Падпалкоўнік Максім Крыштап, намеснік камандуючага 47-га бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка, в/ч 45117, распавёў, што пра будучыя баявыя дзеянні ва Украіне ім давялі ў студзені.

«Пасля гэтага пачаўся падвоз на аэрадром боепрыпасаў, авіяцыйных сродкаў паражэння, паралельна з гэтым мы пачалі трэніроўкі. Афіцыйна гэта праводзілася як падрыхтоўка і ўдзел у сумесных расійска-беларускіх вучэннях.

Баявы загад пра нанясенне ўдараў па тэрыторыі Украіны прыйшоў у частку 23 лютага з 18:00 да 20:00, далей камандзір палка аддаў загад аб нанясенні ўдараў па тэрыторыі Украіны з 24 лютага, — пералічае вайсковец. —

Першы свой баявы вылет выканаў 24 лютага 2022-га па паражэнні жывой сілы праціўніка паўднёвей Балаклеі. Бомбаметанне ажыццяўляў фугаснымі авіяцыйнымі бомбамі агульнай масай тры тоны.

У працэсе выканання задачы зразумеў, што мэтай з’яўляюцца не вайсковыя аб’екты, а жылыя дамы, але злачынны загад я выканаў.

Пасля бамбавання быў збіты сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны. Пасля прызямлення быў узяты ў палон вайскоўцамі з Нацгвардыі Украіны».

Падпалкоўнік папрасіў прабачэння ва ўсяго ўкраінскага народу за тую бяду, што прынёс. Таксама звярнуўся да вайскоўцаў узброеных сілаў РФ, каб тыя неадкладна спынілі выкананне злачынных загадаў і бамбаванне мірных гарадоў.

«Лічу, што гэтую вайну мы прайгралі», — сказаў Крыштап.

Маёр марской авіяцыі Аляксей Галавенскі здзяйсняў разведвальныя вылеты і быў збіты ў небе над Мікалаеўскай вобласцю.

«Маё кіраўніцтва проста адправіла мяне як нажыўку на стопрацэнтную смерць.

І мяркуючы па збітых самалётах ВКС Расіі, аб гэтым [эфектыўнай працы ўкраінскай супрацьпаветранай абароны] не казалі нікому. Cупрацьпаветраная абарона (СПА) на тэрыторыі Украіны працуе выдатна. Навошта нас адпраўляюць як мяса — незразумела», — прамовіў Галавенскі.

Ва Украіне ён ужо сем дзён. Па яго словах, ставяцца да яго нармальна.

«Наша камандаванне, адпраўляючы нас на баявы вылет, не праінфармавала аб тым, што на тэрыторыі Украіны, а менавіта ў Мікалаеўскай вобласці, знаходзяцца сродкі СПА, — сведчыў і капітан марской авіяцыі Аляксей Казлоў. — То-бок заведама паслала на верную смерць. То-бок выкарыстоўвала нас як нажыўку. Палёт на жыўца.

Капітан марской авіяцыі Аляксей Казлоў

Капітан марской авіяцыі Аляксей Казлоў

Хачу звярнуцца да ўзброеных сілаў РФ, лётнаму склада ВКС і ВМФ, не выконвайце злачынных загадаў свайго кіраўніцтва. Выканнане гэтых загадаў вядзе да разбурэння інфраструктуры Украіны, знішчэння гарадоў, сёл. Падумайце, чым раней мы спынім гэтую вайну, тым раней спыніцца гібель мірных жыхароў».

Лётчыкі ВКС заявілі, што гатовыя ўзяць удзел у адбудове разбомбленых гарадоў Украіны.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0