Фота: РБК

Фота: РБК

Пасля нападу Расіі на Украіну заходнія дэмакратыі шукаюць магчымасцяў, як загнаць рэжым Уладзіміра Пуціна ў пастку і пры гэтым не ўвайсці ў прамое ваеннае сутыкненне з Расіяй, што магло б здарыцца, калі краіны Захаду самі пачалі б ваяваць на баку Украіны.

Найпершы інструмент, які ім даступны — эканамічны ціск. І на гэтым фронце зроблена, трэба прызнаць, ужо сапраўды шмат. Памер уведзеных супраць Расіі санкцый ужо цяпер беспрэцэдэнтны, і дэкларуецца іх далейшае пашырэнне.

Але ўсё гэта, нягледзячы на сур’ёзнасць, усё ж не мае вырашальнага значэння, калі паралельна не будзе нанесены смяротны ўдар па той сферы, якая дазваляе Расіі атрымліваць звышдаходы і дзякуючы ім утрымліваць інфраструктуру, за кошт якой крамлёўскія стратэгі ўспрымаюць сваю краіну як звышдзяржаву. Маюцца на ўвазе маштабныя пастаўкі Расіяй на Захад нафты і газу, без якіх цяжка стачыць канцы з канцамі прынамсі многім краінам Еўрасаюза, сярод якіх і наймацнейшая ды найважнейшая — Германія.

Спробы неяк вырашыць гэтую праблему і наладзіць альтэрнатыўныя пастаўкі вуглевадародаў прыводзяць да дастаткова нечаканых рашэнняў.

Так, днямі амерыканскія СМІ паведамілі, што ўрад ЗША вядзе сакрэтныя перамовы нават з фактычным кіраўніком Венесуэлы Нікаласам Мадура, каб магчы выкарыстоўваць у якасці альтэрнатывы расійскай нафты венесуэльскую.

А рэжым Мадура, як вядома, у заходнім свеце ізгой. Мала таго што ЗША і краіны Еўрасаюза не прызнаюць яго легітымным прэзідэнтам Венесуэлы — афіцыйнае прызнанне ў якасці кіраўніка дзяржавы ўжо тры гады як мае ягоны апазіцыйны апанент Хуан Гуайдо. Хоць тэрыторыю краіны і не кантралюе.

І вось цяпер у крытычнай сітуацыі на гэта махнулі рукой, вядуць з пастаўленым па-за законам Мадура перамовы. Учора пра тое, што першы іх раўнд сапраўды быў праведзены, афіцыйна заявілі як амерыканскія крыніцы, так і сам Мадура ў тэлезвароце. Прытым відаць, што перамовы пакуль што прынамсі ў тупік не зайшлі, бо венесуэльскі правадыр, хоць і не раскрываў падрабязнасцяў двухгадзіннай сустрэчы, адзначыў, што яна была «паважлівай, сардэчнай і дыпламатычнай».

Такім чынам, нельга выключаць, што Мадура будуць неўзабаве прабачаныя многія грахі і ён стане ў заходнім свеце «рукапаціскальным». Геапалітычныя меркаванні пераважаць маральныя, як гэта часта ў нашым недасканалым свеце бывае.

Спрашчаюцца такія гешэфты тым, што Венесуэла краіна далёкая геаграфічна як ад Расіі, так і ад заходніх дэмакратый. Першая, хоць яшчэ з часоў Уга Чавеса актыўна падтрымлівала Венесуэлу, у сітуацыі крытычнай для самой сябе яўна найперш скіне з плячэй гэты баласт (як кажуць у народзе — не да парасяці свінні, калі яе смаляць), а другія могуць самаапраўдацца спецыфічнасцю рэгіёна, дзе ўсталяванне падобных Мадураваму левапапулісцкіх рэжымаў з’ява пакуль што даволі звычайная.

Нас жа, вядома, у гэтай сітуацыі і цікавіць, і трывожыць айчынны аспект праблемы. А менавіта: ці не ўдасца ў цяперашніх абставінах нешта такое па падобнай схеме правярнуць і Лукашэнку?

Паколькі вайна ўсё спісвае, то, можа, у экстрэмальнай сітуацыі Захад забыўся б і на грахі беларускага дыктатара, каб ён цяпер адвярнуўся ад Расіі і перабег на іншы бок? Ці не стануць тады ўсе панесеныя намі за апошнія два гады ахвяры марнымі?

Вядома, у нашыя вар’яцкія часы на 100% выключаць нічога нельга. Але ў сітуацыі Лукашэнкі ёсць істотныя нюансы, якія дазваляюць казаць пра прынцыповае адрозненне ягонага становішча ад становішча Мадура і якія зводзяць рэальныя магчымасці для ягонага манеўравання хіба толькі да самых мінімальных велічыняў.

Па-першае, Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў сітуацыі, калі магчымасцяў прымаць нейкія сапраўды прынцыповыя рашэнні самастойна ў яго практычна няма.

На кантраляванай (?) ім тэрыторыі знаходзяцца расійскія войскі, а галоўнакамандуючы гэтых войскаў, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, дэманстратыўна напляваў — зрэшты, як і Лукашэнка, — на выкананне ўсялякіх нормаў міжнароднага права. А таму нейкіх механізмаў прымусіць Пуціна вывесці войскі з тэрыторыі Беларусі, нават калі б Захаду з Лукашэнкам удалося пра гэта дамовіцца, у беларускага правіцеля няма.

Тым больш што для вайны Расіі з Украінай тэрыторыя Беларусі мае стратэгічнае значэнне, таму відавочна, што ў сітуацыі «пан або прапаў» цацкацца з капрызным саюзнікам, калі што, ніхто не будзе.

У Лукашэнкі, праўда, ёсць свая армія, якую тэарэтычна можна было б выкарыстоўваць як аргумент. Але пытанне, наколькі яна баяздольная, а галоўнае — наколькі Лукашэнку ў тых умовах, якія склаліся, падкантрольная.

Калі б справа дайшла да беларуска-расійскага ўзброенага канфлікту, то далёка не факт, што беларускія высокапастаўленыя сілавікі захавалі б вернасць Лукашэнку, а не прынялі бок Пуціна. І тут няма нічога дзіўнага: ён сам 27 з лішкам гадоў праводзіў вядома якое ідэйна-патрыятычнае выхаванне.

Другі важны аспект — у цяперашніх умовах Лукашэнка ніяк не можа ў пагрозлівай сітуацыі разлічваць на актыўную падтрымку з боку насельніцтва.

Калі да 2020 года пра гэта можна было казаць прынамсі гіпатэтычна, то пасля разгорнутага паслявыбарчага тэрору, які не спыняецца да гэтай пары, паміж уладай і большай часткай насельніцтва, а перадусім актыўнай і патрыятычнай яго часткай, узнікла настолькі глыбокая прорва, што пераадолець яе можна толькі пры ўмове глыбокіх перамен.

Адсутнасць падтрымкі Лукашэнкі сярод насельніцтва ставіць яшчэ адну праблему. Апошнія паўтара года Лукашэнка трымаецца ва ўладзе выключна на штыхах, а трымаць ад краху эканоміку ва ўмовах уведзеных краінамі Захаду санкцый яму дазваляла перадусім палітычная і эканамічная падтрымка з боку Масквы. Ды і ў папярэднія гады і нават дзесяцігоддзі без такой падтрымкі немагчыма было б існаванне «беларускай мадэлі» эканомікі, якая сама па сабе, у вольным плаванні, нежыццяздольная.

І калі б Лукашэнка адвярнуўся ад Масквы, то яму давялося б знайсці для гэтай сістэмы іншага фундатара. А ў нашых умовах адзіная альтэрнатыва Маскве — толькі Захад.

Ці пагадзіліся б краіны Захаду падтрымліваць за ўласны кошт збанкрутаваную эканамічную і палітычную мадэль, прытым што беларускі дыктатар, у адрозненне ад Мадура, не можа ім прапанаваць за гэта карыстанне стратэгічнай важнасці прыроднымі рэсурсамі? Ці маглі б заходнікі прыняць, што не недзе далёка ў Азіі, Афрыцы ці Лацінскай Амерыцы, а на самай мяжы з Еўрасаюзам фактычна за іх кошт нелегітымны дыктатар утрымлівае ўладу сілай, адмяніўшы законы і чынячы над сваім народам здзекі? Наўрад ці гэта магчыма, хоць бы з неабходнасці еўрапейскім урадам аглядання на ўласную грамадскую думку.

Цярпець амаральны рэжым на сваіх межах, калі яго падтрымлівае іншая ядзерная дзяржава, на якую няма сур’ёзных механізмаў уплыву — адно. А вось падтрымліваць такі рэжым самім добраахвотна — зусім іншае.

Такім чынам, гіпатэтычная геапалітычная пераарыентацыя Лукашэнкі так ці інакш ставіла б пытанне аб змене ў Беларусі ўлады.

Рэалістычна можна было б разважаць пра тое, што ў выпадку, калі б Лукашэнка здрадзіў Пуціну і вывеў Беларусь з вайны на баку Расіі, яму і найбліжэйшаму атачэнню маглі б даць гарантыі асабістай бяспекі і палітычны прытулак ў нейкай краіне, лаяльнай да Захаду. Але пра тое, каб у Беларусі нічога не мянялася і Лукашэнка заставаўся тут паўнаўладным уладаром без права грамадства на суб’ектнасць, у выпадку паразы Расіі і пераарыентацыі краіны на Захад гаворкі быць не магло б.

А Лукашэнка акурат на захаванне ў сваіх руках не проста ўлады, а ўлады неабмежаванай паставіў у жніўні 2020 года ўсё, што ў яго было. Тады ў яго быў выбар: сысці з улады пад ціскам паўсталых масаў добраахвотна, магчыма, вытаргаваўшы нейкія гарантыі, ці спаліць усе масты, зрабіць стаўку на брутальнае задушэнне пратэстаў без усялякіх тармазоў.

Выбар адназначна і, відаць, без ніякіх ваганняў быў зроблены на карысць другога варыянту, а пасля неаднаразова пацвярджаўся. Таму можна канстатаваць, што Рубікон быў пяройдзены канчаткова, і цяпер гэтага выбару ўжо няма.

Улада для Лукашэнкі — самакаштоўнасць, дзеля яе захавання ён гатовы абсалютна на ўсё. А магчымасць яе захаваць ёсць толькі пры ўмове прынамсі адноснай перамогі Пуціна ў вайне з Украінай.

Крах і нават значнае аслабленне пуцінскага рэжыму будзе азначаць і аўтаматычны крах рэжыму Лукашэнкі. Таму яму нічога не застаецца, каб быць з Пуціным да канца і маліцца за ягоную перамогу.

Што не выключае адначасовага ўхілення ад непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяннях, адмаўлення, пакуль гэта магчыма, ад уступлення ў вайну беларускай арміі. Бо тая армія не хоча ваяваць, і беларускі народ не хоча. Дый сам Лукашэнка абламаўся ў сваіх прагнозах, што вайна працягнецца тры-чатыры дні, а пасля беларускі калій паедзе ў порт Мікалаева.

Энтузіязму ў яго апошніх прамовах не адчувалася. Але невялікі энтузіязм пры асабістым заангажаванні ў рэалізацыю пуцінскіх планаў — самае большае, што можна сёння ад Лукашэнкі ўзяць, гэта той самы касмык шэрсці з паршывай казы з прымаўкі.

Здрады ж Пуціну з боку Лукашэнкі пры дадзеных абставінах не варта чакаць. Яго рукі звязаныя. А памяняюцца абставіны — тады ўжо руль у свае рукі можа ўзяць атачэнне Лукашэнкі. У якога, у адрозненне ад яго, рукі звязаныя не так. І тут ужо сапраўды можа быць што заўгодна. 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0