Паводле інфармацыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), з таго часу, як 24 лютага расійскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС, сітуацыя на ёй пагаршаецца. Кіраўнік агенцтва Рафаэль Гросі заявіў у аўторак, 8 сакавіка, што, па даных украінскага боку, каля 210 тэхнікаў і мясцовых супрацоўнікаў службы бяспекі дзяжурылі на атамнай электрастанцыі бесперапынна на працягу амаль двух тыдняў, паколькі пад расійскім кантролем не адбывалася змена персаналу.

Па паведамленні ўкраінскага рэгулятара, яны атрымліваюць ваду, ежу і медыкаменты ў абмежаваным аб'ёме, і іх становішча пагаршаецца.

Акрамя таго, МАГАТЭ больш не мае сувязі са сваім маніторынгавым абсталяваннем, якое гарантуе, што ўсе ядзерныя матэрыялы знаходзяцца на сваіх месцах.

«Я глыбока занепакоены складанай і стрэсавай сітуацыяй, у якой аказаўся персанал Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, і патэнцыйнымі рызыкамі для ядзернай бяспекі, якія гэта цягне за сабой», — заявіў кіраўнік МАГАТЭ.

Рафаэль Гросі прапанаваў правесці перамовы аб гарантыях бяспекі ўкраінскіх ядзерных абʼектаў з удзелам прадстаўнікоў Расіі і Украіны на тэрыторыі АЭС ці ў іншым месцы.

На гэты момант ад расійскага ўварвання пацярпела яшчэ адна АЭС — Запарожская — і некаторыя іншыя абʼекты з запасамі ядзерных матэрыялаў. Аднак уцечкі радыеактыўных рэчываў не адбылося.

У 1986 годзе на Чарнобыльскай АЭС здарылася разбуральная ядзерная аварыя. Радыеактыўныя адходы захоўваюцца там і сёння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0