. Калі ў штаце, то заробак звычайны, як ва ўсіх працаўнікоў дзяржустаноў, — не вельмі вялікі. Але калі ты мастак ці рэжысёр, якога запрасілі для канкрэтнай задачы (як гэта было ў маім выпадку), то гэта ўжо большыя грошы. Але па мерках тэатра, гэта ўсё адно невялікія сумы.

Тыя, хто працуе зараз у тэатры — робяць гэта за ідэю. Заробак — каб пад’есці трохі і ўсё.

«У любой п’есе прысутнічае палітычны кантэкст»

«НН»: Цэнзура адчуваецца на ўсім працягу працы над пастаноўкай? Як працуе гэты механізм цяпер?

НМ: Залежыць моцна ад кіраўніцтва тэатра, у кожным маецца мастацкая рада, якая і дае канчатковае рашэнне па спектаклі. Апошнім часам адбываюцца істотныя змены менавіта ў адміністрацыі. Але нават калі гэты ўзровень спектакль праходзіць, то далей абавязкова прыходзяць людзі з устаноў Міністэрства культуры (гэта было і раней), глядзяць і нешта пішуць, у залежнасці ад таго, наколькі зразумелі. 

У самім працэсе мастацка-пастаноўчым пакуль татальнага кантролю няма, прынамсі мы не сутыкаліся.

Але ўсё больш і больш хваляванняў у саміх калектывах — пачынае працаваць самацэнзура: мо, гэта занадта, а гэтага не варта…

Калі казаць пра маю працу, то я і не рабіла ніколі прамых сімвалаў, якія адносяцца да палітычнай сітуацыі. Яны і не патрэбныя.

Немагчыма рабіць цэнзуру ў тэатры!

Калі ты чытаеш любую п’есу, любога часу (хай Гогаль, Дастаеўскі ці сучасная беларуская драматургія) — у любой п’есе прысутнічае палітычны кантэкст. У любой п’есе можна знайсці ноткі фемінізму. Гэта тэкст, які напісаны. 

«НН»: Ці плануеце працягнуць працу ў гэтай сферы, можа, ёсць жаданне знайсці беларускія ініцыятывы за мяжой?

НМ: Я другі дзень у Тбілісі, пакуль не ведаю, дзе буду працаваць. Прыглядаюся да грузінскіх тэатраў. Хачу ў перспектыве запрашаць беларускіх тэатральных дзеячаў сюды ў Грузію, каб рабіць супольныя праекты. Важна, калі ёсць такія сувязі, гэта плённая схема. 

Сябры казалі, што проста ішлі тут па вуліцы і сустрэлі Маляваныча — вось як. То-бок ужо ў Грузіі ёсць беларускія дзеячы, мяркую, іх колькасць будзе павялічвацца. 

«Тэатр не павінен крычаць палітычныя лозунгі — іх перадае атмасфера»

«НН»: З аднога боку, ціск, забароны і перашкоды ствараюць пэўны культурніцкі супраціў, надаюць творчай энергіі, з іншага — тэатр патрабуе значных выдаткаў, без дзяржавы цяжка. Як вы лічыце, апошнія гады ідуць хутчэй у плюс ці ў мінус беларускаму тэатру?

НМ: Думаю, апошнія два гады адназначна ў мінус. Тэатр — заўсёды рэакцыя на пэўныя сацыяльныя працэсы, палітычныя. Так было заўсёды. Але гэтай магчымасці цяпер няма абсалютна. Апошні прыклад: спектакль «Пачупкі» ў РТБД. Ён зроблены цалкам у чорных колерах, ёсць моцныя сімвалы сучаснасці.

Тэатр жа не павінен крычаць палітычныя лозунгі — іх перадае атмасфера. Дык вось атмасфера ў «Пачупках» вельмі адпавядае беларускай сучаснасці.

Вось Карняг адрэагаваў на падзеі — настолькі тонка і завуалявана, наколькі гэта магчыма.

Зараз ёсць цвёрдае разуменне, што РТБД чакаюць вялікія перамены. Па тым, што я чула: шмат людзей з тэатра запрашаюць глядзець апошнія спектаклі лютага-сакавіка, бо наперадзе чакаюцца змены. Якія цяпер могуць яны быць — відавочна.

«Нас правяралі даішнікі восем разоў»

«НН»: Наколькі цяпер цяжка вырвацца з Беларусі, усё ж ахвотных шмат, а варыянтаў робіцца менш?

НМ: З кожным днём цяжэй і цяжэй. Адчуванне, нібыта мы ўскочылі ў апошні вагон цягніка, які гарыць. 

Ёсць некалькі шляхоў да Грузіі цяпер. Самы папулярны — самалётам, гэта вельмі хутка. Добры варыянт, але квіткі разлятаюцца імгненна, хоць каштуюць вельмі дорага (ад 1000 даляраў). Большасць нават не разглядае гэты варыянт.

Ёсць рэйсавыя аўтобусы. Каб выехаць па зямлі, трэба ехаць праз Расію. Каб трапіць у Расію на аўтобусе, мае быць падстава на ўезд. Гэтую паперу робяць рознымі шляхамі. Але я не адну гісторыю чула, як людзей нават з гэтым дакументам разварочвалі на мяжы. Таму гэта таксама не дакладны спосаб. 

Можна ехаць лясамі-палямі. Але самы просты шлях, каб уехаць у Расію без падставы, — самалёт альбо цягнік. 

Мы ўзялі квіткі на цягнік да Смаленска, а там ужо нас сустрэў бус, які мы замовілі ў турарганізацыі.

«З намі было два сабакі і адзін кот».

«З намі было два сабакі і адзін кот».

«НН»: Ці ўзніклі праблемы з дакументамі ці праверкамі?

НМ: Зараз вельмі шмат інфармацыі паўсюль. Раю правяраць усё на афіцыйных сайтах. Людзі ў паніцы, нічога не разумеюць, таму шмат дэзынфармацыі. На момант, калі мы ехалі, быў патрэбен толькі ПЛР-тэст і пашпарт. У Грузію тое самае. 

Для грамадзян Расіі там патрабаванні крыху іншыя. 

Калі ехалі па Расіі, былі адносна недалёка ад украінскай мяжы. Зразумелі гэта, убачыўшы вельмі даўгую калону вайсковай тэхнікі. Гэта былі не танкі, хутчэй грузавікі з прыпасамі. 

Нас правяралі даішнікі восем разоў. Спынялі, глядзелі дакументы. Цікава, што яны былі ў касках і бронекамізэльках.

На КПП паблізу Паўночнай Асеціі вайскоўцы з аўтаматамі пільна даглядалі рэчы, дапытвалі, куды мы едзем і чаму. 

Верхні Ларс — самы папулярны маршрут, каб уехаць з Расіі ў Грузію. Таму там чэргі велізарныя. Кіламетраў з дзесяць дакладна.

«НН»: Колькі ўсяго часу заняў ваш шлях?

НМ: Мы выехалі з Мінска а 12-й гадзіне ночы ў Смаленск, пяць гадзін у дарозе. Чакалі наш бус гадзін шэсць-сем — ён затрымаўся на мяжы. Па Расіі ехалі паўтара дні, на мяжы з Грузіяй стаялі 12 гадзін. Ад мяжы да Тбілісі — каля трох гадзін.

«НН»: Ці падлічылі вы кошт такой паездкі?

НМ: Мы выбралі не самы танны варыянт. У нас было шмат рэчаў, патрэбна было месца. Мы аплацілі бус — 2250 даляраў, падзялілі на ўсіх. З чалавека выйшла каля 370. Квіток на цягнік да Смаленска каштаваў у раёне 100 рублёў.

«Праблема зняць кватэру: з беларускім пашпартам — часта адмаўляюць»

«НН»: Дарога была складаная?

НМ: У гэты час на мяжы было вельмі холадна. Але вельмі прыгожыя краявіды — горы. Расійскія памежнікі вельмі жорстка дапытвалі рускіх і ўкраінцаў, якія выязджаюць. Беларусы іх не так моцна цікавілі. Але чаргу затрымлівалі менавіта гэтыя праверкі і допыты. 

У той дзень, калі мы ўехалі ў Грузію — нам сказалі на мяжы — усяго ўехала 500 беларусаў. Гэта за адзін дзень! 

Пешшу перайсці мяжу з Грузіяй немагчыма. Былі людзі, якія вельмі прасілі пусціць іх у наш бус. Але ў нашага перавозчыка былі дакладныя спісы, мы не маглі.

«НН»: Хоць вы і зусім нядоўга ў Грузіі, але ці заўважылі асаблівае стаўленне да беларусаў на фоне ўсёй трагічнай сітуацыі?

НМ: Адразу заўважная неверагодная салідарнасць з Украінай: паўсюль сцягі вісяць, збіраецца гуманітарная дапамога. 

Але мясцовыя моцна напружаныя праз колькасць прыехаўшых беларусаў. Яны баяцца, што гэта могуць быць і дыверсанты — тут добра памятаюць 2008 год, асцерагаюцца правакацый.

Тбілісі

Тбілісі

Праблема зняць кватэру: з беларускім пашпартам — часта адмаўляюць. 

Моцнай нянавісці ў горадзе я не заўважыла, але людзі напружаныя. 

Як аказалася, многія грузіны не надта пільна сачылі за сітуацыяй у Беларусі апошніх гадоў. Тут яшчэ няма такога ўсведамлення, як, напрыклад, ва Украіне, што беларускі народ не тоесны Лукашэнку.

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?