Ігар перабраўся ва Украіну ў жніўні 2021 года. 

«Я быў актыўным і раней: сядзеў на сутках у 2010, у 2017. І зараз, скажам так, у некаторых мерапрыемствах удзельнічаў.

І ў жніўні 2021 мне пазванілі з міліцыі, запрасілі на размову. Я папрасіў павестку, міліцыянт пачаў на мяне крычаць.

Я вырашыў на размову не ісці, недзе два тыдні жыў не дома. У гэты час да мяне прыходзілі з ператрусам. А пасля на лецішча да майго бацькі прыехала КДБ, таксама правялі ператрус. Нібыта недзе нешта ўзарвалі і я праходжу як сведка. Для мяне пакінулі павестку: з’явіцца ў КДБ.

Я рыхтаваўся да вяселля, але параіўся з праваабаронцамі і вырашыў з’язджаць. Пераехаў у Кіеў».

Ва Украіне Ігар працаваў то тут, то там. Паціху наладжваў жыццё, да яго прыехала з Беларусі нявеста.

«23 лютага я афармляў прапіску для ВНЖ, заплаціў 2500 грывень (каля 86 даляраў), зняў новую кватэру ў Ірпені, за якую аддаў 17 тысяч грывень (амаль 600 даляраў), заплаціўшы загадзя за два месяцы. Цэлы дзень займаўся пераездам, лёг спаць каля 2-й ночы. 

І ў пачатку на 6-ю гадзіну я прачнуўся: пачуў хлапкі, убачыў зарава ў небе. Выглядае, што якраз атакавалі Гастомель, — згадвае Ігар. — Адкрыў тэлеграм, прачытаў навіны і адразу пачалі выязджаць. Забралі знаёмых, паехалі ў Львоў. 590 кіламетраў мы праехалі аж за 22 гадзіны: дарогі былі забітыя, месцамі проста стаялі».

У Львове Ігар спыніўся у сябра-беларуса. 

«У Львове негатыўнае стаўленне да беларусаў было заўважнае. У мяне аўто на беларускіх нумарах — на мяне адразу ж выклікалі паліцыю. Паліцыя праверыла нас і папрасіла зняць нумары і не ездзіць на машыне па горадзе ўвогуле,

— кажа суразмоўца. — А калі мы з сябрам выходзілі ў горад, то пры мінаках стараліся маўчаць, каб не гаварыць па-руску. Украінскай і беларускай у поўнай меры не валодаем, таму, калі бачылі мясцовых, проста замаўкалі, каб не выклікаць падазрэнні. 

Я чуў і такое меркаванне, што беларусы — здраднікі. Стараўся тлумачыць, што ў нас задушаная грамадскасць, яна не ўплывае на рашэнні Лукашэнкі, расказваў, што ў нас больш за тысячу палітвязняў, што любы не той рух — суд і турма. Намагаўся патлумачыць, што беларусы не вінаватыя, што яны не падтрымліваюць Пуціна і Лукашэнку, але мае тлумачэнні неяк… не ўспрымалі.

Таксама ў львоўскім доме быў агульны чат. Я пісаў там аднойчы, што выязджаю ў Польшчу, пытаўся, ці не памяняе нехта грыўні на еўра ці злотыя. Суседзі адказвалі: «Аддай грошы вайскоўцам!» Таксама яхідна пісалі: «А чаму едзеш у Польшчу, а не ў Беларусь?»

Раней украінцы паважалі беларусаў, цяпер я толькі аднойчы пачуў ад выпадковага таксіста, што мы добры і брацкі народ. І ўсё. Астатняе — толькі негатыў.

Шмат маіх сяброў-украінцаў адразу пайшло абараняць сваю краіну. Цікава, што некаторыя брутальныя хлопцы з’ехалі, а многія «батанікі» — менеджары, айцішнікі — наадварот, засталіся і ўзялі зброю. 

Мяне трохі грызе, што я не застаўся абараняць Украіну. Але, я не маю ніякага вопыту, плюс адказваю за сваю нявесту, за бацькоў. І калі ты ідзеш на вайну, ты мусіш быць гатовы да смерці». 

Выехаўшы са Львова, Ігар заляпіў чырвона-зялёны сцяжок на нумарах машыны бела-чырвона-белай налепкай. Але, кажа, яго ўсё роўна спынялі на кожным блокпасце, два разы пільна абшуквалі.

«На мяжы ўкраінскія памежнікі паводзілі сябе з намі груба, хамілі, было заўважнае іх стаўленне. Правялі поўны агляд.

І многія беларусы, якія жылі ва Украіне гэтае негатыўнае стаўленне цяпер адчуваюць. Аднаму знаёмаму нават прабілі колы ў машыне, — кажа Ігар. —

Пасля палякі яшчэ трымалі нас каля чытырох гадзін у нейкім пакойчыку. З намі гаварыла нейкая жанчына і прадстаўнік іх спецслужбаў. Ён вельмі цікавіўся, чым я займаўся ў Беларусі, чаму перабраўся ва Украіну, чаму цяпер еду менавіта ў Польшчу».

Нарэшце Ігара з нявестай прапусцілі. Яны нейкі час правялі ў Польшчы, пасля паехалі ў Турцыю, каб трохі адпачыць і падумаць, што рабіць далей. 

«У Польшчы цяпер заставацца не хачу — гэта будзе напружаны рэгіён праз тое, што туды выехала шмат беларусаў і ўкраінцаў. Знаёмая ўжо расказвала, што чула як на вуліцах выкрыкваюць «Польшча для палякаў!»

Трэба неяк данесці украінцам, палякам, што беларусы, якія выехалі з Беларусі — гэта актывісты, якія якраз падтрымліваюць Украіну, а не Расію. Тым больш, што шмат беларусаў абараняе Украіну, — кажа Ігар. — Я разумею, што не ўсе украінцы ставяцца да нас негатыўна, але такі стэрэатып з’явіўся, ён ужо магутны, ён існуе. Украінцы пачынаюць успрымаць беларусаў як ворагаў. Іх можна зразумець, канечне, але ж… Мы цяпер нібыта нацыя-ізгой». 

Чытайце таксама:

«Нібыта ўскочылі ў апошні вагон цягніка, які гарыць». Гісторыя беларускай мастачкі, што ўцякла ў Грузію

Па законах ваеннага часу: украінцы канфіскавалі 25 беларускіх фур пры спробе выезду з краіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0