Чытайце: Ва Украіне пацярпелі два беларускія дальнабойнікі. Бамбілі з самалётаў, што прыляцелі з Беларусі
Пра стан Івана пакуль мала што вядома. Са словаў кіраўніка Корасценя Уладзіміра Маскаленкі, у выніку выбуху два беларусы атрымалі моцныя апёкі. Самалёты, якія бамбілі горад, прыляцелі з Беларусі.
Ён назваў іх «нежывымі», але вядома, што яны ўсё ж жывыя і знаходзяцца ў шпіталі, а за іх жыццё змагаюцца.
Як Іван аказаўся ва Украіне?
Там ён быў на сваёй машыне — вёз груз.
Займацца ўласным бізнесам мужчына пачаў зусім нядаўна — пры канцы 2020-га адкрыў ІП, пачаў выконваць рэйсы ў інтарэсах розных кампаній. Гэта так і працуе ў лагістыцы, амаль як у таксі — прывозіш груз у адзін горад, а там шукаеш, што і куды везці ў зваротным кірунку.
Так было і ў гэты раз. Іван павёз груз ва Узбекістан, а там знайшоў замову ва Украіну — краіну, зусім блізкую да яго роднага Мазыра.
Вайна пачалася, пакуль ягоны груз быў на ўкраінскай мытні.
Калі стала ясна, што расійскія ракеты ляцяць з тэрыторыі Беларусі, стаўленне да беларусаў пастрожылся.
«У Івана забралі дакументы, ключы ад машыны і мабільнік — усё для праверкі, як у беларуса. Ключы хутка аддалі, а вось дакументы і мабільнік — не. Службовец, што забіраў, некуды знік, вось ён чакаў, пакуль яны скончаць праверку і ўсё вернуць, каб спрабаваць праехаць далей», — вось як знаёмыя з сітуацыяй апісваюць хаду падзей да падзення расійскай бомбы.
Іван Рогаў жанаты, мае 13-гадовую дачку. Сваякі спадзяюцца, што тыя, каго «пахавалі» яшчэ пры жыцці, змогуць выкараскацца.
Нагадаем, трагедыя адбылася на тэрыторыі былога малаказавода. У дванаццаць гадзін ночы 9 сакавіка пачаўся моцны абстрэл.
Наступствы авіяўдару
Па словах кіраўніка горада Уладзіміра Маскаленкі, горад бамбілі расійскія самалёты, якія вылецелі з беларускіх аэрадромаў.
«Вынікі абстрэлу з самалётаў вы можаце ўбачыць: фактычна разбураныя ўсе памяшканні. На жаль, ёсць загінулы, два чалавекі аказаліся ў бальніцы з вельмі значнымі апёкамі, якія не сумяшчальныя з жыццём, таму фактычна трое загінулых людзей. Два з іх — беларусы, якія машынамі стаялі тут, папрасіліся на перыяд, пакуль будуць выязджаць. І яны не ведалі, што якраз з беларускіх аэрадромаў выляцяць расійскія самалёты і будуць бамбіць горад Корасцень», — расказаў Уладзімір Маскаленка.