— 25 лютага, на наступны дзень пасля пачатку вайны, мы з маім калегам Юрыем Мацарскім пайшлі ў ваенкамат і напісалі заявы.
Я вам шчыра хачу сказаць: гэта была гісторыя пра гіганцкія чэргі жадаючых уступіць.
У маёй роце служаць людзі, якія гадзяцца мне ў дзеці, 18-19 гадоў, і людзі, якія падыходзяць мне ў бацькі, каму 60-65 гадоў. У маёй роце ёсць дзве дзяўчыны, узроўню матывацыі якіх можа любы дарослы мужык пазайздросціць: ім 23 і 22 гады, і пры гэтым яны вельмі матываваныя.
Прадстаўнікі тэрабароны трэніруюцца кідаць кактэйлі Молатава ў Жытоміры, 1 сакавіка 2022 г. Фота: Ратынскі Вячаслаў / УНІАН
Гэтая вайна і ўвогуле гісторыя пра абарону Украіны — гэта гісторыя, якая сцірае абсалютна любыя межы, саслоўныя, маёмасныя, гендарныя. Побач служаць мужчыны і жанчыны, людзі ўмоўнага старэйшага ўзросту і людзі малодшага ўзросту. У мяне ў роце ёсць дырэктар юрыдычнай фірмы і ёсць аўтамеханік. Ёсць айцішнік, ёсць слесар, і ніхто не задае нікому пытанне, кім ты быў да вайны, колькі ты зарабляў і гэтак далей.
У суседнім падраздзяленні, у суседняй роце ўвогуле служаць двое маіх знаёмых геяў: яны пайшлі разам, запісаліся ў тэрытарыяльную абарону і нясуць службу нароўні з усімі. Гэта значыць, гэта гісторыя пра тое, што задача па абароне Украіны сцірае межы, у тым ліку і гендарныя. Пытанне тваёй сэксуальнай ідэнтыфікацыі не мае ніякага значэння, таму важна іншае: цябе альбо лічаць пабрацімам, на якога можна разлічваць і які прыкрые цябе ў цяжкай сітуацыі, альбо, адпаведна, цябе такім не лічаць.
— Гэта значыць, маюць рацыю тыя, хто кажа, што яшчэ ніхто не аб'ядноўваў так Украіну, як Пуцін? На жаль, такой высокай цаной.
— Скажам так: ніхто не аб'ядноўваў Украіну так, як пагроза знішчэння краіны. Сапраўды, расійскае ўварванне абнуліла адразу некалькі такіх устойлівых міфаў, якія існавалі як у Расіі адносна Украіны, так і ў самой Украіне адносна самой сябе.
І калі хтосьці думаў, што, умоўна кажучы, поўдзень ці ўсход краіны — гэта такія апалітычныя рэгіёны, якія ў першую чаргу сканцэнтраваныя на парадку дня бытавога выжывання і якім усё роўна, якога колеру сцяг лунае на флагштоку, то мы бачым, што адбываецца ў Херсоне.
Фота: AP
У акупаваным Херсоне людзі выходзяць і гавораць расійскім акупантам у твар, што яны іх лічаць менавіта акупацыйным войскам, а не вызваленчым.
Мы выявілі, што ўсе гэтыя рэгіянальныя адрозненні, пра якія мы прызвычаіліся разважаць на працягу трох дзесяцігоддзяў, насамрэч з'яўляюцца яшчэ адным міфам.
Дакладна такім жа міфам, як непераможнасць расійскай зброі і расійскай арміі. Гэты міф культывавала расійская прапаганда, расійскі кінематограф, расійскія мас-медыя, а ён аказаўся калосам на гліняных нагах. Бо аказалася, што расійскія часці зусім не настолькі баяздольныя, як пра гэта распавядала расійская прапаганда.
Аказалася, што расійская карупцыя пранізвае ў тым ліку расійскую ваенную машыну ўздоўж і ўпоперак. І таму расійскія ваенныя часці забяспечваюцца сухпайкамі, тэрмін прыдатнасці якіх скончыўся 7-8 гадоў таму, і гэтак далей.
І ў гэтым сэнсе расійскае ўварванне сапраўды пазбавіла Украіну ад тых міфаў, якія існавалі ва Украіне. І пазбавіла нас у тым ліку усіх ад тых міфаў, якія існавалі ў дачыненні да Расійскай Федэрацыі.
— Вы казалі, што жадаючых прыняць удзел у тэрытарыяльнай абароне, запісацца ў яе атрады, аказалася нашмат больш, чым аўтаматаў, чым магчымасцяў увогуле ўсіх забяспечыць і ўсіх прыняць? Гэта значыць, набор абмежаваны?
— Вы маеце рацыю. Часам даходзіць да смешнага: служба ў шэрагах тэраабароны сапраўды перастала быць абавязкам, яна стала прывілеем. І я ведаю шмат выпадкаў, калі людзі былі гатовыя даваць хабары, каб іх узялі ў шэрагі тэрытарыяльнай абароны. Яны гатовыя былі даваць хабары і прасілі: запішыце нас у Нацгвардыю, запішыце нас у кадравыя часткі Узброеных сіл Украіны, у тэрытарыяльную абарону.
Верагодна, тое, што цяпер адбываецца ва Украіне — гэта, быць можа, самыя важныя дні, тыдні і месяцы за ўсю найноўшую гісторыю існавання краіны. І, безумоўна, адчуваць датычнасць да гэтага працэсу, адчуваць уцягнутасць, саўдзел, спалучанасць, адзінства лёсу — гэта, напэўна, тая спакуса, якая аб'ядноўвае ўсіх украінцаў, ад малога да вялікага.
Менавіта таму людзі гатовыя сапраўды даваць хабары за тое, каб проста мець магчымасць рызыкаваць сваім жыццём і абараняць са зброяй у руках сваю радзіму.
Мужчына нясе баявы рыштунак, пакідаючы Польшчу, каб ваяваць ва Украіне, на памежным пераходзе з Польшчай, 2 сакавіка 2022 г. Фота: AP
Мы проста павінны разумець: той момант, усярэдзіне якога мы жывем, — гэта момант, пра які будуць пісаць кнігі, навуковыя даследаванні, падручнікі гісторыі, па якіх будуць вучыцца нашы дзеці і ўнукі у школе. І яны будуць прыходзіць дадому і пытаць сваіх мам, тат, бабуль, дзядуляў: «А як гэта было?»
І нам сапраўды выпала дзіўная магчымасць быць саўдзельнікамі гістарычнага працэсу, самага што ні ёсць галоўнага і маштабнага.
І ён у гэты момант тычыцца не толькі лёсу Украіны, ён з'яўляецца такім пунктам фазавага пераходу, пунктам змены агрэгатнага стану для Еўропы, таго, што мы прывыклі называць заходняй цывілізацыяй. І ў тым ліку, абавязкова для Расійскай Федэрацыі.
І гэтыя працэсы, магчыма, перапішуць ці перазагрузяць велізарную колькасць сацыяльных дамоваў у самых розных асяроддзях грамадства і краінах.