У дзяржаве, якой ён кіруе, большасць прамысловых прадпрыемстваў на мяжы спынення, фінансавая сістэма вось-вось будзе паралізаваная, чужая армія займае ўсю паўднёвую мяжу і ажыццяўляе агрэсію з яго тэрыторыі… А ён склікае адмысловую нараду пра тое, як ачысціць лясы ад буралому.

Робіць выгляд, што нічога надзвычайнага наўкол не адбываецца. Выконвае ролю дбайнага гаспадара, які на кожным зламаным дрэве хоча зарабіць: цэны на драўніну цяпер на замежным рынку высокія. І гэта прытым, што ўсяго дзень таму, 8 сакавіка, і расійская, і беларуская дрэваапрацоўка трапілі пад жорсткія санкцыі: экспартаваць драўніну з 14 сакавіка стане немагчыма.

Нічога, супакойвае Лукашэнка: «Не кіем, дык палкай — яе будуць прасіць купляць. І Еўрасаюз, і паўднёвыя нашы дзяржавы і суседзі». Прыемна, вядома, што паважліва спадзяецца на «паўднёвых суседзяў». Праўда, пакуль што да «паўднёвых суседзяў» накіроўваюцца не вагоны з драўнінай, а расійскія танкі і ракеты. І сама беларуская тэрыторыя праз гэта неўзабаве можа стаць аб’ектам ракетных і бомбавых атак.

 Разбураны свет беларускага чыноўніка

Лукашэнка адчувае, які маральны дух пануе ў ягонай калісьці так добра вымуштраванай «вертыкалі».

Публічна чыноўнікі, праўда, маўчаць, але што гавораць між сабой, для яго не сакрэт. Лукашэнка гэтыя размовы чуе: «Дысцыпліну трэба падцягваць. Разбалбаталіся далей няма куды. Больш ва Украіне ваююць языком, чым займаюцца сваёй краінай. Дык вось, каб войнаў не было на тэрыторыі Беларусі, трэба эканоміку мацаваць сваю» (з выступу на нарадзе 9 сакавіка).

І некалькімі днямі раней ён крыўдаваў, што яму «даводзіцца паўтараць і пераконваць», што яны яго «не хочуць пачуць», што не давяраюць ягоным словам (з выступу 4 сакавіка).

Чыноўнікі, на паслухмянасці і маўклівасці якіх доўгія дзесяцігоддзі трымаўся гэты рэжым, сёння ў роспачы і разгубленасці. Іх звыклы свет разбураецца. Прычым у значна большай ступені, чым у не надзеленага ўладай шараговага беларуса.

Вядома, сярэдняй рукі беларускі «вертыкальшчык» — зусім не расійскі алігарх. Арышту яхты ў італьянскіх партах яму баяцца няма чаго. І асабнякоў у Лондане ці на Лазурным беразе ў яго няма, то і не адбяруць. Але ён ужо даўно прывык да пэўнага жыццёвага стандарту. Напрыклад, да добрага еўрапейскага ці японскага аўтамабіля, да італьянскай мэблі і нямецкай бытавой тэхнікі. У штогадовых планах на летнія вакацыі ў ягонай сям’і калі не Маёрка, то Рыміні ці Канары. Ягоная жонка прывыкла апранацца ў Guess, Тommy Hilfiger ці Boss. І што з гэтым усім цяпер будзе?

А што здарыцца з ягонымі даходамі? І гаворка не толькі пра афіцыйны рублёвы заробак, які, натуральна, рэзка зменшыцца прапарцыйна лічбам абменнага курсу беларускага рубля адносна цвёрдай валюты. Многія з іх рабілі розныя негалосныя гешэфты — ці то спрыяючы камерцыйным кампаніям на падпарадкаванай тэрыторыі, ці здаючы ў арэнду офісы або склады, аформленыя на падстаўных асобаў. Але дзе цяпер апынуцца тыя заможныя камерсанты? Каму спатрэбяцца офісы і склады? Колькі можна зарабіць на іх арэндзе, калі кампаніі масава закрываюцца, а бізнэсоўцы ды айцішнікі натоўпамі пакідаюць краіну?

Сітуацыю не параўнаць з той, што была ў жніўні 2020 года. Усё ж тады за спінай разгубленага Лукашэнкі, які бегаў з аўтаматам вакол свайго палаца, нябачна лунаў цень усёмагутнага Пуціна. І чынавенства ў сваёй масе тады не надта вагалася: у большасці была пэўнасць, што рэжым вытрымае.

Цяпер усё інакш. Яны з жахам сочаць за тым, што адбываецца ва Украіне, у Маскве і вакол. Яны добра ўсведамляюць, якімі будуць наступствы санкцый. І яны задаюць сабе пытанне пра ўласны лёс, які можа напаткаць іх у тым выпадку, калі Лукашэнка болей не зможа разлічваць на расійскае ўтрыманне і абарону.

 «На якую халеру было ўсё гэта пачынаць? Нармальна ж жылі», — шчыра прызнаўся ў размове адзін даўні знаёмы, які па-ранейшаму застаецца пры пасадзе. Не сумняваюся, што прыблізна такое ж пытанне задаюць тысячы і тысячы ягоных калег. Яны суцішыліся і замёрлі ў чаканні і няпэўнасці.

У той час, калі вырашаецца лёс Беларусі на многія наступныя гады, калі яна непасрэдным чынам задзейнічаная ў ваеннай авантуры Расіі, а беларускія салдаты сёння-заўтра могуць быць пасланыя на бойню, — тыя, хто мог бы спыніць усё гэта, маўчаць.

Што праўда, і публічна падтрымліваць расійскую агрэсію ўжо ніхто не адважваецца. Нават «наш глашатай» Азаронак неяк зніякавеў і без ранейшага імпэту расказвае пра «бандэраўскую» Украіну і яе вызваліцеляў.

А згадайце, як у канцы студзеня кіраўнікі «вертыкалі» у многіх рэгіёнах (у Мазыры, у Баранавічах, у Гомелі) асабіста сустракалі эшалоны з расійскімі войскамі з урачыстымі мітынгамі, пірагамі і нават скокамі пад баян. Гучала шмат пафасных слоў пра абарону Айчыны і вернасць традыцыям. Многія з тых, хто частаваўся тымі караваямі і танцаваў з дзяўчатамі на тле танкаў, цяпер ляжаць абапал украінскіх дарог у тых згарэлых танках і БМП, якія выгружаліся на беларускіх станцыях пад гукі беларускіх аркестраў усяго месяц таму.

9 сакавіка. 14-ы дзень вайны. Лукашэнка расказвае народу пра тое, як трэба парадкаваць зламаную ветрам драўніну і наводзіць парадак у лесе.

Пакліканыя на нараду чыноўнікі моўчкі схіліліся над сталом і ўсё пішуць, пішуць, баючыся адарваць вочы ад сваіх нататнікаў і сустрэцца позіркам з тым, хто робіць выгляд, нібы нічога надзвычайнага не адбываецца. Хоць і гэтым чыноўнікам, і яшчэ 9 мільёнам беларусаў так хацелася б спытаць менавіта ў яго:

на якую нам халеру гэта чужая вайна, чужыя войскі на нашай зямлі і праз гэта — нянавісць і пагарда цэлага свету, якія вельмі хутка з жалезнай непазбежнасцю ператворацца ў доўгую паласу неўладкаванасці, нестабільнасці і галечы?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру