Дзе цяпер знаходзіцца кум расійскага прэзідэнта Медвядчук —невядома, ён уцёк з-пад хатняга арышту ў першыя дні вайны. Яго жонка Аксана Марчанка, мяркуючы па апошнім апублікаваным ёю відэа, цяпер у Маскве.

Станцыя «Далёкая»

На чыгуначным пероне ёсць рэйкі, лаўкі для чакання і нават гадзіннік і ліхтары. Над перонам вісіць назва станцыі — «Далёкая».

На рэйках стаіць сіні вагон-рэстаран з надпісам загалоўнымі залатымі літарамі — Pullman. Гэта назва кампаніі, якая вырабляе люксавыя аўтамабілі і чыгуначныя вагоны. Такія вагоны-рэстараны Pullman былі папулярныя ў мінулым стагоддзі, калі заможныя еўрапейцы падарожнічалі па чыгунцы.

Спачатку журналісты падумалі, што сям'я Медведчукоў замовіла гэты вагон у кампаніі Pullman, і праверылі цану на яго — люксавыя вагоны пад заказ каштуюць да $2,5 мільёна даляраў. Пазней стала вядома, што вагон быў зроблены рукамі сотні ўкраінскіх майстроў, дызайнеры проста «пазычылі» эскізы ў люксавай маркі.

Актывіст Пётр, які праводзіць экскурсію па тэрыторыі маёнтка Медведчука, адкрывае дзверы вагона і просіць надзець бахілы, каб не запэцкаць дарагія дываны на падлозе. 

Унутры разбягаюцца вочы ад колькасці пазалоты, пунсовага аксаміту і белых абрусаў. Гэта больш падобна на музей, чым на вагон.

У цягніку ёсць асноўная зала на 40 чалавек, а таксама некалькі асобных пакояў: кухня, віп-купэ і туалет. Ля ўваходу стаіць барная стойка. На некалькіх шклянках бачны пазалочаны герб Расійскай Федэрацыі.

Злева ля барнай стойкі стаіць настольная лямпа. Гэта эксклюзіўны выраб ад французскага брэнда Bronze D'art Français, мадэль называецца «Напалеон lll». Ножка зробленая з зялёнага мармуру, а ўпрыгожванне выкананае з чыстага золата. Гэтая лямпа каштуе больш за 100 тысяч грыўняў ($3400), але гэта кошт без абажура.

Справа на бары стаіць кавамашына. Гэта таксама італьянскі люксавы брэнд Elektra. Базавая мадэль такога тыпу кававаркі каштуе ад 220 тысяч грыўняў ($7500). Аднак гэтую мадэль, верагодна, рабілі спецыяльна па замове Медведчукоў — яна ўпрыгожаная бронзавымі малюнкамі і іншымі элементамі дэкору. Такім чынам, рэальны кошт кавамашыны можа быць значна большым.

У вагоне мэбля ўпрыгожаная аксамітам, іншымі дарагімі тканінамі, а ўключаюцца свяцільнікі ад націску на сэнсарныя кнопкі. Над галавой — вітражы.

Залаты самавар?

У куце вагона стаіць нешта падобнае на рускі самавар. Некаторыя элементы выглядаюць, як пазалота.

Каля самавара — уваход у віп-купэ. Яно падобнае на традыцыйныя купэ цягнікоў «Укрзалізниці», толькі значна больш раскошнае. Пры націску на драўляную панэль са стала выязджае тэлевізар.

У туалеце таксама шмат залатых элементаў — як на самім унітазе, так і на кнопках зліву вады і нават на шлангу для бідэ.

Завяршаецца экскурсія па гэтым вагоне раскошы і безгустоўшчыны на невялікай кухні. Шафы і паліцы застаўленыя сталовымі наборамі ад французскага люксавага брэнда Cristofle Paris. Толькі куфар для захоўвання срэбраных відэльцаў, лыжак і нажоў каштуе 14 тысяч грыўняў ($480).

Кожны срэбраны відэлец і лыжка гэтага брэнда каштуе ад трох да дзевяці тысяч грыўняў ($100-300). У кухонных шафах дзясяткі скрынак з наборамі срэбраных сталовых прыбораў ад гэтага брэнда. Такім чынам, іх агульны кошт у гэтым вагоне-рэстаране можа дасягаць сотні тысяч грыўняў.

Падарунак ад жонкі, якая кахае

У журналістаў «Следства.Інфо» атрымалася знайсці чалавека, датычнага да стварэння гэтага вагона-рэстарана. Па словах мужчыны, гэты вагон Медведчуку падарыла яго жонка Аксана Марчанка на мінулы дзень нараджэння.

«Праца працягвалася каля года. Дызайнеры скапіявалі гэты вагон з эскізаў некалькіх вагонаў Pullman, Аксана Марчанка зацвердзіла праект, і ўсё збіралася ўручную. Было прыцягнута больш за сотню работнікаў. Адна фірма вырабляла дах, іншая —бакавыя панэлі, трэцяя займалася аздабленнем», — распавядае будаўнік Аляксей.

Па яго словах, пад вагонам пабудавалі вялікую кухню і памяшканні для захоўвання прадуктаў.

«Усе будаўнікі здавалі працу Аксане Марчанка 1 жніўня 2021, за шэсць дзён да дня нараджэння Медведчука — гэта яму быў падарунак ад жонкі. Дапускаю, што такія працы каштуюць сотні тысяч даляраў, але дакладнай сумы не ведаю», — зазначае будаўнік Аляксей.

Цяжка падлічыць дакладны кошт вагона, але аб ім можа сведчыць адзін цікавы элемент. На вагоне ёсць некалькі жалезных эмблем Compagnie Internationale des Wagons-Lits, якія ўсталёўвалі на такога тыпу вагоны Pullman. Мы знайшлі арыгінальную дэталь гэтай эмблемы на Ebay — яна каштуе амаль два мільёны грыўняў ($68 000).

Так што толькі на эмблемы для вагона Медведчукі выдаткавалі мільёны грыўняў, калі, вядома, гэта не падробкі, зробленыя украінскімі ўмельцамі па замове Аксаны Марчанкі.

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
3