«З моманту пачатку вайны паміж Расіяй і Украінай многія мяне пыталіся — чаму я не выказваюся? Чаму я маўчу?» — напісаў Face (Іван Дромін) у сябе ў Інстаграме.

«Я хачу расказаць вам аб тым, што адбывалася са мной у апошнія два тыдні.

Мой адказ просты — я быў у шоку, я проста здранцьвеў, ды я да гэтага часу не магу паверыць у тое, што гэта здарылася і працягваецца проста цяпер.

У тое, што ў гэта ўцягнутая мая краіна, у тое, што людзі з якімі я сябраваў, гэта «разумеюць», а некаторыя нават ухваляюць. Людзі, з якімі я жыў па суседстве, з кім я хадзіў у адну краму.

(…)

Хто вінаваты, што гэта здарылася?

Я хачу, каб вы ведалі маё меркаванне.

«Па-першае, вінавата расійская дзяржава. Я ведаю, што гэта за людзі. Амаль сем гадоў я змагаўся з уладай за выжыванне майго музычнага праекта ва ўласнай краіне. Я прайграў, прайграў бітву, але не вайну. Гэтыя людзі так і не змаглі сказаць мне ў вочы, што я іх вораг. Яны называюць сябе носьбітамі рускага духу, але яны баязліўцы, набітыя замежнымі банкнотамі. Яны займаюцца валтузнёй за тваёй спіной, устаўляючы табе палкі ў колы, пагражаюць арганізатарам і пляцоўкам, а потым кажуць у СМІ, што хлус гэта ты. Я музыка, я проста спрабаваў рабіць музыку і яе выконваць, але нават гэта ў сучаснай Расіі практычна немагчыма, не азіраючыся штодня па баках.

Вінаваціць варта вялікую частку нашага народа. Тых людзей, якія не думаюць уласнай галавой. Тых людзей, хто цяпер радуецца літары «Z».

Бачыў бы вас усіх мой прадзед, які прайшоў усю вайну да Берліна і быў узнагароджаны Ордэнам Суворава. Калі б ён ведаў, што праз 75 гадоў вы з гонарам прыдумаеце сабе ўласную свастыку і будзеце лічыць сябе вызваліцелямі Еўропы, вераломна напаўшы раніцай на братэрскую краіну, якая ў 28,5 раза меншая нашай па тэрыторыі, то ён бы хутчэй застрэліўся, чым працягнуў за вас ваяваць.

Каго варта вінаваціць яшчэ?

Мяне, усю інтэлігенцыю, ўсе галасы пакалення, усіх музыкаў. За тое, што кожны з нас быў недастаткова смелым. За тое, што мы маглі зрабіць больш, але пабаяліся або паленаваліся. За тое, што ўсвядомілі рэальнасць занадта позна.

Напрыканцы я хачу пазначыць тры рэчы.

Першая рэч: я заклікаю нашу дзяржаву і армію задумацца і спыніць разбурэнне гарадоў і жыццяў на тэрыторыі братняга народа.

Другая рэч: я прашу прабачэння ва ўсяго ўкраінскага народа, за тыя пакуты, якія прычыніла вам наша краіна. Я прашу прабачэння, за нашу дзяржаву, за самога сябе, за нашых людзей, таму што хтосьці павінен гэта зрабіць, і так ужо выйшла, што гэтая нялёгкая доля заўсёды прыпадае на такіх як я, таму што ў сапраўднага зла ніколі не хопіць смеласці прызнацца нават самім сабе ва ўласных злачынствах.

І трэцяя рэч, якая тычыцца канкрэтна мяне і маёй кар'еры

Мяне, як расійскага артыста, цяпер практычна не існуе, як грамадзяніна таксама. Я больш не збіраюся плаціць падаткі ў Расіі, я з'ехаў, і больш не прыеду ў Расію, я больш не буду даваць канцэрты ў Расіі.

Чаму? Бо мяне і маіх блізкіх выжылі, выжылі з уласнага дома, з уласнай зямлі, выжыла ваша дзяржава, якую я канчаткова адмаўляюся прызнаваць маёй з гэтай секунды, і выжыў наш народ, якому абсалютна *** на ўсё, пакуль хапае грошай на бутэрброд з маслам.

Калі-небудзь, Расія стане годнай дзяржавай, з людзьмі, у якіх сучасны і разумны менталітэт, але сёння гэта, на жаль, не так. Я спадзяюся калі-небудзь зноў убачыць сваю сям'ю, убачыць сваю аўдыторыю, праспяваць на рускай мове для свайго народа. І я веру, што гэта адбудзецца. Бо падабаецца вам усім гэта ці не, але будучыня Расіі за такімі, як я, а не за такімі, як вы. Будучыня Расіі гэта людзі, у якіх у руках пэндзлі і мікрафоны, а не аўтаматы з гранатамі. Будучыня Расіі — гэта думка і свабода. Будучыня Расіі — гэта мы. Не вайне. Свабоду Украіне. Свабоду Палітвязням», — напісаў Face.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0