Фота: Reuters.com

Фота: Reuters.com

Ветэрынар Антон Шаменкаў разам з жонкай Ганнай стварылі валанцёрскі праект, каб дапамагаць гадаванцам беларусаў за мяжой. Цяпер пара кансультуе беларусаў і рускамоўных эмігрантаў па ўсім свеце, а таксама ўкраінцаў, якія цяпер са сваімі жывёламі апынуліся ў зонах баявых дзеянняў.

Што зрабіць, каб вывезці жывёлу за мяжу?

У тэлеграм-канале «ВетИнфо» цяпер шмат інфармацыі, як вывезці сваіх гадаванцаў у розныя краіны. Антон распавядае, што неабходна, каб выехаць з Беларусі ў краіны ЕС.

Антон і Ганна Шаменкавы

Антон і Ганна Шаменкавы

«Усё не так складана, як падаецца. Спачатку трэба купіць пашпарт, лепш за ўсё гэта зрабіць у дзяржаўнай ветэрынарнай станцыі. Пасля паставіць чып — гэта капсула, у якой утрымліваецца інфармацыя пра жывёлу, стан яе здароўя. На мяжы счытаюць інфармацыю і занясуць у міжнародную базу, каб іншыя краіны маглі бачыць, якая жывёла да іх заязджае. Далей трэба зрабіць вакцыну ад шаленства, якую абавязкова патрабуюць краіны ЕС. Пасля вакцынацыі неабходна будзе пачакаць 21 дзень каранціну, бо калі паехаць раней, вас проста не пусцяць за мяжу».

Наступны крок — сертыфікат.

«За дзень да выезду за мяжу вам трэба зноў пайсці ў дзяржаўную ветэрынарную станцыю і ўзяць спецыяльны сертыфікат, у якім будзе паказаны бягучы стан здароўя гадаванца.

Ён дзейнічае толькі суткі. Узялі гэтую паперу, і паехалі, нічога складанага няма. Адзіны момант: ЕС патрабуе адну вакцыну ад шаленства, але калі чалавек плануе вярнуцца ў Беларусь, то беларускія памежнікі ўжо спытаюць астатнія вакцыны, якія павінны быць у пашпарце. Часцей за ўсё гэта вакцыны ад чумы, панлейкапеніі, адэнавіруснага грыпу — карацей, вірусных хвароб. У Еўропе іх не патрабуюць, а вось Беларусь — так. Гэта ўсе правілы».

Любая змена месца жыхарства, пераезд у транспарце — вялікі стрэс для жывёлы, адзначае Антон.

«Ёсць спосабы зменшыць гэты стрэс. Часцей за ўсё — гэта прымяненне заспакаяльных лекавых сродкаў. Загадзя трэба схадзіць у ветэрынарную аптэку, сказаць фармацэўту, што вы збіраецеся пераязджаць, і вам выдадуць адмысловыя лекі. Лепш пачаць прыём за пару дзён да выезду, каб жывёла трохі прызвычаілася, супакоілася. Вядома, трэба яшчэ максімальна блізка быць з самім гадаванцам, старацца трымаць яго на руках, размаўляць з ім. Трэба, каб была знаёмая пераноска, у якой ён пастаянна знаходзіцца, калі кудысці едзе з гаспадаром, нейкія коўдры, пледы, — усё павінна быць знаёмае, нічога новага. Гэта стандартныя правілы, якія дазволяць зменшыць стрэс. Але яны не заўсёды дапамагаюць».

Таксама шмат людзей турбуюцца за сваіх гадаванцаў у выпадку пералётаў на самалёце, бо іх могуць адправіць у багажны аддзел.

«Гэта правілы, якія абысці ніяк нельга. У гэтым выпадку можна зноў-такі выкарыстоўваць заспакаяльныя прэпараты, каб жывёла магла перанесці гэтую паездку. Але перадусім удакладніце ў той авіякампаніі, якой паляціце, правілы праезду гадаванцаў, бо ва ўсіх яны розныя. І дзесьці 8 кілаграмаў — гэта дапушчальная вага, каб узяць на борт самалёта, а дзесьці трэба меншая. Варта ўдакладняць, каб не было нечаканасцяў».

«Сабачка ці коцік павінны адчуваць абарону»

Гэта базавыя рэчы, якія можна зрабіць у ідэальным варыянце, калі ёсьць магчымасць падрыхтавацца і спакойна пераехаць, кажа Антон. Але ва Украіне цяпер вайна, людзі ў наймацнейшым стрэсе, адпаведна, цярпяць і іх гадаванцы.

Фота: Reuters.com

Фота: Reuters.com

«Жывёлы абсалютна ўсё пераймаюць ад гаспадароў. Ім пастаянна даводзіцца спускацца ў прытулак ад бамбёжак, гэта моцна ўплывае. Наш канал акурат займаецца дапамогай у такіх выпадках. Людзі звяртаюцца, кажуць, напрыклад, сабака 3-4 дні не еў, толькі п’е, вельмі млявы. Чалавек кажа нам пра нейкія сімптомы, мы разумеем, што нічога страшнага не адбываецца, гэта не хвароба, гэта стрэс, таму супакойваем. І калі чалавек перастане перажываць, то і жывёла таксама супакоіцца».

Цяпер ва Украіне амаль немагчыма купіць лекі для жывёл, бо ветэрынарныя аптэкі не працуюць. Але і тут Антон і Ганна часам могуць дапамагчы.

«Ва Украіне цяпер гуманітарная катастрофа. Ветэрынарныя аптэкі зачыненыя, заакрамы нейкія яшчэ працуюць, але там не заўсёды можна знайсці нешта заспакаяльнае. Таму мы стараемся працаваць з тым, што ёсць. Раім даць гадаванцу нейкія прэпараты, якія людзі выкарыстоўваюць, разлічваем дазіроўку».

Таксама праз пастаянны стрэс жывёла можа быць узбуджанай ці, наадварот, млявай.

«Сабачка ці коцік павінны адчуваць абарону. Так, нешта адбываецца навокал, але вы трымаеце яго на руках, і ён адчувае, што вы можаце яго абараніць. Гэта ў іх на ўзроўні інстынкту, гадаванец павінен супакоіцца.

Цяжка сказаць, як будзе сябе паводзіць гадаванец, калі кожны дзень трэба несціся на злом галавы ў бамбасховішча. Там і людзі не вытрымліваюць. Але калі нічога няма заспакаяльнага, то трэба хаця б быць з ім, не кідаць, трымаць на руках».

Калі вы змаглі выехаць з зоны баявых дзеянняў і ў вашага гадаванца няма ніякіх пашкоджанняў, то ўсё адно ён будзе адчуваць вялікі стрэс. Жывёла можа адмаўляцца ад корму, быць у прыгнечаным ці ўзбуджаным стане, кажа Антон.

«Тут дапаможа толькі час. Але вось рэкамэндацыя.

Людзі пераязджаюць з гадаванцамі з зоны баявых дзеянняў і, часцей за ўсё, мяняюць ім корм. Гэтага лепш не рабіць, бо гэта дадатковы стрэс. Варта ўзяць з сабой нейкую колькасць ежы, якая для гадаванца звыклая.

Калі ніякіх пашкоджанняў няма, то патрэбны проста час. Гаспадар супакоіцца, тады і жывёла супакоіцца. Важна: звыклы корм, пастаянныя зносіны, прагулкі, размовы, і ўсё прыйдзе ў норму. У нейкіх экстраных выпадках адкрыецца нейкая хвароба на фоне стрэсу, тады можна звярнуцца да ветэрынара. Калі ж чалавека трэба зарыентаваць, перш чым ісці да лекара, то можна звяртацца да нас».

Калі вы падабралі жывёлу з вуліцы

Без адмысловай адукацыі будзе цяжка вызначыць, хворая жывёла ці не.

«Мы раім звярнуцца да ветэрынара. Гэта можна зрабіць па месцы жыхарства, можна напісаць нам, і мы зарыентуем. Чалавек раскажа пра гадаванца, і доктар ужо параіць, што трэба рабіць, а што не, дасьць нейкія элементарныя рэкамендацыі, кшталту — купіць шампунь ад блох і памыць сабаку, прыбраць паразітаў, купіць прэпараты ад глістоў. Часцей за ўсё гэта трэба будзе рабіць, калі сабака дваровы».

«Штодзень нам піша каля паўсотні чалавек»

З пачатку вайны зваротаў да Антона і Ганны стала ў некалькі разоў больш, вырасла аўдыторыя канала.

«Штодзень нам піша каля паўсотні чалавек. Мы працуем нон-стоп. Я ўвесь у тэлефоне, пастаянна адказваю. Звяртаюцца часьцей за ўсё з аднымі і тымі ж пытаннямі: якія дакумэнты трэба мець пры сабе на жывёлу, каб выехаць у Польшчу. У нас на канале ёсьць інфармацыя пра розныя краіны. Наконт стану жывёлы таксама ўсё, у прынцыпе, стандартна: на фоне стрэсу ідзе адмова ад корму, адкрываюцца хранічныя хваробы, кроў з носу ідзе ў сабакі, напрыклад, бо пры стрэсе павышаецца ціск. Людзі пытаюцца ў нас, што рабіць. Таксама даём парады тым, хто пераехаў, калі сабачка ці коцік не п’е, не есць».

Антон і Ганна кансультуюць людзей бясплатна, але іх можна падтрымаць тут

«У нас на канале пазначаныя рэквізіты, калі нехта захоча нас фінансава падтрымаць, бо часта даводзіцца ахвяраваць асноўнай працай на карысць вядзення канала, дапамогі людзям. Таксама можна пакінуць ахвяраванне на корм жывёлам. У нас ёсьць інфармацыя на канале ў замацаваных паведамленнях. Калі збіраецца нейкая сума, мы набываем корм і адпраўляем ва Украіну».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0