Сяргей Бесараб — былы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі, папулярызатар навукі, аўтар блогу LAB-66.

Бесараб расказаў, што можа адбыцца ў выпадку падрыву аміяку пад Харкавам, а таксама папярэдзіў, што падобная небяспека існуе амаль па ўсёй Украіне.

Ён мяркуе, што больш верагодна не ўжыванне баявых атручвальных рэчываў, а выкарыстанне — свядомае ці выпадковае — «грамадзянскіх» хімічных кампанентаў.

«Па шчырасці, сэнсу ў такой правакацыі — падрыве складоў з аміякам — няма для абодвух войскаў.

Аміяк — гэта газ. І галоўны момант, што цяжка спрагназаваць распаўсюд воблака, як яно будзе рухацца. Змяняецца вецер, розны рэльеф.

Нават калі расійская армія ўзарве гэтыя цыстэрны, то няма гарантыі, што аміякам не накрые іх саміх. Тут не будзе пераможцаў, бо амаль усё залежыць ад надвор’я. Тут галоўнае не падарваць гэтыя рэагенты, а спрагназаваць надвор’е.

А яго ва ўмовах вайны прагназаваць дакладна няпроста, бо калі гараць гарады, ідуць абстрэлы, то яны падвышаюць лакальна тэмпературу. Ідзе пыл, сажа, змяняецца тэмпература, адпаведна змяняецца і надвор’е, могуць быць лакальныя метэаралагічныя анамаліі.

Напрыклад, у тую ноч, калі рускія абстрэльвалі атамную станцыю ў Энергадары, вецер быў накіраваны якраз у бок Расіі. Калі б нешта здарылася, то радыяактыўнае воблака пайшло б менавіта туды. У мяне пры блогу ёсць чат, і ў тую ноч расіяне пачалі вельмі хвалявацца, проста выбух эмоцый. 

Фота: прэс-служба Мінабароны Украіны / AP 

Для ўкраінскай арміі падрываць аміяк увогуле дзіўна. Гэта велізарная рызыка ў першую чаргу, бо такім крокам з вельмі вялікай верагоднасцю проста знішчаць сваіх. Таму яны ніколі не пойдуць на такое, — лічыць навуковец. — 

І я б не казаў, што менавіта Харкаўская вобласць — гэта крыніца аміяку. Аміяк — распаўсюджанае рэчыва. Яго выкарыстоўваюць, напрыклад, у вытворчасці азотных угнаенняў. Згадайце беларускі «Гродна Азот», там аміяк адзін з асноўных рэагентаў. І ва Украіне таксама ёсць такія прадпрыемствы.

Таксама аміяк захоўваецца на камбінатах па вытворчасці малочных прадуктаў. Там яго выкарыстоўваюць у ахалоджванні, і на такіх прадпрыемствах могуць знаходзіцца сотні тон аміяку.

І паглядзіце на абстрэлы ўкраінскіх гарадоў — часта яны проста нейкія хаатычныя. І тут можа проста шалёны, выпадковы снарад трапіць у сховішча аміяку ў любым горадзе, дзе яно ёсць».

Але наколькі небяспечны выбух складоў з аміякам? 

«Калі ў сховішча аміяку трапіць снарад, выбух уздыме ў паветра часціны. Будзе такое воблака з прадуктаў выбуху, з аміяку. Памер можа быць любы: хоць 10 метраў, хоць 50, хоць больш. Гэтае воблака будзе рухаць вецер, яно не асядае: аміяк лягчэйшы за паветра амаль у два разы. Воблака будзе ісці на пэўнай вышыні і рухацца. Можа ісці і «чапляць» людзей, машыны, дамы. Распаўсюд і траекторыя воблака будзе залежыць ад рэльефу, ад будынкаў, ад тэмпературы, — кажа Сяргей Бесараб. — 

Аміяк уздзейнічае на скуру, але асноўныя пашкоджанні атрымаюць вочы, слізістыя і лёгкія. Ён дзейнічае, як шчолач — як сродак «Крот», які мы заліваем у забітыя трубы на кухнях. Аміяк, хоць гэта і газ, будзе абыходзіцца з арганізмам чалавека амаль гэтак жа, раз’ядаць, як кіслата». 

Фота: Марыенка Андрэй / УНІАН

Акрамя аміяку існуюць і іншыя небяспечныя рэчывы, сховішчы якіх могуць быць пашкоджаныя падчас абстрэлаў, адзначае Бесараб. 11 сакавіка расійскія войскі пачалі абстрэльваць Дняпро — а там захоўваецца вельмі небяспечны гептыл.

«Гептыл — гэта ўвогуле старая праблема. Гэта ракетнае паліва, выкарыстоўвалася ў ракетных носьбітах. Гептыл выкарыстоўваецца і на Байкануры, і ў ракетах Ілана Маска. 

І ён вельмі ўстойлівы, яго дастаткова цяжка знішчыць. 

А ў Дняпры ёсць Паўднёвы машынабудаўнічы завод, больш вядомы як «Южмаш» — флагман ракетабудавання. І там гептыл быў звезены для захоўвання і ўтылізацыі, Украіна мусіла да 2020 года з ім разабрацца. Але ці то не было сродкаў, ці то яшчэ нешта, і гептыл там застаўся.

Нават пару гадоў таму мясцовыя скардзіліся на магчымасць уцечак гэтага рэчыву, — кажа Сяргей Бесараб. — На чалавека гептыл уздзейнічае гэтак жа, як і аміяк, але асноўнае яго адрозненне ў тым, што ён вельмі моцны мутаген і канцэраген. Аміяк, калі «зачэпіць», апячэ, то чалавек можа выжыць. А гептыл, акрамя апёкаў, будзе вельмі цяжка выводзіцца з арганізма, ён сапсуе ўсё жыццё чалавеку праз канцэрагеннасць.

 На «Южмашы» захоўваецца недзе 100 тон гептылу. Калі рэчыва выбухне, то на горад Дняпро гэтага дакладна хопіць. Плюс гэта ракетнае паліва, яно будзе згараць. Але гептыл будзе забруджваць таксама глебу і ваду, гэта не аміяк, які за нейкі час размяркуецца ў атмасферы, скажам так. Гептыл жа назапашваецца ў глебе. Ён будзе дзесяцігоддзямі атручваць глебу і гробіць людзей. 

Ёсць такі прынцып вядзення вайны, як «тэхніка выпаленай зямлі», калі хочуць максімальна знішчыць насельніцтва. Як амерыканцы рабілі ў В’етнаме, выкарыстоўваючы дэфаліянты, агент «Оранж», знішчалі расліннасць — і пасля ад гэтых рэчываў яшчэ вялікая колькасць людзей хварэла. Дык вось, гептыл — гэта будзе нешта такое, проста пачварная катастрофа, бо нават калі людзі і выжывуць, то наступствы ад гэтага рэчыва будуць цягнуцца яшчэ доўга, гадамі. Да таго ж, рэчыва будзе распаўсюджвацца і далей, мігрыруючы з вадой, забруджваючы іншыя тэрыторыі».

Фота: AP

Таксама небяспеку ўяўляе хлор. 

«Увогуле, хлор — адно з першых баявых атручвальных рэчываў.

Але ў якасці зброі ён выкарыстоўваўся ў Сірыі, былі такія навіны. Чаму ён небяспечны — гэта газ, але цяжэйшы за паветра, ён не будзе размяркоўвацца ў атмасферы, а будзе асядаць уніз. І будзе вісець доўга. 

Хлор таксама ёсць на хімічных прадпрыемствах. Мне чытачы-ўкраінцы скідвалі інфармацыю, што ў адным з украінскіх гарадоў абстрэльвалі прадпрыемства, на якім стаяць велізарныя ёмістасці з хлорам. Бог абнёс, нічога не разбурылі — але такіх прадпрыемстваў ва Украіне вельмі шмат, асабліва ў заходняй частцы. 

І хлор таксама будзе сур’ёзней за аміяк, — папярэджвае Бесараб. —

Калі ён распаўсюдзіцца — у першую чаргу, гэта будзе ўдар па грамадзянскім насельніцтве. Але пацерпяць таксама і ўкраінскія вайскоўцы, і нават рускія — бо па тых матэрыялах, што я бачу, украінскія салдаты неяк больш падрыхтаваныя, лепш экіпіраваныя.

А расійскія салдаты выглядаюць жахліва, невядома, ці маюць яны хаця б звычайныя процівагазы. І нават калі яны ў расійскіх войскаў ёсць, то мы ж не ведаем, ці падыходзяць там фільтры, ці ўвогуле яны працуюць. Справа ў чым — у некаторых процівагазах у фільтруючых скрынях выкарыстоўваюць рэчыва, якое ўтрымлівае срэбра. І яшчэ ў мірны час я сустракаў навіны, што недзе ў Расіі пакралі тое срэбра з гэтых скрынак. Бо тады ж ніхто не рыхтаваўся ваяваць, тыя скрыні ляжалі спакойна на складах. 

І зараз так можа здарыцца, што расійскія салдаты нават і не ў курсе, што іх процівагазы, магчыма, не працуюць — калі яны ў іх увогуле ёсць, канечне».

Жыхары Столінскага раёна пацвярджаюць факт выбухаў пасля пралёту самалётаў. Украіна: Маем справу з расійскай правакацыяй

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру