У выніку ракетнага абстрэлу вайсковага палігона ў Явараве паблізу Львова загінулі дзевяць чалавек, параненыя 57. Усім параненым аказваецца дапамога, частка дастаўленая ў львоўскія бальніцы.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў кіраўнік Львоўскай вобласці Максім Казіцкі, а таксама мэр Львова Андрэй Садовы.

Пасля ўдакладнення звестак колькасць ахвяраў значна ўзрасла: сталі паведамляць ужо пра 35 забітых і 135 параненых.

Паводле новых звестак, Расія выпусціла па палігоне каля 30 ракет. Раней паведамлялася пра восем. Некаторыя ракеты былі збітыя сродкамі ўкраінскай СПА.

Самалёты, з якіх пускаліся ракеты, вылецелі з расійскага Саратава ў акваторыю Чорнага мора. Непасрэдна на Львоўшчыну ракеты паляцелі адтуль.

«Гэта тэрарыстычная атака на свет і бяспеку на мяжы з ЕС і НАТА», — так пасля авіяўдару па Явароўскім палігоне выказаўся міністр абароны Аляксей Рэзнікаў, у чарговы раз заклікаўшы краіны НАТА закрыць неба над Украінай.

Тым больш што гэтая атака мала таго што здзейсненая на аб'ект у непасрэднай блізкасці, усяго за дзясятак кіламетраў ад межаў НАТА. На Явараўскім палігоне працавалі замежныя вайсковыя інструктары.

Палігон выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі ўкраінскага ваеннага кантынгенту пры ўдзеле партнёраў з НАТА ў рамках праграмы «Партнёрства ў імя міру». У пачатку лютага вучэнні ў Яварове праходзілі пад наглядам інструктараў з ЗША.

Увогуле Львоў — адзін з галоўных пунктаў ва Украіне, праз які ажыццяўляецца дастаўка гуманітарнай і ваеннай дапамогі з боку НАТА.

Чытайце таксама:

Расія сёння зранку ўдарыла ракетамі па Заходняй Украіне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0