«Тое, што трэба пісаць заяву на выдачу гатоўкай вялікіх сумаў валюты і чаканне займае некалькі сутак — то такая практыка існавала заўсёды», — тлумачыць сваю сітуацыю чытач «Нашай Нівы», якому трэба зняць $50 тысяч.
— Але цяпер узнікла з'ява «чаргі», калі ты, здаецца, напісаў заяву, чакаеш, але ў банку тлумачаць, што перад табой «чарга», і ўсім будуць выдаваць грошы па меры іх наяўнасці — «сітуацыя ж цяжкая, вы ж разумееце». Таму, па факце, зняць валюту праблематычна, паглядзім, ці ўвогуле рэальна».
Іншы беларус, якому трэба зняць $35 тысяч, кажа, што банк настойліва прапануе правесці тую аперацыю, для якой яму патрэбныя грошы, безнаяўнымі, але яго такое не задавальняе.
«Сказалі, што выдадуць у парадку «чаргі». Але я не ведаю, колькі людзей у чарзе перад мной, мне не кажуць. Пры гэтым, як я разумею, валюта ёсць, проста яе прытрымліваюць, бо прадбачаць праблемы ў хуткай будучыні. З фінансавага гледзішча я свой банк разумею», — кажа ён.
Вядома таксама пра праблемы са зняццём валюты і ў юрыдычных асоб.
Асабліва востра з гэтым сутыкаюцца кампаніі, якія адпраўляюць сваіх супрацоўнікаў у частыя камандзіроўкі (напрыклад, лагістычныя фірмы), і ўжо не могуць быць упэўненымі ў дзейнасці беларускіх картаў за мяжой — ім трэба здымаць валюту.
«Але банкі неахвотна выдаюць, тлумачаць праблемамі з валютай, недзе зусім не выдаюць», — тлумачыць кіраўнік адной з фірм.
«З еўра менш праблем, чым з доларам, і ёсць магчымасць дамаўляцца», — кажа кіраўнік іншай.
У той жа час, праблем са зняццём ці абменам невялікіх сум (да некалькіх тысяч) пакуль няма.
Учора Цэнтрабанк Расіі ўвёў абмежаванні на выдачу валюты — 10 тысяч долараў для ўласнікаў валютных рахункаў.
Сёння стала вядома, што ў рамках санкцый ЕС забароненыя пастаўкі наяўных еўра ў Беларусь.