Апошні раз агенцтва перагледзела рэйтынг менш за тыдзень таму, 3 сакавіка. Аднак цяпер арганізацыя мусіла яшчэ пагоршыць прагнозы з улікам увядзення новых санкцый і ўказа Уладзіміра Пуціна, які дазволіў выплачваць валютныя пазыкі «недружалюбным» краінам у рублях.

6 сакавіка іншае рэйтынгавае агенцтва, Moody's, панізіла суверэнны рэйтынг Расіі да «пераддэфолтнага».

Што ўсё гэта значыць, тлумачыць у адмысловым матэрыяле Бі-бі-сі.

Дэфолт — гэта немагчымасць або адмова краіны выплачваць свае даўгі. Расія ўжо перажыла дэфолт у 1998 годзе.

На працягу некалькіх гадоў да гэтага краіна актыўна выпускала дзяржаўныя кароткатэрміновыя аблігацыі (ДКА). Урад не змог абслугоўваць гэты доўг і ў аднабаковым парадку аб'явіў рэструктурызацыю гэтых папер.

Гэты крызіс запомніўся многім. У жніўні 1998 года адбылася рэзкая дэвальвацыя рубля, на фінансавых рынках здарылася паніка, цэны ўзляцелі, а затым збанкрутавала некалькі банкаў. Работнікі крамаў успамінаюць, што прыкладна раз у некалькі гадзін мянялі цэннікі, бо з-за падзення рубля цэны даводзілася пастаянна пераглядаць. Людзі ў паніцы скуплялі ўсе тавары, якія трапляліся пад руку.

Гэтым разам сітуацыя крыху іншая. Fitch піша, што дэфолт цяпер непазбежны, бо, на думку агенцтва, дзяржава ўсё менш гатовая абслугоўваць свае абавязкі. У агенцтве спасылаюцца на ўказ прэзідэнта і заявы цэнтральнага банка, якія абмяжоўваюць розныя выплаты па даўгавых паперах для замежнікаў.

У агенцтве чакаюць, што Расія можа наважыцца на «палітычны адказ» на санкцыі ў галіне энергетыкі, пра якія заявілі ў гэты аўторак ЗША і краіны ЕС, і адмовіцца ад выплаты часткі сваіх абавязальніцтваў.

У рэйтынгавага агенцтва Moody's, якое 6 сакавіка таксама папярэджвала аб рызыцы дэфолту Расіі і знізіла яе рэйтынг да Са, таксама пераддэфолтнага, тлумачэнні такія ж, як у Fitch: у краіне абмяжоўваецца рух капіталу і розныя выплаты іншаземцам. У агенцтве сумняваюцца ў тым, што Расія «хоча і здольная» плаціць па сваіх абавязальніцтвах.

Асноўная розніца паміж 1998 годам і цяперашняй сітуацыяй — у прычынах крызісу. Дэфолт 1998-га многія эканамісты называюць «траўмай» цяперашняга ўрада. Тады эканоміка была нестабільная, а ўрад сапраўды занадта актыўна пазычаў грошы і не мог справіцца з крызісамі, якія пастаянна ўзнікалі.

Пасля гэтага вопыту эканамічны блок урада на многія гады выбраў жорсткую фінансавую палітыку, адкладваючы значную частку даходаў у рэзервы і не дазваляючы істотна нарошчваць дзярждоўг. Урад за гэтую палітыку вельмі крытыкавалі, бо лічылася, што яна не дае эканоміцы дастаткова грошай на развіццё.

У выніку ў Расіі сабраліся дастаткова вялікія рэзервы. На 1 лютага ў Фондзе нацыянальнага дабрабыту было амаль 175 млрд даляраў. Рэйтынгавыя агенцтвы і аналітыкі адзначалі, што гэтыя рэзервы з'яўляюцца «падушкай» бяспекі Расіі і забяспечаць стабільнасць эканомікі.

У 1990-я гады пра якую-небудзь «падушку» бяспекі і стабільнасць эканомікі гаворкі не ішло. Аднак у цяперашніх умовах аказалася, што і гэтыя назапашванні не гарантуюць фінансавай стабільнасці.

Ці можа дэфолт Расіі сур'ёзна змяніць сітуацыю цяпер — гэта спрэчнае пытанне. Рубель і так дастаткова моцна ўпаў. Курс спрабуюць падтрымліваць з дапамогай валютных інтэрвенцый — спачатку Цэнтральнага банка, а затым, пасля таго як яго актывы былі замарожаныя, з дапамогай продажу валюты з боку экспарцёраў.

Замежныя інвестары з-за вайны з Украінай і санкцый у асноўным пакінулі расійскі рынак. Давер да расійскай эканомікі і ўладаў у міжнародных інвестараў падарваны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру