Падчас апытання, што правялі 3—7 сакавіка, пасля ўвядзення самых жорсткіх пакетаў санкцый, еўрапейскіх грамадзян пыталіся пра тое, ці падтрымліваюць асабіста яны эканамічны ціск, уведзены Захадам супраць Расіі.

Самай нізкай сярод апытаных дзяржаў аказалася падтрымка антырасійскіх эканамічных санкцый у Францыі, але і яна з'яўляецца вельмі высокай. 72% французаў падтрымліваюць жорсткі санкцыйны ціск (з іх 48% «безумоўна», 24% «хутчэй» падтрымліваюць). Толькі 7% «наогул не падтрымліваюць» і 9% «хутчэй не падтрымліваюць» уведзеныя санкцыі, 12% не вызначыліся.

У Германіі і Італіі падтрымка санкцыі значна вышэйшая — па 80% заявілі адносна падтрымкі (57% за безумоўную падтрымку).

У Польшчы падтрымка ціску на РФ з'яўляецца абсалютнай — 91% за, 79% безумоўна за.

У экстрапаляцыі на ўсё насельніцтва Еўрасаюза даследаванне прагназуе 79% падтрымкі.

Ва ўсіх апытаных краінах ёсць таксама падтрымка пастаўкі вайсковага абсталявання ва Украіну. У Францыі гаворка ідзе пра 65% прыхільнікаў, 20% праціўнікаў і значную частку (15%) нявызначаных. У Германіі 66% падтрымліваюць пастаўкі зброі, 28% супраць. У Італіі падтрымка найменшая, але таксама адносна высокая — 57% за 35% супраць.

У Польшчы падтрымка паставак зброі з'яўляецца абсалютнай — 91% за, толькі 5% супраць.

Даследаванне сумесна правялі французскі Фонд Жана Жарэса (аўтарытэтная арганізацыя, набліжаная да Сацпартыі) і ўкраінская Ялцінская еўрапейская стратэгія (Yalta European Strategy, YES). У тэрмін з 3 па 7 сакавіка па іх замове сацыялагічныя кампаніі апыталі больш за 4000 чалавек па рэпрэзентатыўных выбарках, якія прадстаўляюць насельніцтва Германіі, Францыі, Італіі і Польшчы, старэйшае за 18 гадоў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0